Як у эфіры афганскай службы Радыё Свабода некалькі месяцаў рэгулярна гучаў паланэз Агінскага
Аляксандр Лукашук узначальваў Беларускую службу «Радыё Свабода» з 1998 да 2023 — гэта рэкордны тэрмін у гісторыі амерыканскага замежнага вяшчання. Пры ім змянілася восем дырэктараў Расійскай службы, шэсць — Украінскай, паўтара тузіна прэзідэнтаў радыё. БАЖ выбраў з кнігі ўспамінаў «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» ўрыўкі пра афганскі перыяд жыцця спадара Лукашука і ягоны досвед галоўнага рэдактара карпарацыі з 25 рэдакцый.
15.05.2024 / 08:49
Кніга «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» выходзіць сёлета ў выдавецтве «Вясна». Прэзентацыі плануюцца ў Варшаве, Вільні, Празе. Ва ўспамінах аўтар расказвае, як стваралася Свабода, што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і ім самім.
Паланэз для Афганістана
Найсмачнейшы хлеб, які я каштаваў, — гэта нан. У Кабуле яго пякуць і прадаюць на вуліцы, здалёк ён выглядае як бялізна, вывешаная на балконе, застаецца смачным тыдзень, добра пераносіць пералёты — і я сам купляў, і калегі-афганцы прывозілі даўгія авальныя ляпёхі мне ў Прагу, і смак я памятаю, калі пішу гэтае слова — на-ан.
Афганістан для мяне пачаўся са службовай неабходнасці: нечакана звольніўся дырэктар Афганскай службы, патрэбная замена. З наступнага тыдня.
Я ўжо пісаў, што ніколі не бываў у Азіі, не быў знаёмы з культурай і гісторыяй гэтай краіны. Нешта, канечне, ведаў — ад Рэд’ярда Кіплінга, з яго пранізлівай баладай пра Кабульскі брод, ад Святланы Алексіевіч, з яе «Цынкавымі хлопчыкамі». Ну і, вядома, нікога не абмінула няспынная лавіна навінаў пасля таго, як Бэн Ладэн учыніў тэрарыстычны напад на Амерыку, і ў выніку ўлада «Талібана» была змеценая сіламі міжнароднай кааліцыі, здавалася, назаўсёды.
У 2002 годзе «Радыё Свабода» загаварыла на пушту і на дары (дзве дзяржаўныя мовы Афганістана) — «Радыё Азады» загучала ў гарах Гіндукуша.
— Часова, на месяц, пакуль не знойдзем сталага дырэктара, — сказала начальства.
На той момант я кіраваў Беларускай службай ужо пяць гадоў: нам удалося павялічыць эфір удвая, рэдакцыя працавала ў тры змены. Усё кіпела, новыя праекты, праграмы, фарматы — далібог, нават на выходныя не было як сыходзіць, а тут аж на месяц.
Гэтая размова была ў кастрычніку 2004 года. У Беларускую рэдакцыю я вярнуўся на пачатку 2006-га.
Афганская мова, якой няма
Афганская рэдакцыя складалася з дзвюх частак: палова вяшчання, шэсць гадзінаў, была на пушту, другая палова на дары. Гэта дзве асноўныя мовы краіны, якую насяляе мноства народнасцяў і нацыянальных групаў. Але як усе, хто сутыкаўся з афганскай рэальнасцю, ведаюць: яе немагчыма апісаць часткамі і паловамі.
Праграма званкоў у рэдакцыю ішла ў жывым эфіры на дзвюх мовах адразу, навіны чыталіся па чарзе, і я хацеў бы напісаць, што ўсе журналісты валодалі абедзвюма мовамі (што праўда) — але варыянтаў, які выраз, слова больш правільныя, было столькі, колькі саміх журналістаў.
Я думаў, што ўжо большых спрэчак пра мову, чым у Беларускай рэдакцыі, не бывае, — а тут вось табе маеш.
