У ЕГУ адкрыюць свой гістфак
З верасня ў ЕГУ запрацуе новая праграма — бакалаўрыят па гісторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Вядомы гісторык Цімафей Акудовіч лічыць праект першым паўнавартасным беларускім гістфакам у замежжы.
06.06.2024 / 16:58
Мэтай праграмы яе стваральнікі называюць падрыхтоўку спецыялістаў, якія мысляць крытычна і гатовыя да інтэграцыі ў міжнародную акадэмічную супольнасць. Абяцаюць праводзіць сумесныя курсы з універсітэтамі-партнёрамі, а таксама вывучаць рэгіянальную і мясцовую гісторыю праз гісторыю асобных гарадоў (Вільня, Гданьск, Львоў) з семінарамі ў партнёрскіх арганізацыях у Гданьску і Львове. Кіраўніца праграмы — прафесарка гісторыі ЕГУ Ірына Раманава.
Студэнты будуць вучыцца на беларускай і англійскай мовах, даведаюцца, як рабіць даследаванні і прэзентаваць іх.
«Праграма ставіць на мэце менавіта падрыхтоўку даследчыкаў, якія будуць умець працаваць на еўрапейскім полі. А еўрапейскае гістарычнае поле цалкам сабе самадастатковае. Тут патрэбныя прафесіяналы, якія даследуюць, выдаюць, шукаюць, дыскутуюць, папулярызуюць. І за якасную асэнсаваную працу тут можна атрымліваць цалкам адэкватныя грошы. Ну і кар'еру будаваць. Асабліва цяпер, калі ў гісторыі ў чарговы раз абвастраецца палітычнае вымярэнне. Хапае і праблем, але дзе іх няма», — тлумачыць Цімафей Акудовіч.
Кошт навучання для грамадзян і рэзідэнтаў Беларусі складае 1450 еўра за семестр. Даведацца больш можна тут.
ЕГУ і BEROC будуць навучаць эканамістаў з кар'ернымі перспектывамі ў Еўропе