«Краіна губляе людзей з высокімі даходамі». Што адбываецца ў беларускай айцішцы
Па афіцыйных даных, колькасць работнікаў ІТ-галіны за 2023 год скарацілася на 16%. Агульная лічба спецыялістаў аказалася на мінімальным за апошнія пяць гадоў узроўні. Паглядзелі, куды знікаюць беларускія айцішнікі і як гэта адбіваецца на эканоміцы.
Скаціліся на 5 гадоў назад
Паводле папярэдніх звестак, за мінулы год лічба занятых у ІТ скарацілася на 17,6 тысячы чалавек. Апошні раз прыкладна столькі людзей працавала ў галіне ў 2019 годзе.
Пікавым і адначасова апошнім годам, калі ў беларускім ІТ назіраўся прырост занятых, быў 2021 год. Тады ў гэтай сферы працавалі 108 тысяч спецыялістаў. Па выніках 2023 года такіх засталося каля 88 тысяч.
Скарачэнне колькасці занятых у галіне тлумачыцца адтокам кампаній і спецыялістаў у іншыя краіны. Галоўным чынам у Польшчу і Літву.
Акрамя таго, частка кампаній, якія фармальна застаюцца ў Беларусі, скарацілі колькасць супрацоўнікаў беларускіх падраздзяленняў. Ад поўнага сыходу некаторых з іх утрымлівае толькі беларускае заканадаўства, якое не дазваляе ім гэта зрабіць.
Беларусь — губляе, а Польшча — прымае
За кошт скарачэння айцішнікаў у Беларусі, іх колькасць, як і колькасць кампаній з беларускімі каранямі, расце ў суседніх краінах. Найперш у Польшчы.
Паводле звестак Цэнтра эканамічнай інфармацыі на 2023 год, у Польшчы налічвалася 412 ІТ-кампаній з беларускім капіталам. Для параўнання, у 2021 годзе такіх было 164.
Па інфармацыі Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой (ABBA), толькі летась у Польшчы з'явілася 124 ІТ-кампаніі з беларускім каранямі. Усяго прадстаўнікі ІТ-галіны складаюць каля 8% ад агульнай колькасці беларускага бізнэсу ў Польшчы.
У цяперашні час IT займае другое месца па папулярнасці, саступаючы па колькасці толькі сферы «транспарт і лагістыка».
У Літве ІТ-кампаніі з беларускімі каранямі рэгулярна займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў спісе найбольш буйных падаткаплацельшчыкаў у галіне, але прыток новых у гэтую краіну амаль спыніўся.
Летась у Літве з'явілася толькі дзве новыя ІТ-кампаніі з беларускім капіталам (паводле інфармацыі ABBA). У 2022 годзе такіх было 11, а ў 2021 — 17. Усяго ў Літве працуе 62 ІТ-кампаніі з беларускім капіталам.
Агулам у Літве беларусамі зарэгістравана 833 юрыдычныя асобы.
У Латвіі і Эстоніі беларускі бізнэс амаль не прырастае, паколькі гэтыя краіны спынілі выдачу новых ДНЖ грамадзянам Беларусі, апроч гуманітарных выпадкаў.
Віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой Серж Наўродскі адзначае, што асноўнай і ледзь не адзінай краінай, дзе беларускія ІТ-кампаніі працягваюць даволі масава з'яўляцца, застаецца Польшча.
«Рэлакейт беларускага ІТ, як і адкрыццё іншых бізнэсаў, у краінах Балтыі амаль спыніўся. Напрыклад, за 2023 год у Эстоніі з'явілася ўсяго 9 новых юрыдычных асоб з беларускім капіталам, у Латвіі — 10. Крыху лепш сітуацыя ў Літве, там летась беларусы зарэгістравалі 58 кампаній.
Паколькі Польшча на бягучы момант застаецца найбольш спрыяльнай краінай для легалізацыі, то большасць інвестараў як з ІТ, так і з іншых галін выбірае менавіта яе».
Як гэты працэс адбіваецца на беларускай эканоміцы?
Да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, дзе наша краіна стала суагрэсарам, ІТ з'яўлялася адным з асноўных драйвераў росту беларускай эканомікі. Да 2022 года колькасць людзей, занятых у галіне, імкліва расла.
