У ЕГУ рэпрэсаваныя студэнты і выкладчыкі могуць атрымаць гранты на вучобу і працу. Як вырашаюць, каму іх даць? У тых, чые заяўкі не задаволілі, узніклі пытанні. «Наша Ніва» пагаварыла са студэнтамі і выкладчыкам, а таксама з універсітэтам.
Восенню 2023-га ЕГУ атрымаў два гранты, якія маглі б дапамагчы ў навучанні студэнтам у небяспечнай сітуацыі. Першы з іх — дапамога ад міжурадавага форума The Nordic Council памерам у 250 тысяч еўра. Абвяшчалася, што гэтыя грошы пакрыюць кошт навучання 20 студэнтаў з Беларусі і такой жа колькасці ўкраінцаў — па 6200 еўра на чалавека. Крытэрыі выбару ўдзельнікаў — палітычны пераслед і сярэдні бал падчас навучання.
Пазней ЕГУ апублікаваў абвестку пра новы грант, на гэты раз ад эстонскага МЗС. У гэты раз памер дапамогі быў больш сціплы — 35 тысяч еўра, якія мусілі пакрыць гадавое навучанне 16 студэнтаў з Беларусі. Выбіралі па сярэднім бале і па тым, ці трапіў студэнт або нехта з яго бацькоў пад палітычны пераслед, і ці мае чалавек з-за гэтага фінансавыя цяжкасці.
Акрамя гэтага, у ЕГУ не першы год дзейнічае праграма фінансавай дапамогі даследчыкам у рызыцы з Беларусі, Украіны і Расіі. Універсітэт сведчыць, што ў бягучым акадэмічным годзе (2023/24) дапамогу па праграме атрымліваюць 18 даследчыкаў з гэтых краін.
Вядома, з кожным годам расце колькасць навукоўцаў і студэнтаў, якія маглі б прэтэндаваць на дапамогу ад ЕГУ. Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца, як і цяжкасці ўкраінскай акадэмічнай супольнасці падчас вайны, усё складаней працаваць ва ўмовах таталітарызму расійскім навукоўцам. У той жа час, колькасць грантавых сродкаў па-мінуламу абмежаваная.
«Сказалі, што галоўны крытэр — рэпрэсаванасць»
Тыя, хто не атрымаў гранты, маюць пытанні да разгляду заявак.
Святлана (імя змененае) — студэнтка пятага курса ЕГУ, дзяўчына вучыцца там з 2020 года. Яна перабралася ў Еўрапейскі гуманітарны пасля палітычнага адлічэння з універсітэта ў Беларусі.
Амаль увесь час у ЕГУ дзяўчына вучылася бясплатна. Штогод падавалася на гранты.
У верасні 2023-га дзяўчына зноў даслала ва ўніверсітэт заяўку на грант, і адміністрацыя ёй паведаміла, што сёлета гранты будуць выдаваць з улікам паспяховасці, бо рэпрэсаваных студэнтаў шмат. Святлану гэта не напужала, бо яна вучыцца добра, але ёй прыйшла адмова.
Тады Святлана пачала цікавіцца, чаго ёй не хапіла і чыю заяўку тады задаволілі, які сярэдні бал у гэтых студэнтаў. Ёй адказалі, што грант атрымалі тыя, хто меў сярэдні бал не менш за 8,75 (у Святланы ён аказаўся меншым).
Усяго, па яе падліках, у ЕГУ каля 70 беларускіх студэнтаў з палітычным бэкграўндам.
Студэнтка расказвае, як далей склаўся яе дыялог з адміністрацыяй: «Мне сказалі, што галоўны крытэр [выдачы грантаў] — рэпрэсаванасць. Спытала, як яны яе ацэньвалі, бо я трапіла пад пераслед, мяне адлічвалі. Адказалі, што грант атрымалі былыя палітвязні і дзеці палітвязняў, а потым у ЕГУ разглядалі ўсіх астатніх.