Як ведаюць усе беларусы, моўныя дыскусіі вельмі хутка даходзяць да кіпення — бо мова гэта чалавек, і крыўдна, калі нехта кажа, што твой нос не з таго месца расце, а спіна павінна быць з мяккім знакам. У першы ж тыдзень да мяне прыйшлі дзве групы з патрабаваннем вырашыць, хто мае рацыю, якое слова ўжываць. Гаворка ішла пра нейкія важныя навіны, і быў пашыраны тэрмін на дары і адпаведнік на пушту, але першы — гэта падступны ўплыў фарсі, замах Ірана на афганскія межы, а другі — незалежны, але вузкарэгіянальны і малазразумелы.
Хоць я і не ведаў ніводнай з моваў, але праблема была настолькі знаёмая, што развязаць яе не складала ніякай цяжкасці. Бо развязваць трэба было не моўнае пытанне, а пытанне менеджменту, патрабавалася ясная іерархія прыняцця рашэнняў.
Я папрасіў аднаго са старэйшых калегаў, аўтарытэтнага гісторыка, стаць моўным дырэктарам службы — і так мы знайшлі агульную афганскую мову, якой, як вядома, няма.
Я тады не ведаў яшчэ, што па-персідску слова «афган» азначае «маўчанне», з цюркскіх моваў «афган» перакладаюць як «той, хто схаваўся, сышоў».
Афганскае надвор’е, ад якога мову заняло
Прафесійная мова любога радыё аднолькавая: яе рытм вызначае праграмны гадзіннік. У Беларускай службе мы распрацавалі ажно тры: на раніцу, на вечар і для «Начной Свабоды», свае варыянты былі на выходныя, асобныя фарматы ўжываліся для вялікіх падзеяў. Афганская служба была маладая, праца ішла ў жывым эфіры, з колаў, карэспандэнты перадавалі з трох дзясяткаў правінцыяў, падзеі віравалі, і асноўнай задачай было не сарваць эфір.
— Да мяне нешта падкацілася — гэта галава!
Калі чуеш такое падчас жывой трансляцыі ад карэспандэнткі з далёкай правінцыі, дзе толькі што адбыўся выбух, загінуў губернатар, а яна была побач, фармальныя рамкі эфіру трацяць сэнс.
Але выбухі тады, у 2005‑м, здараліся нашмат радзей, чым цяпер, настрой грамадства пасля рэпрэсіўнага талібанскага рэжыму быў эйфарычны, пасля першых прэзідэнцкіх выбараў рыхтаваліся першыя парламэнцкія, і рэпартажы пра аднаўленне краіны, круглыя сталы пра свабоду для жанчын, адукацыю для дзяцей, дэмакратычныя законы і да таго падобныя навіны можна і трэба было ўпарадкаваць. Што мы і зрабілі, увёўшы праграмныя гадзіннікі: спачатку пазыўныя, потым білборд, затым выпуск навінаў, пасля пашыраны білборд з прагнозам надвор’я, затым першы рэпартаж, аналітыка і гэтак далей.
Беларускі досвед быў узорам — часам аж зашмат. Патрабавалася нейкая музычная застаўка, для перадачы пра афганцаў замежжа, як узор я даў паслухаць «Развітанне з Радзімай» — і неўзабаве паланэз Агінскага загучаў у афганскіх дамах і паходных намётах.
Больш траўматычна атрымалася з прагнозам надвор’я — раней яго не рабілі, я падказаў некалькі сайтаў, адкуль браць інфармацыю. Праз тыдзень працы па-новаму паклікаў мадэратараў, каб праверыць, як дапільноўваюць фармат. Здаецца, усё як мае быць: сігнал, навіны, прагноз. Пытаюся, з якой крыніцы бралі прагноз надвор’я.
— Учорашні мадэратар даў.
Пытаюся ва ўчорашняга, дзе браў ён, — аказваецца, у папярэдняга.
Выявілася, яны чытаюць прагноз ад самага першага выпуску адзін той самы, ужо другі тыдзень.
У мяне мову заняло.
— Аляксандр-джан, — мякка кажа мадэратар, — у Афганістане надвор’е не мяняецца паўгода. Гэты прагноз у нас да лета.
