Кіраўнік беларускага МЗС: У Літвы рыльца ў пуху
Рэакцыя Літвы на інфармацыю КДБ Беларусі аб перадухіленні нападу дронаў з літоўскай тэрыторыі на Мінск сведчыць аб тым, што ў Вільні «рыльца ў пуху», лічыць міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік.
05.05.2024 / 09:16
Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік
Кіраўнік КДБ Беларусі Іван Церцель у красавіку заявіў, што сілавыя структуры рэспублікі нібыта здолелі перадухіліць удары баявых дронаў па Мінску і яго прыгарадах з тэрыторыі Літвы.
У Літве назвалі гэта трызненнем. МЗС Літвы выказала пратэст часоваму паверанаму ў справах Беларусі і заявіла, што абвінавачанні «не маюць нічога агульнага з рэальнасцю», запатрабавала, каб «МЗС Беларусі неадкладна абверг гэтую дэзынфармацыю».
«Нам здаецца, што такая эмацыйная рэакцыя МЗС Літвы грунтуецца на тым, што рыльца іх у пуху, і аб гэтым сведчаць факты падрыхтоўкі і фінансавання каляваенных, ваенізаваных фарміраванняў на тэрыторыі Літвы», — сказаў Алейнік у інтэрвʼю РИА Новости.
Ён сказаў, што «старшыня КДБ гаварыў аб тым, што ўдалося перадухіліць нанясенне ўдараў дронамі з тэрыторыі Літвы, а не аб тым, што Літва збіраецца атакаваць Рэспубліку Беларусь дронамі».
Алейнік заявіў, што Літва фінансуе падрыхтоўку калявайсковых фармаванняў для звяржэння ўлады ў Беларусі.
«Інфармацыя, якой мы валодаем, якую мы давялі ў тым ліку па дыпламатычных каналах, сведчыць аб тым, што літоўскія ўлады не проста патураюць, яны фактычна падтрымліваюць і фінансуюць падрыхтоўку калявайсковых фармаванняў, якія ставяць за мэту звяржэнне законнай улады на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і выкарыстанне тэрарыстычных, экстрэмісцкіх відаў дзейнасці ў адносінах да нашай краіны», — сказаў Алейнік.
СБУ патлумачыла лукашыстам, дзе героі, а дзе тэрарысты
У Кіеве пачалі эвакуацыю дзвюх бальніц з-за выказвання Церцеля
У Расіі пракаментавалі заяву КДБ наконт літоўскай атакі баявымі дронамі па Мінску
Церцель заявіў, што КДБ прадухіліў удары літоўскіх беспілотнікаў па Мінску