Так, напрыклад, па выніках 2019 года, прырост склаў 12,7%, у 2020-2021 гадах — 9,9 і 9,7% адпаведна.
Аднак, ужо па выніках 2022 года колькасць занятых скарацілася на 2,2%.
Скарачэнне колькасці занятых у ІТ — адчувальная праблема для эканомікі
Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што ІТ у Беларусі працягвае знаходзіцца ў стагнацыі.
«Асноўны адток кадраў назіраўся ў 2022-2023 гадах, калі з Беларусі рэлакаваліся не толькі асобныя супрацоўнікі, а цэлыя кампаніі. Сёння рэлакацыя айцішнікаў мае павольны характар», — адзначае Лузгіна.
На думку эканаміста, сёлета мы будзем назіраць зніжэнне тэмпаў скарачэння занятых у ІТ.
«Большасць тых, хто хацеў з'ехаць і быў гатовы да гэтага, ужо зрабілі гэта. Па шэрагу прычын усе айцішнікі не могуць рэлакавацца, таму большая частка ўсё ж застанецца жыць і працаваць у краіне. Тым не менш, скарачэнне колькасці занятых у ІТ-сферы са 108 тысяч у 2021 годзе да 88 тысяч у 2023-м з'яўляецца адчувальным для эканомікі.
У 2022 годзе негатыўны ўклад у прырост ВУП ад ІТ склаў 0,9%, у 2023 годзе — мінус 0,3%.
Таксама амаль у два разы ў параўнанні са студзенем 2022 года скарацілася доля ІТ-сектара ў ВУП. У апошнім даваенным месяцы на ІТ прыпадала 7% у ВУП Беларусі, у студзені 2023 — 5,6%. У студзені гэтага года доля ІТ у ВУП знізілася да 3,8%», — адзначае Лузгіна.
На думку эксперта, калі б Беларусь не стала суагрэсарам у вайне Расіі супраць Украіны, ІТ-сектар працягнуў бы расці і развівацца, хоць і не такімі тэмпамі.
«Агульнасусветны трэнд такі, што рост у ІТ з 2023 года ўжо не такі імклівы, таму нават без ваеннага фактару нам наўрад ці б удалося мець прырост па колькасці занятых у 10% на год, але ён быў бы.
Праблемы ў беларускім ІТ абумоўлены тым, што, па-першае, многія заказчыкі не хочуць працаваць з кампаніямі з таксічнай юрысдыкцыяй, па-другое — праз тое, што існуюць складанасці з правядзеннем разлікаў», — адзначае эксперт.
Беларусь губляе людзей з высокімі даходамі, якія трацілі грошы ўнутры краіны. Многія з'ехалі разам з сем'ямі, што будзе мець доўгатэрміновы негатыўны эфект не толькі для эканомікі, але і для дэмаграфіі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
Польшча перастала выпускаць у Беларусь люксавыя аўто па просьбе Латушкі?
Каментары
Рэкрутынгу цяпер амаль што няма, гэта вам любы, хто працуе ў ІТ скажа. Як прыклад, на dev.by нядаўна быў артыкул "На рынке ИТ-вакансий опять дно — пока самое глубокое. Мы измерили", дзе статыстыка -- ў сярэднім 14000 вакансіяў у 20-22 гады, і каля 3500 на прыканцы прошлага году. Там, калі што, улік ідзе сярод усіх беларускіх кампаніяў, і тых, што за мяжой таксама.
Калі ў вас мала досьвіду, то працу зусьм не знайсці. Хто ніжэй за мідла -- швах, працу шукаюць па паўгады-год. Стажыровак для джуноў няма.
Ну і галоўнае -- заробкі альбо не выраслі ад слова зусім, альбо нават упалі. Па сакрэту скажу, што ў Менску на некаторых прадпрыемствах кшталту Пеленг, Адані, Планар заробкі ўжо значна вышэй за айцішныя. Гэтым асабліва не свецяць, бо падняліся яны на вайсковых замовах з Расеі на ўсялякае абсталяванне, і ня хочуць яшчэ больш пад санкцыі трапляць. Гэта не ўдалёнка са смузі, канешне, рэжымныя аб'екты як ніяк, але прэміі па паўтары тысячы даляраў некалькі разоў на год кажуць самі за сябе.
То бок век айці ўжо ўсё, прайшоў. Такі вось час