«Саня, глядзі, як трэба прыгожа сыходзіць». Кацярына Сныціна — пра тое, чым будзе займацца пасля завяршэння баскетбольнай кар'еры
Зорная баскетбалістка Кацярына Сныціна 19 мая апошні раз выйшла на паркет. Сезон увогуле выдаўся для спартоўкі паспяховым: разам з «Лонданскімі Львамі» яна выйграла баскетбольны еўракубак, а па набраных балах увайшла ў топ-тры гульцоў.
25.05.2024 / 21:24
Чым Кацярына, пагружаная ў прафесійны баскетбол з 17 год, плануе заняцца цяпер? Пра гэта яна расказала «Нашай Ніве».
Кацярына Сныціна. Тут і далей — фота з асабістага архіва спартсменкі
«Наша Ніва»: Раскажы, як фінальная гульня далася табе маральна і фізічна?
Кацярына Сныціна: Я стамілася — гэта факт. І фізічна, і маральна. Усё ж пра завяршэнне кар’еры я аб’явіла яшчэ напачатку сезона, і размяркоўвала ўсе свае сілы акурат да фінальнай даты 19 мая. І на наступны дзень, 20-га, я проста ляжала ў ложку і думала: усё, я па ходу аддала ўсю сябе на гэты прамежак у дзевяць месяцаў.
Але ўнутры я адчуваю задавальненне: у мяне быў афігенны сезон. Калі азірацца яшчэ далей — у мяне была афігенная кар’ера.
На апошняй гульні ў залі прысутнічала вельмі шмат беларусаў, шмат людзей мне напісалі, пазванілі — віншавалі. Як і члены каманды. Я ім, дарэчы, пажадала поспехаў у іх далейшай кар’еры, і каб у іх была магчымасць вось так асэнсавана скончыць кар’еру, як я. Я спадзяюся, што паказала ім адзін з варыянтаў, як можна фінішаваць.
Я ўпэўненая: калі б са мной нешта здарылася, і я б не змагла гуляць праз траўму, мяне б гэта расціснула. А тут я вельмі мэтанакіравана, крок за крокам, ішла да фінішу — і дабралася.
«НН»: Калі ты яшчэ толькі анансавала, што будзеш гуляць апошні сезон, твая сяброўка, спявачка Маргарыта Ляўчук жартавала, што табе варта будзе запісаць відэа са зваротам да Лукашэнкі: маўляў, Саня, глядзі, як трэба прыгожа сыходзіць. Плануеш нешта такое?
КС: У мяне не дайшлі рукі разабраць свой тэлефон, галерэю там, але пасля нашай гульні я сядзела ў распранальні досыць доўга. І ў мяне ёсць адно відэа па тэме для беларусаў. Проста пакуль не даходзяць рукі яго зафіналіць.
«НН»: Ці зрабіла б нешта інакш на сваім шляху баскетбалісткі, калі б можна было вярнуцца ў мінулае?
КС: У мяне ёсць некалькі гульняў, якімі я незадаволеная. Тым, як выступіла — лічу, таму мы прайгралі.
Ці вось у 24 гады ў мяне быў паспяховы сезон, але я надарвала ахіл, і праз тое, што не хацела прызнаваць гэтага, працягнула гуляць. У выніку ў мяне запаліўся другі ахіл, і ўсё скончылася дзвюма аперацыямі — я аднаўлялася два з паловай гады. Калі б я была разумнейшай, слухала сваё цела, да гэтага не прыйшла б. Але такія рэчы — траўмы і паразы, менавіта яны зрабілі мяне той, хто я ёсць — чалавекам і спартсменкай.
Апошнія некалькі год я перадавала гэтыя веды іншым гульцам: вы абавязаныя слухаць сваё цела, адстойваць сваё здароўе. Для ўсяго мусіць быць іншы шлях, з меншым болем. Нават калі ў вас афігенны сезон, заўсёды можна зрабіць паўзу і працягнуць пазней замест таго, каб заганяць сябе да стану хірургічных умяшанняў.
