Церцель заявіў, што КДБ прадухіліў удары літоўскіх беспілотнікаў па Мінску
«А таксама планаваліся тэракты ў Ашмянскім, Смаргонскім і Браслаўскім раёнах», — заявіў шэф КДБ.
Беларускія спецслужбы прадухілілі ўдары беспілотнікаў з тэрыторыі Літвы па аб'ектах у Мінску, заявіў кіраўнік КДБ Іван Церцель на пасяджэнні УНС у чацвер.
«У Літве і Польшчы радыкалы вырабляюць баявыя дроны для нанясення ўдараў па крытычна важных аб'ектах на тэрыторыі Беларусі», — заявіў ён.
«Суседняя Літва стала месцам базавання Віленскай харугвы», дзе пад кіраўніцтвам «радыкалаў» і «ў непасрэдным кантакце з літоўскім парамілітарным фарміраваннем «Клуб стралкоў» распрацоўваюць планы па заходзе для здзяйснення тэрактаў на тэрыторыю прылеглых да Літвы Ашмянскага, Смаргонскага і Браслаўскага раёнаў, перакідцы і арганізацыі ў Беларусі схованак са зброяй, выбуховымі рэчывамі і іншымі сродкамі», — сказаў Іван Церцель.
Па словах Церцеля, КДБ у супрацы з калегамі з іншых структур апошнім часам правеў шэраг мерапрыемстваў, які «дазволіў прадухіліць нанясенне ўдараў баявымі дронамі з тэрыторыі Літвы па аб'ектах у Мінску і яго прыгарадах».
«Дэталёвую інфармацыю агучваць грамадскасці пакуль не ўяўляецца магчымым», — дадаў Церцель.
Каментары