Трэба было ляцець у Кабул.
Афганская гасціннасць, якая не зважае на імёны
Маё імя ў пашпарце ў англійскай транскрыпцыі пішацца «Aliaksandar». Малады памежнік у кабульскім аэрапорце глядзеў і так, і гэтак, а потым спытаўся, як мяне завуць.
Я сказаў, а потым дадаў:
— Скарочана — Алі.
— Салям алейкум, Алі-джан, калі ласка, праходзьце!
(Потым я быў у Вашынгтоне, там таксама доўга разглядалі дзіўную транслітарацыю, а потым цвёрда сказалі: хадземце.)
Ужо вярнуўшыся з Кабула, я ўведаў, што мяне спрабавалі вярнуць з паўдарогі: пагоршылася сітуацыя, талібы ўзялі ў закладнікі журналіста аднаго з інфармагенцтваў, свабода руху была абмежаваная — але на перасадцы ў Дубаі мяне не знайшлі, а калі самалёт праслізнуў паміж гор і пайшоў на пасадку ў кабульскім аэрапорце, дзе паабапал паласы ржавелі савецкія грузавікі, тырчала танкавае дула, было позна.
Мясцовыя калегі, бясстрашныя журналісты, працавалі як звычайна, для іх гэта быў нармальны час, звыклыя ўмовы. Магчыма, я крыху перашкаджаў, бо мусіў хадзіць у суправаджэнні двух аўтаматчыкаў. Пасля абавязковых візітаў і піцця гарбаты з міністрамі, дыпламатамі, генераламі я папрасіў узяць мяне на нейкі рэпартаж, і без аховы.
Але ў горы нельга, на канферэнцыю ААН ці іншыя пасяджэнні я не хацеў, і ў выніку пагадзіліся на кампраміс: едзем на базар рабіць апытанне.
Радыёжурналістаў звычайна, мякка кажучы, на вуліцах не пазнаюць. Але тое, як рэагавалі гандляры на пытанне ад «Радыё Азады», стварала ўражанне, што гэта тэлебачанне. Клікалі суседзяў, абвяшчалі ўголас, частавалі гарбатай, садавіной, арэхамі. Ля аднаго прылаўка я на свае вушы пачуў паланэз Агінскага.
Я не мог надзівіцца і нарадавацца, якой пашанай і павагай карысталася «Радыё Азады», і адчуваў сябе проста як сярод сяброў. Ці не палова гандляроў, з якімі я знаёміўся, ведалі пару словаў па-расійску, што, праўду сказаць, трохі напружвала. Ясна чаму.
Але аўтаматчыкі, як высветлілася, таксама ўвесь час хадзілі за намі.
— Нямецкага журналіста з Reuters выкралі якраз на рынку, — патлумачыў потым загадчык бюро. І дадаў: — Ён з турэцкай сям’і, звалі Алі.
Пакуль я працаваў у Афганскай службе, ніхто з нашых журналістаў не загінуў. Але час змяніўся. У 2018 годзе ў Кабуле загінулі адразу трое калегаў. Адразу пасля выбуху ў цэнтры горада яны кінуліся на месца тэракту, каб зрабіць фота і першымі перадаць рэпартаж, калі на тым самым месцы грымнуў другі выбух — талібы ўскладнілі тактыку.
Але праграма ў той дзень выйшла ў эфір строга паводле раскладу, згодна з фарматам.
Афганскія рэкорды, якія не перакладаюцца на беларускую
Лідарам замежнага вяшчання ў Афганістане, узорам прафесійнай журналістыкі была карпарацыя Бі-Бі-Сі, якая вяшчала на дары і пушту больш за паўстагоддзя. Якраз калі я перайшоў з беларускай у афганскую рэдакцыю, з’явіліся вынікі першага масавага даследавання аўдыторыі СМІ, якое рабіў міжнародны сацыялагічны кансорцыум, і там фігуравала Бі-Бі-Сі — 69% аўдыторыі, фантастычны паказнік. На другім месцы было наша Радыё Свабодны Афганістан — 62%, таксама надзвычайна, затым са значным адрывам, але двухзначнымі лічбамі ішлі іншыя замежныя станцыі.