«НН»: Ты заўсёды казала, што баскетбол — гэта тваё жыццё. І праца, і хобі. А цяпер сыходзіш, бо «больш не кайфуеш». Што зойме яго месца?
КС: У тым ліку дзякуючы таму, што мяне ўсе пыталі пра хобі, я ў нейкі момант задумалася: блін, у мяне рэальна няма нічога, апроч баскетбола. І вось цяпер у мяне ёсць магчымасць адшукаць гэтае хобі. Таму я вельмі радая, што знаходжуся ў Лондане, дзе ёсць усё — ад танга да мастацтва і іншых відаў спорту.
Карацей, цяпер я магу пераспрабаваць усё, што хачу, і знайсці нейкі новы занятак, каб потым называць яго сваім жыццём.
«НН»: На гэта момант няма яшчэ нейкіх прымерак?
КС: У мяне ёсць праект, у сярэдзіне чэрвеня я змагу пачаць казаць пра яго адкрыта. Ён разлічаны на паўгода, гэта вельмі цікавы занятак, вельмі новы для мяне — я афігела, калі асэнсавала, што ўпісалася ва ўсё гэта. Але трэба дачакацца чэрвеня, каб я магла пра яго расказваць.
Менавіта ў сувязі з гэтым праектам я не шукала новых заняткаў. Дый сезон толькі скончыўся.
«НН»: Ты ж маеш на ўвазе тэатральны праект?
КС: Назавем гэта праектам у сферы мастацтва.
«НН»: Генеральная сакратарка федэрацыі баскетбола Анастасія Марыніна выказалася пра поспехі беларускага баскетбола ва ўмовах міжнароднага бана, цытата: «Наш узровень не знізіўся, а, наадварот, за кошт маладых спартоўцаў яшчэ і павялічыўся. Таму хай шкадуюць тыя, у каго з намі няма магчымасці згуляць». Што думаеш пра гэта, сочыш агулам за беларускім баскетболам?
КС: Скажу так: кожны з нас жыве ў сваім выдуманым свеце (пасміхаецца). Ужо прайшло некалькі баскетбольных еўрапейскіх турніраў без Беларусі, і няма такога, што нехта абмяркоўвае: божа мой, дзе ж зборная Беларусі, дзе зборная Расіі?
Баскетбольны свет працягвае жыць і развівацца, і тое што з яго выпала дзве зборныя краін-агрэсараў, ён нават не заўважыў. Тое, што ў Марынінай сваё бачанне таго, што гульцы развіваюцца, выступаючы супраць Узбекістана і абыгрываючы іх з лікам 106:31…
Немагчыма быць найлепшым, калі ты не гуляеш супраць найлепшых — гэта сусветныя законы.
«НН»: У каментарах пад пастамі пра тваё завяршэнне кар’еры пісалі: «Для Каці адкрываюцца трэнерскія дзверы». Ты пра гэта задумвалася?
КС: Мая трэнерка ў лонданскай камандзе Стэла Кальцыду скончыла сваю баскетбольную кар’еру чатыры гады таму. Я з ёй размаўляла пра тое, як яна перайшла ў трэнерскую дзейнасць. І яна расказала, што, калі раней баскетбол займаў у яе няхай пяць гадзін у дзень, то пасада трэнера — гэта практычна цэлы заняты дзень: ты рыхтуешся да трэніроўкі, трэніруеш, а потым аналізуеш вынікі. Гэта выматвальная праца, якая забірае вельмі шмат часу і сіл. Таму я адразу адмяла гэтую ідэю.
Мне хочацца пажыць іншым жыццём, хочацца нечага неспартовага, дзе я не буду падпарадкаваная правілам, рэжыму. Я не бачу сябе на сёння той, хто ўзначальвае каманду, там, дзе ад мяне патрабуюць вынік.
