Айцішнікі з Беларусі знялі палову офіснай Вільні — але цяпер трацяць цікавасць
Паводле даных міжнароднай кампаніі Colliers, за 2022 год ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі занялі палову айцішных офісаў Вільні — 15 тыс. з 30 тыс. квадратаў, арандаваных усім ІТ-сектарам. Але летась актыўнасць прыкметна ўпала, піша Devby.io.
01.06.2024 / 23:24
У 2023 аналітыкі не зафіксавалі значных угод з беларускімі кампаніямі. Выключэнне — EPAM, які арандаваў каля 1,6 тыс. кв. метраў офісных плошчаў у Business Stadium North East.
Верагодна, тым самым кампаніі з беларускімі каранямі паўплывалі на агульнае падзенне попыту на літоўскія офісы.
Усяго ў Вільні было арандавана 63 тыс. кв. метраў офісаў за год (зноў заключаныя дамовы). Гэта найгоршы паказчык ад 2016 года. Напрыклад, у 2022 годзе было арандавана 108 тыс. кв. метраў.
ІТ-кампаніі лідзіравалі — знялі больш за 16 тыс. кв. метраў, або 26% ад усіх арандаваных плошчаў. Аднак у параўнанні з 2022 годам гэты паказчык упаў амаль удвая.
На попыт на офісы, у прыватнасці, з боку беларускіх кампаній, уплывае пагаршэнне ўмоў працы для бізнэсу. За апошні год агульная колькасць беларускіх кампаній у Літве зменшылася больш чым на траціну.
ZPP|Belarus Business Center летась у ходзе даследавання выявіў ключавыя праблемы беларускага бізнэсу ў Літве.
- Ускладненая праца з банкамі і фінансавымі ўстановамі: адмовы пры адкрыцці рахункаў, у крэдытах, замарозкі плацяжоў.
- Адмовы контрагентаў, партнёраў і пастаўшчыкоў ад узаемадзеяння праз рэпутацыйныя рызыкі.
- Немагчымасць атрымання віз, цяжкасці пры атрыманні ДНЖ і ПМЖ.
- Складанасці пры ўзаемадзеянні з органамі ўлады.
- Павялічаная колькасць праверак.
- Высокая загружанасць нешматлікіх памежных пунктаў, якія функцыянуюць.
Супрацоўнікі кампаній сутыкаюцца з праблемамі з легалізацыяй у Літве. На працягу года некаторым беларусам, у тым ліку айцішнікам, анулявалі ДНЖ. Улетку мінулага года на выхад папрасілі тых, хто служыў па кантракце ў войску РБ, быў звязаны з ваенпрамам або сілавымі структурамі. Пазней улады Літвы ўбачылі пагрозу ў спецыялістах, якія раней працавалі ў атамнай галіне.
EPAM раптоўна выйшаў з праграмы падрыхтоўкі айцішнікаў у ЕГУ
«Краіна губляе людзей з высокімі даходамі». Што адбываецца ў беларускай айцішцы
Вільня ці Варшава? Беларусы пра плюсы і мінусы жыцця ў гэтых сталіцах