Такая шалёная папулярнасць радыё тлумачылася мясцовымі ўмовамі: адбываліся тэктанічныя змены, запыт на інфармацыю быў надзвычайны. Аднак большасць насельніцтва непісьменная, газет мала, тэлебачанне з’явілася, але на дызельных генератарах тэлевізар доўга не паглядзіш, а лініі электраперадач узрывалі і савецкія войскі, і маджахеды, а талібы не надта аднаўлялі.
На адной з першых нарадаў у рэдакцыі я легкадумна спытаўся, калі мы дагонім Бі-Бі-Сі. У адказ было ветлівае маўчанне, а потым адзін з маладзейшых калегаў сказаў, што ніколі. У Бі-Бі-Сі былі лепшыя кадры, рэпутацыя, рэсурсы, нашмат болей перадатчыкаў.
Пасля першага месяца быў другі, потым наступныя — не паспеў я апамятацца, як ізноў была восень, новыя выбары, у парламент. Такую асалоду ад працы я атрымліваў хіба толькі ў час перабудовы: здавалася, нашы перадачы слухалі ўсе, ад качэўнікаў да прэзідэнта Карзая. Свабода слова была рэальная, і таму слова мела ўладу.
Мы зрабілі рэпартаж са шпіталя, дзе пацыентам давалі пратэрмінаваныя лекі, пастаўленыя з Еўропы, — звычайная карупцыйная схема вакол кожнай вайны і паваеннай адбудовы. Міністар аховы здароўя на прэс-канфэрэнцыі абрынуўся на наша радыё з пагрозамі і абразамі.
Што рабіць — мае рэдактары былі відавочна заклапочаныя, пагрозы ў Афганістане не пустая рэч. Я папрасіў выразаць гэтую частку міністарскай прамовы і без камэнтароў пусціць у эфір. Рэакцыя слухачоў была як цунамі: нам званілі, слалі лісты, ад Аўстраліі да Герата, ад Канады да Кандагара. Міністра бэсцілі на чым свет стаіць — не столькі за лекі, колькі за тое, што пагражаў любімаму радыё.
Па нашым слове будавалі масты, адкрывалі школы, лісты з Афганістана завалілі бюро ў Кабуле і рэдакцыйныя памяшканні ў Празе.
У лістападзе 2005-га ў Афганістане зноў праводзілі сацыялагічныя замеры аўдыторыі. І вось — новыя лічбы: Радыё Свабодны Афганістан — 75,3%, Бі-Бі-Сі — 62%, рэшта без зменаў. Гэта быў сусветны рэкорд замежнага вяшчання, якога ўжо нікому ніколі не ўдасца дасягнуць (выбухнуў інтэрнэт, расквітнела тэлебачанне, час змяніўся).
Радасці маіх афганскіх калег не было канца. Беларускія калегі, калі я пахваліўся дасягненнем, пабудаваным і на досведзе Беларускай службы, зрэагавалі лаканічна:
— Давай у Беларусі 75%, тады пагаворым.
Але ў Беларусі столькі дае толькі адзін чалавек.
Афганскае развітанне, якое нагадвае ракіроўку
Найсмачнейшы ў свеце плоў называецца «кабулі». Окей, каб пазбегнуць міжнароднага канфлікту, удакладню — для мяне найлепшы. Можа, таму, што гэтую казачную страву гатавалі мае афганскія сябры, у якіх я бываў дома, мо таму, што з сябрамі любая ежа смачнейшая.
Калі прыйшоў час развітання, мае афганцы прыгатавалі і прынеслі на радыё такую колькасць плову і іншых казачных прысмакаў, што ўся Беларуская служба ела-ела, усё начальства каштавала-каштавала, усе госці з іншых аддзелаў смакавалі-смакавалі, і канца гэтаму, як і салодкім, нібыта інжыр, прамовам, не было відаць.
