У Нацыянальнай бібліятэцы ідзе выстава старадрукаў Дома Мамонічаў

З 3 чэрвеня ў музеі кнігі ідзе выстава, прымеркаваная да 450-годдзя з пачатку дзейнасці друкарні Мамонічаў — аднаго з самых адметных беларускіх выдавецкіх цэнтраў XVI — пачатку XVIII стагоддзяў.

07.06.2024 / 11:56

На выставе прадстаўлены старадрукі Дома Мамонічаў канца XVI — пачатку XVIII ст. з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сярод экспанатаў — першае выданне тыпаграфіі, сапраўдны шэдэўр кнігадрукавання XVI ст. — Евангелле (1575), надрукаванае Пятром Мсціслаўцам, Псалтыр (1576), больш вядомы як «Псалтыр з чырвонымі кропкамі», Апостал (1595), Евангелле (без сігнатур) (1600), а таксама такія выданні пачатку XVII ст., як Трыёдзь кветная (1609), перавыданне Статута Вялікага Княства Літоўскага (1619) і Трыбунал (1623).

«Дом Мамонічаў» — найбуйнейшая прыватная друкарня, што праіснавала амаль паўстагоддзя і стала другой пасля тыпаграфіі Францыска Скарыны, арганізаванай у сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — Вільні. Браты Мамонічы дамагліся афіцыйнага прызнання, тройчы атрымлівалі каралеўскія прывілеі на права выпуску царкоўна-рэлігійных, свецкіх і юрыдычных выданняў. Яны першымі ў беларускім кнігадрукаванні пачалі выпускаць зборнікі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару.

Друкарня ўлічвала запатрабаванні і культурныя традыцыі розных пластоў насельніцтва. Большая частка выданняў XVI ст. прызначалася на патрэбы праваслаўных брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства.

Экспазіцыя будзе працаваць у музеі кнігі па 30 чэрвеня 2024 г.

Дата завяршэння экспанавання можа быць зменена.

Уваход — па чытацкім білеце або білеце сацыякультурнага цэнтра.

Час працы выставы адпавядае рэжыму работы музея кнігі.

Беларуска атрымала прэстыжную іспанскую прэмію за кнігу пра Чарнобыль

Выйшла трэцяя кніга серыі «Традыцыйны светалад беларусаў»

Выйшла новая кніга вершаў Віктара Жыбуля

Nashaniva.com