НАК не будзе забараняць беларускім спартсменам удзельнічаць у Алімпіядзе-2024
Пра гэта заявіў Віктар Лукашэнка.
Кіраўнік НАК Беларусіі Віктар Лукашэнка не бачыць перашкод для ўдзелу беларускіх спартоўцаў у Алімпіядзе-2024 у Парыжы ў нейтральным статусе.
Па словах Віктара Лукашэнкі, гэтае пытанне аддадзена на водкуп самім атлетам, якія адабраліся на гульні, паведамляе Sputnik.
«На гэты момант мы не бачым вялікіх перашкод для ўдзелу нашых спартсменаў у Алімпіядзе. Мы аддаем гэта на водкуп спартсменам, калі яны вырашылі, бачаць, што гатовыя, і хочуць выступаць», — адзначыў кіраўнік НАК.
Пры гэтым Віктар Лукашэнка адзначыў, што ўсе спартоўцы ведаюць, што яны беларусы, што выступаюць за Беларусь, і «ў душы будуць спяваць гімн».
Беларускія спартоўцы на дадзены момант заваявалі 28 алімпійскіх ліцэнзій. Па словах Віктара Лукашэнкі, яны ўсе выступаюць на годным узроўні, і ў іх ёсць шанцы на алімпійскія медалі. Акрамя таго, кіраўнік НАК спадзяецца, што ліцэнзій стане больш. Лукашэнка адзначыў, што глядзіць на гульні з аптымізмам, а перад атлетамі ставіцца задача перамагчы.
Беларускія спартоўцы змогуць выступіць на Алімпіядзе толькі ў нейтральным статусе, без дзяржаўнай сімволікі. Да гульняў не дапусцяць атлетаў, якія падтрымлівалі вайну ва Украіне, а таксама тых, хто звязаны з войскам або сілавымі структурамі.
Каментары