— Гэта яны так радуюцца, што ты сыходзіш? — выказаў здагадку адзін мой беларускі сябар, беручы чацвертую ці пятую дабаўку.
Мае беларускія сябры ўвогуле здагадлівыя, але тут яны далі маху — у цэнтры ўвагі быў ужо не я, а новы дырэктар, які пераняў справы.
А напярэдадні быў афіцыйны абед з удзелам амбасадара Афганістана ў Чэхіі, амерыканскага кіраўніцтва радыё і новага дырэктара-афганца. Прозвішча амбасадара было Карзай — ён быў родным дзядзькам прэзідэнта Афганістана. Азізула Карзай быў заслужаным маджахедам, паспяхова ваяваў з савецкімі шураві, цвёрда супрацьстаяў талібам, агітаваў за пляменніка на прэзідэнцкіх выбарах, быў, адным словам, аўтарытэтным і паважаным чалавекам. І дыпламатам, якому можна ўзняць келіх віна, каб сказаць тост.
— Усё нашае жыццё — дома ў гарах, у начных засадах і на вяселлі — з намі было радыё. Бі-Бі-Сі было нашым акном у свет, нашым голасам, нашым сябрам.
Што ён кажа, падумаў я, мы ж «Радыё Азады». Быццам не піў яшчэ.
— Я быў нядаўна ў свайго пляменніка, у прэзыдэнцкім палацы, — працягваў Карзай. — І куды б я ні заходзіў, нават у прыватныя пакоі — усюды гучала радыё. І гэта было Радыё Свабодны Афганістан.
Амбасадар зрабіў паўзу.
— Ніколі я не думаў, што нехта можа стаць паміж намі і Бі-Бі-Сі. Цяпер, — ён павярнуўся да мяне і працягнуў келіх, — цяпер вы стаіце паміж намі.
Я выпіў, віно пайшло не ў тое горла, і пакуль я адкашляўся, увага пераключылася на майго наступніка.
Сёння, праз паўтара дзясятка гадоў, мае былыя афганскія калегі па-ранейшаму могуць звярнуцца да мяне «бос», пагаварыць пра сямейныя навіны, запрасіць у сваю студыю, — але не дзеля таго, каб абмеркаваць праграмны гадзіннік і прагноз надвор’я, а каб распытаць пра самага вядомага ў Афганістане чалавека з Беларусі, аўтарку кнігі пра цынкавых хлопчыкаў, уганараваную Нобелеўскай прэміяй.
У мяне ўражанне, што яны лічаць, быццам гэта і іхная прэмія, і цяпер Святлана Алексіевіч стаіць паміж намі. Па-мойму, гэта правільна.
Сусед ці сябар
Некалькі гадоў я сядзеў на дырэктарскіх нарадах побач з Раманам Купчынскім, ветэранам В'етнама і халоднай вайны, які ўзначальваў Украінскую службу. Ва Украіне ў яго быў статус легенды, у Кангрэсе ЗША яго ведалі як эксперта, на радыё — як мацюкальніка, выпівоху, аўтара няспынных кпінаў у бок начальства і калег з Расійскай службы. Да Беларускай службы ён ставіўся пяшчотна.
Раман некалі прыдумаў раздаваць савецкім маракам відэакасеты, дзе напачатку было порна, а потым дакументальны фільм пра гісторыю Украіны. Была нават ідэя зняць фільм пра гэтую ідэю (камедыю, трэба думаць).
Купчынскі дапамог зрабіць публічнымі сакрэтныя запісы з кабінета прэзідэнта Украіны Кучмы пра забойства журналіста Георгія Гангадзэ. Ён скептычна глядзеў на кіеўскую барацьбу з карупцыяй і перарабіў лозунг з недакранальнага дэкалогу ўкраінскіх нацыяналістаў «Здобудеш Українську Державу, або загинеш у боротьбі за Неї» на «або загинеш в боргах за Неї» — у даўгах.