Я не мела пытанняў, пакуль не сутыкнулася з другім конкурсам, дзе студэнты праходзілі толькі па сярэднім бале. Там ёсць нестыкоўкі — некаторыя студэнты, якія мусілі прайсці па адзнаках, чамусьці не прайшлі ў конкурсе на першы грант, але іх заяўку задаволілі, калі прыйшоў другі грант. Чаму ж яны не прайшлі ў першым, які праходзіў раней? Таксама, гледзячы па табліцы, студэнтка з балам 8,75 не прайшла і ў другім конкурсе, хаця яна таксама была рэпрэсаваная».
Тым часам Святлане давялося заплаціць за навучанне, інакш яна была б адлічаная. У ЕГУ аплата ідзе кожныя паўгода, і разавая сума складае 600 еўра (за год атрымліваецца 1200 еўра).
«Было рэпрэсавана вельмі шмат студэнтаў, і ў адкрытым доступе павінна быць інфармацыя, як з 2020 года размяркоўваліся гранты, так робяць у іншых універсітэтах, — лічыць Святлана. —
У першым гранце на студэнта выдавалі 2500 еўра. Але ў другім, большым гранце, на кожную прынятую заяўку выдзялялася ўжо 6200 еўра — гэта цалкам уся сума, якую ЕГУ выдаткоўвае на аднаго студэнта, з улікам адміністратыўных і ўсіх магчымых выдаткаў. А 2500 — гэта, як я разумею, сума, якую студэнт мусіць плаціць штогод. Чаму ў адным гранце выдзяляюць 2500 на студэнта, а ў іншым — 6200?»
Дзяўчына таксама прасіла ў адміністрацыі ЕГУ дакументы, каб паглядзець, за грант якой краіны вучылася яна ці іншыя рэпрэсаваныя студэнты — Святлана расказвае, што ў іншых універсітэтах такая інфармацыя адкрытая. Але ў ЕГУ ёй гэту інфармацыю не далі.
«Мне проста адключылі пошту ЕГУ, і я пра грант не даведалася»
Кацярына таксама вучыцца на пятым курсе ЕГУ. Дзяўчына была студэнткай БДЭУ і ўдзельнічала ў працы тамтэйшага стачкаму, але вымушаная была з’ехаць з краіны ў снежні 2020-га з прычын бяспекі і таму адлічылася з універсітэта.
Пазней яна пачула, што ў ЕГУ прымаюць рэпрэсаваных студэнтаў, і звязалася з універсітэтам. У выніку дзяўчына перайшла ў Еўрапейскі гуманітарны на спецыяльнасць «сусветная палітыка і эканоміка» на завочку.
Як і Святлана, Кацярына вучылася на грантавай аснове, але яна кажа, што ўмовы гранту змяняліся штогод. Нейкі час для яго атрымання трэба было проста вучыцца без пераздачаў, і толькі на чацвёртым курсе дзяўчыну папрасілі напісаць заяву на атрыманне фінансавай дапамогі. Яна адзначае, што інфармацыю пра гранты рассылалі толькі на электронную пошту. Таксама Кацярына падпісала дамову, што калі яна не скончыць чацвёрты курс, ёй трэба будзе вярнуць 1200 еўра за навучанне на ім.
Кацярына адзначае, што добра вучыцца, яе сярэдні бал — 9.
Але на пятым курсе дзяўчына-выдатніца не атрымала грант, прычым па недарэчнай прычыне. Проста электронная пошта на платформе ЕГУ, куды Кацярыне даслалі інфармацыю пра грант, перастала працаваць.
«Паводле тэхпадтрымкі, мне даслалі інфармацыю пра тое, што можна падацца на грант, 18 верасня ў 15 гадзін, але гэта быў час канікулаў, калі не штодзень правяраеш пошту. А раніцай 19-га мне проста адключылі пошту, то-бок я пра грант не даведалася. 20 верасня я спрабавала ўвайсці ў пошту, і ў мяне гэта не атрымалася. Быў надпіс, што пароль не падыходзіць, і я вырашыла паспрабаваць зайсці з іншых гаджэтаў. Але кожны раз сістэма пісала розныя даты, калі я быццам змяніла пароль — шэсць дзён таму, пяць дзён, адзін дзень».
