Нюхаць, націскаць і пратыкаць відэльцам. Як не стаць ахвярай ашуканства пры выбары мяса?
На мінулым тыдні беларусаў уразіла навіна пра злачынную групоўку, якая дзейнічала на тэрыторыі Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. Зламыснікі даставалі тушы з жывёльных могільнікаў, адмывалі мяса содай або мыйным сродкам Fairy, каб прыбраць непрыемны пах, а потым прадавалі яго перакупшчыкам або звычайным спажыўцам пад выглядам хатняга. У сезон шашлыкоў і барбекю чытаць такія навіны асабліва трывожна: не хацелася б замест духмянай шыі на шашлык купіць некалькі кілаграмаў тухляціны. Таму выданне «Моцныя навіны» падрыхтавала гайд па мясе: як выбраць, на што звяртаць увагу і што павінна насцярожыць пакупніка.
04.06.2024 / 16:30
Выбар №1: кураціна
Кураціна — мабыць, адзін з самых папулярных відаў мяса. З яе можна прыгатаваць мноства розных страў. Натуральна, выбіраць кураціну таксама трэба ўмець: вось некалькі лайфхакі і парадаў, якія можна пры гэтым выкарыстоўваць.
- Звярніце ўвагу на знешні выгляд тушкі: грудка не павінна быць занадта павялічанай і выглядаць прапарцыйна канечнасцям. У адваротным выпадку гэта можа быць прыкметай таго, што курыцу выгадавалі на гармонах. Птушка павінна быць без дэфектаў: пераломаў костак, гематом, драпін, крывяных згусткаў.
- Каб праверыць, наколькі кураціна якасная, лёгенька націсніце на яе пальцам. Свежае мяса будзе трымаць форму. А вось на старым і нясвежым застануцца ўвагнутасці.
- Колер таксама адыгрывае немалаважную ролю. Мяса маладых курэй звычайна мае светла-ружовую афарбоўку, скура мяккая і белая, а тлушч бледна-жоўты. На лапках бачныя дробныя лускавінкі. У дарослай курыцы скура больш тоўстая, з жаўтлявай афарбоўкай. Мяса кумпячкоў, у адрозненне ад грудкі, мае больш насычаны яркі ружовы, а ў хатняй птушкі нават чырвоны колер.
- Што тычыцца паху, то ён павінен быць свежым і натуральным. Лепш не купляць мяса ў марынадзе са спецыямі, якія перабіваюць пах папсутага. Часцей за ўсё ў крамах «ядзерна» марынуюць курэй, якія заляжаліся і непрыдатныя для продажу.
Выбар №2: ялавічына
Што можа быць смачнейшае за стэйк, прыгатаваны са свежай ялавічыны? Гэты від мяса багаты на бялок і жалеза, яно змяшчае вітаміны A, PP, C, B і мінералы — кальцый, селен, магній, калій.
Як жа павінна выглядаць свежая і якасная ялавічына?
- Якасная ялавічына можа мець колер ад ярка-ружовага да цёмна-чырвонага. Усё залежыць ад узросту жывёліны. Тлушч павінен быць далікатна-белы і шчыльны — у такім выпадку мяса лічыцца якасным. У маладой ялавічыны тлушч нават трохі крышыцца. Жоўты тлушч сведчыць пра заляжаласць мяса.
- Свежае мяса будзе мець прыемны малочны пах. Калі вы адчулі лёгкую кіслінку — значыць, мяса прадаецца ўжо даўно.
- Пры націсканні на кавалак свежага мяса ніякай ямкі ў мякаці заставацца не павінна — яно тут жа прымае ранейшую форму.
- Яшчэ адзін лайфхак, якія падказалі прадаўцы — агледзьце прылавак. Калі вакол яго ці на ім вільготна — варта задумацца. Нядобрасумленныя прадаўцы багата змочваюць і апырскваюць мясныя кавалкі, каб яны захоўвалі таварны выгляд. Звычайна такія маніпуляцыі робяць, калі мяса заляжалася. Добрае мяса павінна быць крыху вільготным, небліскучым і неліпучым.
Выбар №3: свініна
Свініна не саступае па смаку і пажыўнасці той жа ялавічыне або кураціне. А каб набыты кавалак свініны сапраўды парадаваў аматараў гастранамічных задавальненняў, важна сур'ёзна падысці да выбару мяса.
- Свежая свініна, якую не апрацоўвалі і не засольвалі, афарбаваная раўнамерна ў бледна-ружовы колер з матавай паверхняй. Чырвонае адценне мяса можа гаварыць пра падфарбоўванне, а бледнасць — пра выкарыстанне гармонаў росту. Шараваты колер — першая прыкмета раскладання бялку, ён характэрны для нясвежага і заветранага мяса.
- Добрае мяса не павінна пахнуць літаральна «свіннёй». Такі непрыемны пах маюць тушы кныроў, то-бок некастрыраваных самцоў. Пры награванні яно пачне выдзяляць моцны пах, а далікатны з выгляду кавалак ператворыцца ў «падэшву».
- Свежае мяса не ліпне да рук і не пакідае на іх слізкай кансістэнцыі.
- Нагрэйце відэлец і праткніце кавалак мяса: калі з'явіцца старонні пах, то з мясам відавочна нешта не тое.
І самая галоўная парада, якую «Моцным навінам» падказалі на рынку: не саромейцеся праверыць дакументы на мяса. Праверка яго праходзіць некалькі этапаў: спачатку на бойні, потым — у лабараторыі на рынку. Калі ў прадаўца з гэтым узнікаюць праблемы — гэта падстава задумацца.
На дзяржаўным тэлебачанні паказалі сюжэт пра збыт мяса з жывёльных могільнікаў
За колькі сёння можна адпачыць з шашлыком і як змяніліся цэны ў параўнанні з леташнімі?
Ці можна смажыць шашлык на балконе?
«Шампуры паступова сыходзяць у мінулае». Як правільна выбраць мяса на шашлык?