Калі яму паставілі дыягназ «рак», ён паабяцаў пазваніць з таго свету і паведаміць, ці ёсць там FM-вяшчанне і інтэрнэт. Яго хавалі з вайсковымі пашанамі на Арлінгтонскіх могілках у Вашынгтоне.
Я ўзяў грудку зямлі з яго амерыканскай магілы і, калі быў у Кіеве, апусціў яе ў Дняпро — у ваду, якая цякла з Беларусі. Не можа ж так быць, каб на тым свеце не было Дняпра.
Рэдактура галоўнага
У 2006 годзе на радыё памянялася кіраўніцтва, і мяне зноў папрасілі пакінуць Беларускую службу — стаць галоўным рэдактарам радыё. Новы прэзідэнт мяняў каманду, але яго кандыдат пакуль затрымаўся ў Вашынгтоне, а рэдактура не церпіць пустаты.
Патрабаваўся чалавек, які б пераняў кіраванне рэдакцыйным працэсам, чуў і мог размаўляць на прафесійнай мове з дваццаццю пяццю службамі, камунікаваў з Вашынгтонам, дапамог з транзітам. Верагодна, занадта вытыркаўся мой беларуска-афганскі досвед і адмовіцца не ўдалося.
Галоўным рэдактарам я, на шчасце, пабыў нядоўга, каля паўгода — але паводле колькасці дыгітальных слядоў гэта самы інтэнсіўны час маёй працы.
Я пачынаю падарожжы па бюро. Масква, парламенцкія выбары, я пытаюся ў Гары Каспарава, які прыйшоў на начны эфір, адседзеўшы пяць сутак, хто цяжэйшы праціўнік, Карпаў ці Пуцін — ён крыўдзіцца, маўляў, пяць сутак за кратамі не прадмет для жартаў. У Беларусі такі тэрмін тады не давалі ўжо нават жартам.
У Тбілісі я правёў ноч прэзідэнцкіх выбраў у бюро, назіраючы за бурнай працай грузінскай Свабоды, і ледзь не загінуў на наступны дзень у серных лазнях, апетых Пушкіным. Мой лазеннік, чый прапрадзед мыў расійскага паэта, пачаў масаж пяткамі, гэта такі танец па спіне кліента, каб той упаў у нірвану. Я ўжо туды пагружаўся, калі мой мекісэ, як завецца гэтая прафесія, спытаўся ў іншага наведніка, за каго той галасаваў напярэдадні. Аказалася, той галасаваў не за таго, за каго трэба, і ўдары пяткамі па маіх нырках, печані, лёгкіх падчас гарачай дыскусіі амаль ператварылі іх у субпрадукты. Асабліва мяне цешыла, што суразмоўцы з павагі да госця дыскутуюць на зразумелай яму мове, быццам бы я так не зразумеў.
З Тбілісі я ляцеў у Азербайджан, сусед у самалёце пацікавіўся, скуль я, я пацікавіўся, скуль ён, — аказалася, ён нарадзіўся ў Агдаме. На думку некаторых экспертаў, менавіта партвейнам гэтай маркі быў прапіты Савецкі Саюз. Памятаю, як у студэнцтве прачнуліся аднойчы пасля дня народзінаў, які адзначалі ў інтэрнаце, а лак на казённым стале раз’едзены ўшчэнт. Памяць таксама сціралася.
Але Азербайджан запомніўся. Я сустракаўся з ветэранамі апазіцыйнага руху, які быў амаль цалкам раздушаны Аліевым-малодшым, і мяне ўразіла поўная адсутнасць надзеі на дэмакратычныя перамены, і нельга было зразумець, гэта апатыя або цвярозае разуменне сітуацыі. Праз гады відаць, што гэта было і тое, і тое.