«НН»: Бачыш, дабіліся вынікаў з жанчынай-трэнеркай, а ў Беларусі ёсць людзі, якія дагэтуль лічаць, што гэта не зусім жаночая праца. Як, напрыклад, Віктар Ганчароў, трэнер валейбольнай зборнай, які нядаўна заявіў, што дзявочым камандам патрэбны «пастух-мужчына»…
КС: Няма словаў. За маю кар’еру ў мяне былі тры жанчыны-трэнеркі. Астатнія — мужчыны, сярод іх сустракаліся, мякка скажам, недалёкія. З жанчынамі ж шанцавала — варта проста паглядзець на маю Стэлу, якая яна афігенная — чатыры гады ў прафесіі, і ўжо выйграла еўракубак, другі па значнасці турнір у Еўропе.
Яна, дарэчы, расказвала, што вельмі складана знайсці працу ў трэнерскім свеце, таму што ў іх там існуе патрыярхат. Жанчынам куды больш складана прабіцца на пазіцыю галоўнага трэнера.
Але тое, што жанчына — горшы трэнер проста па полавай азнацы — гэта трызненне. Пракаментую так, каб не мацюкацца (пасміхаецца).
Кацярына адзначае, што ў «Лонданскіх Львах» у параўнанні з іншымі камандамі, дзе яна гуляла — супермоцны медыякантэнт. «Клуб першапачаткова ставіў задачу зрабіць баскетбол у Англіі больш модным, папулярным, зацікавіць спортам тых жа дзяцей. Таму ў іх афігенны кантэнт, яркія відэа. Я гуляла 21 сезон і ніколі так крута не выглядала на пляцоўцы, як у іх у нарэзках з гульні».
«НН»: Ты цяпер плануеш асесці ў Лондане? Дзе сёння твой дом?
КС: Маё самае камфортнае становішча побач з Надзяй, маёй жонкай (Кацярына сустракаецца з Надзеяй Бродскай — дырэктаркай Беларускага свабоднага тэатра, рэгістрацыя шлюбу — у іх бліжэйшых планах — «НН»). Мы вырашылі, што застанемся ў Лондане. Яна тут працуе, а я па ходу разбяруся.
З нашым новым жыццём з 2020 года я ўвогуле перастала планаваць надоўга. Як мінімум год мы будзе яшчэ ў Лондане, а далей паглядзім.
«НН»: Ці падтрымліваеш нейкі дыялог са спартсменамі з Беларусі?
КС:
З усіх спартсменаў, з кім я калі-нікалі камунікавала, з усіх баскетбалістак, з кім правяла нейкі час у нацыянальнай зборнай, мне, нават калі мы выйгралі еўракубак, напісалі толькі два чалавекі. Гэта ўсё, што трэба ведаць пра камунікацыю адтуль.
Я першапачаткова сама не ініцыявала дыялог са спартсменамі, якія заставаліся там, у мяне не атрымлівалася размаўляць з тымі, хто займае супрацьлеглую пазіцыю, хто падтрымлівае рэжым. У мяне няма на такое энергіі, хаця многія мае знаёмыя спартсмены ўпарта камунікуюць з тым бокам, нешта ім даказваюць.
У мяне мінімальны кантакт агулам з беларусамі ўнутры Беларусі. Падаецца, адна з прычын тут ва ўсіх — берагчы сябе. Бо ў мяне высмоктвалася энергія, калі мне прыходзілася сутыкацца з людзьмі, якія незадаволеныя тым, як мы змагаемся тут і як яны жывуць там. І я зразумела, што ёсць два варыянты: ці размеркаваць сябе ўсю на людзей, ці сабраць энергію ўнутры, пакінуць яе сабе. Усё ж апошнім часам я і так адчуваю, што мне цяжка маральна: марафон зацягваецца. І цяпер для мяне самая складаная стадыя, дзе ты проста перастаўляеш ногі і пакуль што не бачыш, дзе наступны паварот.
