Чалы спрагназаваў, што будзе ў краіне, калі Лукашэнкі не стане, і да чаго рыхтавацца беларусам
«Мы будзем назіраць перайгранне падзей халоднага лета 1953-га».
28.05.2024 / 00:55
Сяргей Чалы. Скрын відэа: chaly_live / YouTube
У новым выпуску ток-шоу «Ноч з Чалым» вядомы эканаміст адказаў на пытанне, як будуць развівацца падзеі ў Беларусі пасля таго, як не стане Лукашэнкі.
«Мы будзем назіраць перайгранне падзей халоднага лета 1953 года. У тым ліку таму, што лукашызм — гэта позні сталінізм»,
— лічыць Чалы.
«Дынаміка развалу і пераўтварэння сістэмы прыкладна будзе падобная. Будзе ўмоўны раскол паміж умоўным Берыяй (сілавікамі) і ўмоўным Хрушчовым-Малянковым (грамадзянскімі). І ўся задача будзе заключацца ў тым, хто каго пераможа, хто каго хутчэй арыштуе як здрадніка, ворага ці яшчэ каго».
Аналітык разважае, што не ў нашых інтарэсах перамога ўмоўнай партыі сілавікоў. Гэта будзе азначаць, што градус насілля вырасце — нават у параўнанні з цяперашнім узроўнем.
«А грамадзянская групоўка хутчэй за ўсё будзе вымушана ва ўнутраным супрацьстаянні звяртацца да энергіі людзей, вуліцы.
Гэта якраз той момант, у якім ад нас будзе вельмі шмат што залежыць. Гэта не будзе тая рэвалюцыя, якую мы чакаем, а трансфармацыя ўлады, якая скончыцца так, як і пасля Сталіна — пройдзе ўмоўны XX з'езд партыі, дзе ўсё дрэннае будзе патлумачана толькі Лукашэнкам. «Гэта быў культ асобы». І нават тыя, хто ў гэтым браў удзел, скажуць: мы мучыліся, цярпелі і гэтак далей».
Чалы заўважае, што апісаны ім сцэнар, магчыма, не тое, чаго мы ўсе чакаем. Але ў любым выпадку гэта будзе рух у лепшы бок.
«Я амаль упэўнены, што голас вялікай колькасці арганізаваных грамадзян Беларусі, не завязаных нейкім чынам на структуры кіравання, будзе важным. І гэта будзе той момант, калі мэтанакіраванае ўздзеянне, нават невялікае, будзе мець вялікае значэнне для вызначэння гістарычнага шляху краіны далей», —
гаворыць Чалы і раіць беларусам быць гатовымі да масавага, арганізаванага дзеяння тады, калі ад нас будзе шмат што залежаць.
Ці ёсць шанец на адлігу да сыходу Лукашэнкі? Разважае Чалы
«Трэба акуратна абыходзіцца…» — «З людзьмі?» — «З рапсам і з азімым ячменем»
Чалы патлумачыў, чым быў карысны Мясніковіч у час працы з Лукашэнкам