«Даведаліся пра цяжарнасць жонкі і набылі квіткі»: беларус два тыдні жыў на мосце ў Мексіцы, каб трапіць у ЗША
Беларус Сяргей Сцяпура распавядае ў тыктоку пра свой з каханай шлях да амерыканскай мары. Калі даведаліся, што ў хуткім часе іх стане трое, то рашыліся на эміграцыю ў ЗША. Разам з цяжарнай жонкай Сяргею давялося нават два тыдні жыць літаральна на мосце.
17.05.2024 / 11:07
Скрыншот відэа ў тыктоку
На тое, каб дабрацца з Беларусі ў Амерыку, сям’і спатрэбілася каля 8 тысяч долараў. У відэа Сяргей распавядае, што, як толькі яны з жонкай даведаліся пра цяжарнасць, дык адразу прадалі машыну, сабралі ўсе свае зберажэнні ды набылі квіткі.
Маршрут атрымаўся складаны. З Беларусі будучыя бацькі паехалі ў Расію, адтуль вылецелі на Кубу.
— Усе квіткі мы набывалі праз турагенцтва. Тур на Кубу нам каштаваў 3 тысячы долараў. Калі б ляцелі не турам, можна было б да Мексікі даляцець за 2 тысячы на той час. У нас да Мексікі атрымалася за 5 тысяч.
З Кубы пара паляцела ў Мексіку, дзе некалькі месяцаў чакала магчымасці прайсці мяжу з ЗША. Па прылёце ў маладых людзей з васьмі тысяч даляраў засталося ўсяго тры тысячы.
— Мы здымалі апартаменты за 300 долараў у месяц. І я яшчэ знайшоў працу, каб зарабляць на бягучыя выдаткі. Плацілі невялікія грошы, але хоць неяк хапала на пражыванне, на ежу і гэтак далей. А з бюджэту мы ўжо аплачвалі арэнду.
Сяргей адзначае: людзі робяць такі ж шлях і з дваццаццю, і з сарака тысячамі долараў у кашальку. Яны здымаюць у Мексіцы вілы і шчыра спадзяюцца, што змогуць злавіць дату для пераходу мяжы за тыдзень, у горшым выпадку за месяц — і спускаюць у выніку вялізарныя сумы, проста чакаючы прыдатнай магчымасці.
— Што значыць «злавіць дату»? Як толькі вы прыязджаеце ў Мексіку, трэба спампаваць афіцыйны дадатак для пераходу мяжы і прайсці ў ім рэгістрацыю. Пасля трэба запоўніць анкету, дзе пазначаеш усіх членаў сваёй сям'і, выбіраеш пункт пропуску, дзе будзеш пераходзіць мяжу, а пасля спрабуеш выбраць час — гэты працэс і называецца «лавіць дату». Штораніцы правяраеш, ці атрымліваеш ты запрашэнне на сустрэчу з афіцэрам, каб перайсці мяжу. У выпадку адмовы паўторна дасылаеш запыт. І так кожны дзень.
У сям’і грошы пачалі скончвацца праз тры месяцы, таму Сяргей з жонкай вырашылі ісці на мост Нуэва-Прагрэса, каб там чакаць сустрэчы з афіцэрам па жывой чарзе.
Пад відэа, у якім Сяргей паказвае, як жыў разам з цяжарнай жонкай проста на мосце ў намёце 2 тыдні, шмат абураных каментарыяў. Мужчына тлумачыць, што такая сітуацыя адбылася таму, што гэта была рэальная магчымасць усё ж прайсці мяжу і трапіць у ЗША.
Першы час сям’я планавала жыць у свайго паручыцеля ў Нью-Ёрку, але, як кажа Сяргей, не склалася. Таму прыйшлося тэрмінова шукаць жыллё — пара адправілася ў размеркавальны цэнтр і ў выніку засялілася ў шэлтар гатэльнага тыпу.
Цяпер мужчына шукае працу ў Амерыцы, яго жонка хутка павінна нарадзіць.
На акаўнт звярнулі ўвагу і лукашэнкаўскія тэлеграм-каналы. Яны сталі высмейваць сям'ю ў сваіх допісах.
Беларус у ЗША спеў песню NaviBand і стаў зоркай тыктока. Хто гэты хлопец?