Для самазахавання я нават скараціла час у інтэрнэце: замест 9 гадзін у суткі ў мяне пяць гадзін экраннага часу. Але ўсё адно гэта зашмат. І медытацыі я вось закінула.
«НН»: Пры ўсё стомленасці ты не вывальваешся з палітычнай павесткі. Бачыла, што рупна спрабуеш разабрацца, за каго галасаваць на выбарах у КР. Чаму для цябе гэта важна?
КС: Людзі, якія вырашылі перазапускаць КР, у гэтым нешта бачаць. І яны спрабуюць нешта зрабіць. Я ўсё яшчэ не ведаю, за каго буду галасаваць, хаця выбары ў канцы тыдня. Было пару непрыемных момантаў, калі нехта мне пісаў і прасіў: прагаласуй за нас! Але я не магу гэта рабіць толькі таму, што мы знаёмыя ці ўдзельнічалі ў адных праектах. Я хачу сама прачытаць усе праграмы і зрабіць выбар.
Я разумею, што ў палітыкаў, актывістаў было мала часу на агітацыю і данясення таго, што яны прапануюць. Але ў такім выглядзе гэта ўсё адно адбываецца ў першы раз і не ўдзельнічаць у гэтым зусім будзе як мінімум дзіўна.
«НН»: Ты спецыяльна падкрэсліваеш паўсюдна, што ты беларуска. Пасля матчаў фатаграфавалася з бел-чырвона-белым сцягам. Там-сям часам узнікаюць некаторыя канфлікты на нацыянальнай глебе, табе ніколі пасля вайны не прылятала чыста па факце таго, што ты беларуска?
КС: Быў нават перыяд пасля пачатку вайны, калі я па Літве і Польшчы ездзіла на машыне з беларускімі нумарамі. Мае сябры прапаноўвалі мне даць налепку, каб я заклеіла чырвона-зялёны сцяг бел-чырвона-белым. Я тады сказала: не, кожнаму, хто захоча мне нешта сказаць з нагоды маёй нацыянальнасці, я змагу патлумачыць, што ёсць беларусы, а ёсць рэжым Лукашэнкі, і яны павінны гэта адрозніваць.
Памятаю, у Вільні, першае лета пасля пачатку вайны, я стаяла на светлафоры, а там у іх крыху адрозніваюцца правілы руху. Мне пачалі сігналіць ззаду, а я не паехала. І я ўбачыла, што да мяне ідзе мужчына. Я ўжо падрыхтавалася, што будзе мне ўстаўляць. Бо многія расказвалі, што на дарогах з імі здараліся непрыемныя інцыдэнты праз беларускія ці рускія нумары. Я апусціла акно і ўжо была гатовая з тым літоўцам счапіцца языкамі. А ён такі: «Я бачу, што вы не адсюль. У нас тут, калі гэта [стрэлка] гарыць, то можна ехаць направа». Карацей, я тады зразумела, што толькі накручваю сябе праз навіны.
Што тычыцца, напрыклад, майго кола ў Лондане, маёй каманды — у нас менеджарка прыдумала невялікае мерапрыемства. Мы ўсе два тыдні правялі ў спартовым лагеры. Для знаёмства кожны рыхтаваў міні-прэзентацыю на пяць хвілін. У маёй была інфармацыя пра тое, адкуль я, пра мае перамогі плюс вялікая частка пра пратэсты, пра тое, чаму я не магу вярнуцца ў Беларусь, што Лена Леўчанка сядзела ў турме, якія ў нас наступствы для тых, хто выказваецца супраць рэжыму.
І потым на працягу сезона, калі я нешта пісала ў сацсетках пра Беларусь, дзяўчаты заўсёды дадаткова цікаваліся: «А што адбылося?» Мая каманда ў курсе таго, што адбываецца ў нашай краіне.
«НН»: Ты казала, што ў 38 адчуваеш сябе на 25 — у чым сакрэт?