Кацярына звярнулася ў тэхпадтрымку ЕГУ. У першай палове кастрычніка ёй вярнулі пошту, усе паведамленні былі выдаленыя. Праўда, у скрыні чамусьці аказалася даведка аб статусе студэнта дзяўчыны — аднафаміліцы Кацярыны, якая мае іншае імя па бацьку. Таксама тэхпадтрымка патлумачыла, што праблемы Кацярыны з поштай якраз і звязаныя з тым, што ў ЕГУ паступіла яе цёзка.
Кацярына напісала ў тэхпадтрымку, што з поштай зноў не ўсё добра, і папрасіла аднавіць доступ да важных дакументаў са сваёй пошты, але справа так і не зрушылася з месца. А ў кастрычніку, калі пачалася вучоба, дзяўчына даведалася ад іншых студэнтаў, што ў ЕГУ ўжо разглядалі выдачу грантаў. Але яна так і не запоўніла заяўку, бо не атрымала ліст наконт гранту.
Студэнтка падумала, што калі ўніверсітэт ведаў пра яе праблемы з поштай, там маглі пайсці насустрач і разглядаць яе кандыдатуру без заяўкі, як гэта было раней.
Але 6 лістапада Кацярыне прыйшло паведамленне, што ў яе запазычанасць па аплаце за навучанне. Яна папрасіла адтэрмінаваць аплату і даслала заяву да рэктара, дзе апісала гісторыю з поштай і тое, як яна прапусціла падачу на грант. Адміністрацыя адказала ёй, што дзяўчына атрымала ліст за паўдня да адключэння пошты — то-бок тэарэтычна магла прагледзець інфармацыю пра грант. І загадала аплаціць навучанне да 31 снежня.
Кацярына расказвае, што ёй не надта проста выдзяліць гэтыя грошы: «Я павінна буду аплаціць 600 еўра за першы семестр і 600 — за другі. Для звычайнага чалавека гэта, напэўна, пад’ёмная сума. Але я вучуся ў двух універсітэтах і маю вельмі мала часу, каб працаваць. Звычайна выкарыстоўваю грошы, каб пакрыць выдаткі на кватэру і забяспечыць ежай сябе і сабаку.
Таксама ў мяне ва Украіне муж, ён вайсковец. Часам мне патрэбна да яго ездзіць ці перадаваць яму на ўсякі выпадак грошы. Таму я б лепей гэтыя грошы аддала свайму мужу, а не ЕГУ, тым больш што гэта была не мая памылка».
«Лічыў, што можна пачынаць з чыстага ліста»
Некалькі месяцаў таму навуковец-філосаф Андрэй Лаўрухін даслаў у ЕГУ заяўку, каб удзельнічаць у конкурсе на гранты рэпрэсаваным навукоўцам.
Тут варта згадаць гісторыю яго адносінаў з універсітэтам. Мужчына апынуўся ў Еўрапейскім гуманітарным у другой палове 90-х, паступіў у аспірантуру. Ён аказаўся першым аспірантам ЕГУ, які абараніў дысертацыю — праўда, сама абарона адбывалася ў Санкт-Пецербурскім дзяржаўным універсітэце. На той час ЕГУ ужо ператвараўся ва ўніверсітэт нон грата для беларускай улады і таму абараняцца там было небяспечна.
Андрэй працаваў у ЕГУ з 1998-га: спачатку быў асістэнтам рэктара Анатоля Міхайлава, потым — лектарам, дацэнтам, кіраўніком праграмы па філасофіі, а яшчэ пазней — дырэктарам дэпартамента філасофіі. У 2014-м Лаўрухіну не працягнулі кантракт пасля забастоўкі, як і некаторым іншым выкладчыкам.
Пасля сыходу з ЕГУ Андрэй Лаўрухін восем гадоў прапрацаваў у Вышэйшай школе эканомікі ў Санкт-Пецярбурзе, адкуль сышоў у знак пратэсту ў 2022-м пасля пачатку паўнамаштабнай агрэсіі Расіі ва Украіне. Перад гэтым ён запісаў відэазварот да калег з Беларусі і Расіі, дзе заклікаў іх не маўчаць і выступіць супраць вайны — напрыклад, шляхам забастоўкі. Ніхто на гэта не адрэагаваў.