У Ерэване мяне завялі ў кавярню, якая заняла першае месца ці то ў Еўропе, ці на Каўказе — у кожнай краіне вам абавязкова пакажуць нешта найлепшае ў свеце. Я трохі ведаў Арменію, працаваў там пасля землятрусу 1988 году, потым лётаў туды на здымкі фільму паводле свайго сцэнара. Фільм называўся «Цавэт танэм», вазьму твой боль, там у цэнтры лёс маладой жанчыны, якую я дапамагаў даставаць з‑пад завалаў, ёй потым ампутавалі руку і абедзве нагі, я ездзіў да яе ў шпіталь у Маскву, але гэта іншая гісторыя…
У Ерэване атмасфэра адрознівалася ад Баку — жывая і гарачая, мясцовая журналістыка захлыналася ад эпітэтаў. Як тлумачыў мне адзін спецыяліст, сапраўдная кава павінна быць чатыры разы вельмі: вельмі чорная, вельмі гарачая, вельмі моцная і вельмі мала.
Я вярнуўся ў Прагу і вырашыў ужыць гэтыя крытэры для адной невылечнай хваробы традыцыйных арганізацыяў — частых бясконцых бязлітасных нарадаў.
Я адказваў за галоўную нараду, абмеркаванне парадку дня з дырэктарамі ўсіх моўных службаў і кіраўнікамі дэпартаментаў радыё. Чалавек трыццаць сядалі за адзін стол, яшчэ столькі ж каля сценак, начальства гуртавалася на топе авальнага стала, рэшта цяснілася вакол, і я як галоўны рэдактар усім па чарзе даваў слова. Праз гадзіну ўсе дружна ішлі на абед.
Першым чынам я папрасіў пакінуць залю кіраўнікоў дэпартаментаў — кадраў, тэхналогіі, фінансаў, бяспекі, розных дапаможных службаў. Прапанаваў праводзіць асобную карпарацыйную нараду, дзе ўсе яны могуць агучваць свае пытанні. Затым узгадаў сваю працу ў дакументальным кіно з Аркадзем Рудэрманам, геніяльным дакументалістам часу перабудовы. Аркадзь неяк ухваліў маю пастаноўку адной дыскусіі на тэлебачанні, калі ўдзельнікі сядзелі не побач, а насупраць адно аднаго, на адлегласці, і так утваралася дуга напружанасці.
Я перасадзіў прэзідэнта на супрацьлеглы ад сябе канец стала, увёў ліміт часу — адна хвіліна, а напачатку, пакуль усе рассаджваюцца, загадаў урубіць музыку. Не памятаю, што, можа нават Jailhouse Rock Элвіса Прэслі. Потым кожны раз гралі іншую, выбіраў дырэктар, які расказаў самую цікавую навіну напярэдадні. На трыццатай хвіліне ўсе ўставалі і дружна ішлі на абед.
Пасля мяне памянялася некалькі галоўных рэдактараў і прэзідэнтаў, але на агульных нарадах яшчэ доўга ўсе сядзелі, так, як некалі рассадзіў іх я. Асобна працягвае збірацца рэгулярная карпаратыўная нарада.
Яшчэ адна рэч, якую я як галоўны рэдактар падштурхнуў, — стварэнне рэдкалегіі. На радыё не існавала гэтага інстытуту для выпрацоўвання прафесійных журналісцкіх рашэнняў. Перад вяртаннем у Беларускую службу я пакінуў гэтую прапанову прэзідэнту і свайму наступніку, новаму галоўнаму рэдактару.
Мне падзякавалі за працу, папляскалі ў ладкі, і, калі рэдкалегія была створаная, мяне туды не ўключылі. Дырэктары службаў увогуле ў рэдкалегію не ўвайшлі.
Адзін з дакументаў у маёй кампутарнай тэчцы галоўнага рэдактара — прапанова ўвесці на радыё пасаду «дырэктар будучыні». Я перачытаў цяпер — усё даволі складна, толькі не прапісаў бюджэт. Пасаду не ўвялі, але што ж, кожны варты дырэктар службы — дырэктар будучыні.
Экс-кіраўнік Беларускай службы Радыё Свабода выдаў кнігу ўспамінаў
Восенню выйдуць мемуары былога канцлера Германіі Ангелы Меркель
Былы дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ выдаў кнігу пра нараджэнне беларускага Левіяфана