КС: Пакуль здаецца, я сябе на 50 адчуваю, пасля ўсяго напружання (пасміхаецца).
Але звычайна, можа, не на 25, але на 30 я сябе адчуваю, я там недзе захрасла.
Справа ў звычках. Па-першае, спрабаваць знайсці ва ўсім пазітыў (хаця часам мне складана яго знаходзіць у сённяшнім свеце, але гэта значная частка поспеху захавання юнацтва ўнутры і звонку). Па-другое, мінімум фастфуду — 80% я спрабую адвесці на правільнае харчаванне і толькі 20% пакідаю на печыва і торцікі.
Не ведаю, калі вярнуся ў трэнажорку, але для праекта мне трэба быць у добрай фізічнай форме. Як мінімум дзеля гэтага туды вярнуся. Але хацелася б у ідэале знайсці сабе спартовае хобі. Напрыклад, сноўборд — і я тады мэтанакіравана рыхтую сябе да зімы. Не магу проста ў пустэчу спортам займацца, мне патрэбныя нейкія арыенціры ці фінальная мэта, інакш падае матывацыя.
«НН»: Як у цябе сёння з беларускай мовай? Ты мэтанакіравана ўзялася за навучанне нейкі час таму.
КС: На працягу некалькіх месяцаў двойчы на тыдзень я працягваю вучыць беларускую мову з настаўнікам. Але ў мяне ўсё яшчэ недастаткова добры ўзровень. Я магу размаўляць па-беларуску, але павольна, няма ўпэўненасці ў сваіх ведах. Мне пакуль не хапае слоўнікавага запасу. Пры гэтым сам-насам з настаўнікам я спакойна шпару, хай і з памылкамі.
«НН»: Нехта спытае: навошта ў эміграцыі, у Лондане, менавіта цяпер пачынаць вучыць беларускую?
КС: Той, хто спытае, відаць, не жыве ў Еўропе, інакш ён быў ведаў, што многія ў дыяспарах размаўляюць па-беларуску. У Лондане велізарная дыяспара, і вялікая частка гэтых людзей тут жыве даўно, і яны не размаўляюць па-руску.
У Літве, у Польшчы я знаходзілася ў асяроддзі сваіх сяброў, і некаторыя толькі пачыналі свой рух у бок беларускай мовы. А тут людзі дзясяткі год ёй валодаюць: толькі беларуская ці англійская. І мне хочацца мець магчымасць у тым ліку з імі спакойна камунікаваць.
Што для мяне будзе асабістым крытэрам, паказчыкам, што я валодаю беларускай мовай на дастатковым узроўні? Я змагу пажартаваць па-беларуску і не лажануць.
«НН»: Ты заўсёды цёпла расказваеш пра свае стасункі з жонкай Надзяй. Ці марыце вы пра дзяцей?
КС: Я Надзі неяк сказала, што аднойчы мне зададуць такое пытанне, маўляў, давай узгоднім. Мне пашанцавала: у нас з Надзяй аднолькавае бачанне тут — мы абедзве не хочам дзяцей.
«НН»: У цябе набітая татуіроўка з лозунгам «Немагчымае магчыма». Што для цябе сёння найбольш жаданае, што хочацца з немагчымага зрабіць магчымым?
КС: Гэта свабодная Беларусь. Мабыць, дзякуючы маім татуіроўкам, нават калі я зараз не бачу выхаду з сітуацыі, я ўсё адно памятаю, што ўсё магчыма. Вось гэта застаецца для мяне самай важнай, пакуль што недасягальнай ідэяй, марай, жаданнем.
Беларускі трэнер прыняў у Інданезіі іслам, а цяпер падаўся скараць новую краіну
НАК не будзе забараняць беларускім спартсменам удзельнічаць у Алімпіядзе-2024
Як скакуха стала дэпутаткай. Гісторыя Настассі Мірончык-Івановай