У 2023-м выкладчык застаўся без працы, і знайсці новае месца ніяк не атрымоўвалася, тады ён вырашыў звярнуцца ў ЕГУ.
«Прайшло столькі гадоў, і я лічыў, што можна пачынаць з чыстага ліста, тым больш што абралі новага рэктара».
24 ліпеня мужчына даслаў заяўку на праграму падтрымкі рэпрэсаваных навукоўцаў з Украіны і Беларусі, 27 ліпеня ўніверсітэт пацвердзіў, што атрымаў яе. Лаўрухін прэтэндаваў на пасаду даследчыка-выкладчыка.
Таксама, расказвае Андрэй, ён прапанаваў сябе ЕГУ як даследчыка, бо мае добрыя міжнародныя публікацыі.
У пачатку снежня Андрэй атрымаў адказ, што яго кандыдатуру не падтрымалі два кіраўнікі дэпартаментаў, Аляксей Махнач і Рыгор Мінянкоў, бо палічылі, што ёсць больш прыярытэтныя кандыдаты.
Такі лёс сваёй заяўкі Андрэй тлумачыць скандалам 2014 года.
«Я апынуўся ў нейкім чорным спісе», — не разумее Лаўрухін, чаму яго спачатку не ўключылі нават у ліст чакання і якія крытэрыі адбору на гранты.
Супраць Андрэя як чальца Каардынацыйнай рады заведзеная крыміналка па сямі артыкулах. Арыштаваны яго зямельны ўчастак, а на кватэры маці Лаўрухіна, дзе прапісаны ён і яго сям’я, прайшоў вобшук. Мужчына мае ў Літве палітычны прытулак.
У 2021-м затрымалі і асудзілі па крымінальнай справе яго калегу Валерыю Касцюгову, з якой Лаўрухін працаваў у праекце «Наше мнение».
«Канчатковае рашэнне прымаюць грантадаўцы»
«Наша Ніва» звярнулася ў ЕГУ і папрасіла пракаментаваць гэтыя гісторыі.
Па гісторыях студэнтак — прадстаўнікі ЕГУ прызнаюць наяўнасць тэхнічных праблем падчас размеркавання грантаў. Кажуць, што імкнуцца даць празрыстую інфармацыю для вырашэння гэтых цяжкасцей. Наяўнасць разыходжанняў у інфармацыі пра размеркаванне грантаў ЕГУ тлумачыць тым, што пасля першапачатковай публікацыі статусы студэнтаў маглі быць змененыя ці пераразмеркаваныя.
Прадстаўнік ЕГУ Вілюс Алесюс упэўнівае, што ўніверсітэт старанна вывучае індывідуальныя выпадкі, каб забяспечыць празрыстасць і справядлівасць падчас ліквідацыі разыходжанняў.
Датычна гісторыі Андрэя Лаўрухіна ў адказе ЕГУ сказана, што яго заяўка не адпавядала крытэрыям універсітэта і грантадаўцаў — бо, паводле ЕГУ, канчатковае рашэнне прымаюць менавіта грантадаўцы, а ўніверсітэт прадстаўляе ім кандыдатаў і абгрунтоўвае іх інтэграцыю ў ЕГУ. Што гэта за крытэрыі? Прадстаўнікі ЕГУ называюць у адказе наступныя характарыстыкі:
- кваліфікацыя прэтэндэнтаў
- актуальнасць іх праектаў для бягучых ініцыятыў універсітэта
- даступныя праграмы і курсы для інтэграцыі прэтэндэнтаў
- магчымасць якаснай (прадуктыўнай) інтэграцыі навукоўца і сінэргія паміж яго ці яе акадэмічнымі цікаўнасцямі і цікаўнасцямі ўніверсітэта
ЕГУ піша і пра тое, што існуе доўгі спіс навукоўцаў, якія прэтэндуюць на абмежаваную колькасць стыпендый.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬЧытайце таксама:
Рэктар БДУ пра вучобу ў расійскіх універах: Не бачу ніводнага плюсу, сэнс страляць сабе ў нагу
Каментары
Праблема ў тым, што крытэры непублічныя і суб’ектыўныя.