У Малдове расследуюць справу аб умяшанні ў працу Інтэрпола з удзелам «асоб з Беларусі»
4 чэрвеня ў Малдове прайшлі ператрусы ў рамках расследавання крымінальнай справы аб подкупе службовых асоб Малдовы і іншых краін з мэтай перашкодзіць публікаваць «чырвоныя карткі» Інтэрпола, выдадзеныя для вышуку міжнародных злачынцаў. Справа расследуецца сумесна з Францыяй пры садзейнічанні ФБР, паведамляе антыкарупцыйная пракуратура Малдовы.
04.06.2024 / 22:39
Сутнасць схемы палягала ў тым, каб даць магчымасць асобам, на якіх былі выдадзеныя «чырвоныя карткі» атрымаць прытулак або статус уцекача ў Малдове ці іншых краінах, каб заблакаваць апавяшчэнні Інтэрпола аб вышуку. Для гэтага падазраваныя падкуплялі чыноўнікаў, у тым ліку малдоўскіх.
Сума хабараў ацэньваецца ў некалькі мільёнаў даляраў.
Паводле матэрыялаў справы, у карупцыйную схему былі замяшаныя асобы розных нацыянальнасцяў. Злачынная група, якая плаціла за інфармацыю пра «чырвоныя карткі», мае сувязі з асобамі ў Беларусі, Расіі і Украіне, мяркуе следства.
«Дадатковыя доказы дазваляюць выказаць здагадку, што ў рамках перакрыванай карупцыйнай схемы міжнародная злачынная арганізацыя, якая мае сувязі з асобамі ў Расіі, Украіне, Беларусі і іншых краінах, падазраваная ў здзяйсненні кіберзлачынстваў, якія прычынілі шкоду ў мільёны даляраў, заплаціла хабары пасярэднікам і службовым асобам у Рэспубліцы Малдова для інфармавання злачынцаў, якія вышукваюцца, пра статус чырвоных картак у абмен на ўзнагароджанне», — паведамляе антыкарупцыйная пракуратура Малдовы.
У рамках расследавання ў Малдове прайшлі 33 ператрусы ў 12 чалавек. Былі канфіскаваныя лічбавыя прылады, уключаючы мабільныя тэлефоны, ноўтбукі і камп'ютары, іншыя прадметы і дакументы, якія могуць быць доказамі здзяйснення злачынства. Чатырох чалавек затрымалі на 72 гадзіны.
Беларусь экстрадзіравала грамадзяніна Літвы, які быў у вышуку Інтэрпала
Удзельнікі гурта «Бі-2» і члены іх сем'яў атрымалі грамадзянства Малдовы