Памятаеце школьніка з «Салігорскай гульні»? Цяпер ён агітуе за Расію, хваліць ГУБАЗіК і рэкламуе дзецям казіно ды махляроў

Бацька-нябожчык Іллі Левінсона — дзеяч адной са сталінісцкіх партый, які ездзіў у «ДНР», каб «дапамагаць ствараць войска».

05.06.2024 / 08:00

«Мефі». Скрыншот прэс-рэліза МУС

У снежні 2023 года нехта стварыў тэлеграм-канал «Салігорская гульня» з пагрозамі масавага расстрэлу дзяцей у Салігорску. Розныя акаўнты пачалі раскідваць іх па іншых суполках, каб нагнаць паніку. Аказалася, што гэта звычайны сватынг (публічныя хлуслівыя пагрозы грамадству ад імя чалавека, каб сілавікі затрымалі яго ці нарабілі яму непрыемнасцяў), каб падставіць мінскага школьніка па мянушцы «Мефі».

Высветлілася, што «Мефі» — гэта 15-гадовы мінскі школьнік Ілля Левінсон, які і сам рабіў тое самае — займаўся сватынгам. Ён змяніў накірунак свайго канала ў сакавіку 2024 года, ужо пасля затрымання.

Лагатып канала «Белы бусел»

Цяпер ягоны канал называецца «Белы бусел», аватарка стала чырвона-зялёнай, а ў канале стала значна болей публікацыяў Z-накіраванасці, а таксама рэпостаў ГУБАЗіКа.

Скрыншот з канала «Белы бусел»

Рэпост з тэлеграм-канала ГУБАЗіКа ў канале «Белы Бусел» з каментаром «Мефі» напрыканцы

Сваёй асобы ён не хавае і хваліцца «супрацоўніцтвам з мянтамі». Праўда, мінулы раз ён казаў тое самае, але гэта не дапамагло.

Прыклад публікацыі, дзе «Мефі» хваліцца тым, што супрацоўнічае з міліцыяй.

А паралельна Ілля рэкламуе дзецям, якія складаюць аснову падпісантаў ягонага канала, сумніўныя праекты — казіно, боты-«адмалёўшчыкі» (іх выкарыстоўваюць махляры), боты для дэананімізацыі карыстальнікаў і рэчы такога кшталту. 

Рэклама сумніўных праектаў у канале «Белы бусел»

«Мефі» абвінавачаны па ч. 2 арт. 340, «загадзя лжывае паведамленне аб небяспецы, здзейсненае групай асобаў або якое пацягнула асабліва цяжкія наступствы». Яго можа чакаць пакаранне да 5 гадоў хіміі або ад 3 да 7 гадоў калоніі. Дата магчымага суда невядомая.

Пастанова на падпіску аб нявыездзе. Фота: «Белы бусел»

Бацька Іллі — Уладзімір Левінсон. Ён памёр два гады таму, але быў даволі вядомым чалавекам. Уладзімір ваяваў у Афганістане, а на пенсіі ўзначаліў беларускае аддзяленне расійскай партыі «Саюз камуністаў». Згодна з яго некралогам, Левінсон «зрабіў неацэнны ўнёсак у стварэнне ўзброеных сілаў Данбаса ў 2014-2017 гадах, дзе ён некалькі разоў быў як вайсковы спецыяліст».

Уладзімір Левінсон. Фота з ягонай старонкі ў «Аднакласніках»

Сярод іншай яго актыўнасці — спроба абароны сквера на вуліцы Машэрава ў 2014-м. Частку дрэваў тады атрымалася захаваць.

У Салігорску рыхтуюць забойствы дзяцей? Не. Вось што адбылося і чаму панікаваць не варта

Раскрытая асоба заснавальніка Anonymous Russia. Ім аказаўся васямнаццацігадовы хлопец

Махляры прыдумалі новую схему: грошы патрабуюць за разблакаванне тэлефона

Nashaniva.com