Стрыжак паўгода не піў алкаголю і падзяліўся высновамі
Кіраўнік фонду «Байсол» Андрэй Стрыжак расказаў, што шэсць месяцаў зусім не ўжываў алкаголю. Ён апісаў свой досвед і зрабіў некалькі высноваў з гэтага перыяду.
28.04.2024 / 19:46
Андрэй Стрыжак. Фота: «Наша Ніва»
Стрыжак прыводзіць у фэйсбуку некалькі пунктаў:
«1. Без алкаголю жыццё лепшае
Я думаю, што тут мяне больш за ўсё зразумеюць аўтамабілісты. Без машыны цалкам сабе можна жыць — ты можаш карыстацца грамадскім транспартам, альбо таксі, ці ездзіць роварам, ці хадзіць пешшу. Але ж з машынай ты можаш больш. Тое ж самае і з бухлом — без яго ты можаш больш. Раней і спакайней прачынацца, не адчуваць галаўной болі, не праё**аць дэдлайны, роўна і моцна працаваць, мець больш моцы арганізма на розныя прыемныя штукі, хутчэй думаць і прымаць рашэнні.
2. Без алкаголю жыццё складанейшае
У шматлікіх выпадках алкаголь — выдатная сацыяльная змазка, якая дазваляе вам сумных і нудных людзей навокал зрабіць вясёлымі, цікавымі і прывабнымі ў камунікацыі. Калі вы не п’яце, то вельмі хутка кола сяброў, з якімі вы бавілі час за келіхам/куфалем, паступова знікае з вашага жыцця.
Жыць без кола зносінаў можна, але ж складана. Яшчэ складаней падтрымліваць цікавасць і ўдзел у кампаніі якая п’е. Стамляешся і нудзішся і стараешся пазбягаць такіх кампаній.
3. Без алкаголю ты робішся здаравейшым і прывабнейшым
З лістапада 2023 па канец красавіка 2024 я скінуў 14 кілаграмаў. Стаў вельмі шмат хадзіць, даўжэй спаць, нармалізаваў дыету і ціск. Львіная доля гэтых зменаў — адмова ад алкаголю, перакройванне прынцыпаў харчавання і падвышэнне рухавай актыўнасці.
Эфект мне падабаецца і хочацца рабіць больш і лепш, бо бачны сэнс і вынік. І самае галоўнае — без алкаголю ты робішся больш псіхічна ўстойлівым, працуеш думкай, як скальпелем. Хутка, дакладна, слушна.
4. Ці можа быць алкаголь не перашкодай, а магчымасцю
Ну і вось мы падыйшлі да галоўнага пытання, чаму ж, негледзячы на ўсе перавагі, я ўсё-ткі адзначаю свае паўгода не безалкагольным напоем. Я ў сваім жыцці паспрабаваў добра піць і не піць цалкам — першы варыянт мяне зусім не задавальняе, другі цалкам магчымы да выканання і працоўны.
Хачу паспрабаваць трэці — жыць здаровым глуздам і здаровымі ж абмежаваннямі, але ж без забароны на прыемнае. Баланс і гармонія ўнутры чалавека спараджаюць баланс і гармонію вакол яго. Каб атрымаць задавальненне ад таго, што табе падабаецца, ты павінны абмяжоўваць сябе і гэта дазволіць табе насалоджвацца момантам.
Бачу, што жыць трэба так, каб было менш, але лепш. Каб было дастаткова, але не занадта шмат. Не газаваць, але рухацца хутка. Абмяжоўваць сябе не дзеля забароны, а дзеля яшчэ большай асалоды ад прыемнага, што маеш у гэтым жыцці.
Не забараняй, але будзь адказным у сваім выбары і ягоных наступствах».