«Соня, стой» — ашаламляльны беларускі young-adult
Хто такая Саша Гук — пакуль загадка. Але з яе кнігай хочацца павіншаваць як аўтарку, так і ўсю беларускую літаратуру, піша Зося Лугавая.
16.06.2024 / 08:48
Падлеткаваму голасу ў кнізе Сашы Гук — верыш.
Дазволю сабе нагадаць, што young-adult — гэта літаратура, разлічаная на чытацкую аўдыторыю ад 12 да 18 год, і пры гэтым закранае тэмы, якія шырока прысутнічаюць і ў дарослай літаратуры. Але раскрываюцца гэтыя тэмы з улікам кагнітыўнага, эмацыйнага, моўнага і фізічнага развіцця падлетка. Ён жа ёсць галоўным героем, а тэмы і сюжэты адлюстроўваюць яго досвед, цікаўнасці, праблемы і светапогляд. Важнай рысай з’яўляецца голас апавядальніка, які паказвае ўнутраны свет падлетка.
Менавіта такіх твораў у беларускай літаратуры мала. З сучасных аўтараў такой аўдыторыі і ў такім фармаце, напрыклад, пішуць Андрэй Жвалеўскі з Яўгеніяй Пастэрнак ды Валер Гапееў. Тут жа можна прыгадаць «Італьянскае падарожжа» Аляксандры Хамянок у дзвюх частках і новую кнігу Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба».
У Соні Гук усе недасказанасці, змены тэмаў, ракурсаў і прамежкаў часу — вельмі натуральныя. Ані хвіліны я не сумнявалася, што такая Соня калі не існуе напраўду, то дакладна магла б існаваць. І думаць, пісаць, дзейнічаць менавіта так.
Соні 15 гадоў, але яна пачынае з таго, што прыгадвае фрагменты з ранняга дзяцінства: з мастацкай студыі, заняткаў гімнастыкай і першым сутыкненнем са сваёй асаблівасцю — фізічным болем з-за захворвання хвастцовай часткі хрыбта. Ужо адно гэта робіць яе адрознай ад іншых, а ў 9 класе становіцца нагодай для хатняга навучання.
У Соні складаныя адносіны з бацькам, але чаму так сталася — можна толькі здагадвацца. Сама Соня кажа пра гэта мала і блытана:
«Нарэшце ў яго амаль не засталося слоў для мяне. Лепей бы і гэтыя, апошнія, ён таксама запісаў кудысьці, ну праўда. Але ж не — ён даў ім голас. «Не трэба мне такая дачка», — словы ягоныя выбухнулі ў снежаньскі вечар і зляцелі, спалоханыя самімі сабой. І ўсё стала так, як ёсць цяпер. І тата стаў для мяне безыменным. Бацькам».
У Соні ёсць мама, у адносінах з якой прысутнічаюць і цеплыня, і любоў, і магчымасць гаварыць амаль пра ўсё. «Мама любіла мяне любую і заплятала мне коскі ды хвасты, якія так любіла я. А яны пад канец заняткаў абавязкова віселі нібы смаркачы». Але і мама не заўсёды была надзейнай паплечніцай. Бо, напрыклад, вяла падрабязны блог пра дачку.
На фоне моцнага фізічнага болю Соня часам выпадала з рэчаіснасці і пасля нічога не памятала пра гэтыя эпізоды. Мамін блог, у якім тая заканспектавала 10 першых гадоў Сонінага жыцця, з аднаго боку дапамог дзяўчыне больш даведацца пра сябе, але і парушыў ейную прыватнасць: «…я належала ўсім пяцістам маміным падпісчыкам. І хоць яна закрыла каментары, я цяпер была не ўнікальнай, болей не было таямніцы, за якую можна было схавацца, калі што…»
Мама, тата, маляванне, школа, фізічны боль з’яўляюцца ў тэксце паступова, напластоўваюцца, робяць сусвет, у якім жыве гераіня, усё больш складаным і рэалістычным. З’яўляецца адчуванне, якое я яшчэ крыху магу прыгадаць са сваіх падлеткавых часоў: цябе ніхто і ніколі не зразумее напоўніцу, не адчуе дакладна тое, што адчуваеш ты. Ад гэтага табе самотна і вусцішна, але і захапляльна адначасова.
Самым апошнім з’ўляецца Паша. Быццам бы сябар дзяцінства, быццам бы сын мамінай прыяцелькі, быццам бы сусед, чыё акно ў доме насупраць Соня бачыць са свайго пакоя. Паша, які на некалькі год старэйшы і не так даўно выехаў вучыцца ў Польшчу.
Пасля з’яўлення Пашы застаецца толькі адно, што мусіць з’явіцца, — канкрэтызацыя часу, калі адбываюцца падзеі. І беларускія чытачы імгненна гэты час пазнаюць:
«І Паша пра ўсё мне расказаў. Пра свайго тату, ягоны тэрмін, і што цяпер ён у спісах. Спачатку я слухала толькі Пашаў голас, такі халодны, аднатонны. Але потым словы пачалі складацца ў карцінкі і міксавацца з навінамі і reels, якія я гляджу некалькі разоў на дзень».
Адносіны з Пашам прапісаныя вельмі далікатна, і адначасова — шчыра. Гэта прыклад таго, як можна адным-двума сказамі даць адчуць, што адбываецца паміж героямі. Не хлусіць, не манернічаць і не эпатаваць інтымнымі падрабязнасцямі. Сказаць роўна столькі, колькі трэба: «Нашыя бацькі былі далёка, і нішто не замінала нам прыадчыніць нейкія нябачныя дзверы і паспрабаваць праплішчыцца ў іх — кожнаму па-свойму. Сёння — разам».
Увогуле ў гэтым невялікім тэксце шмат шчырага, падлеткавага, у што хочаш верыць: так насамрэч было. «Гэтае лета не пра мокры купальнік і закладзены нос, а пра важнейшыя адкрыцці. Хоць бы паспець зрабіць нешта плённае», — піша Соня, паехаўшы з мамай у мястэчка ля возера і соснаў. І адразу ж пераймаецца тым, што і як піша ёй у мэсэнджарах найбліжэйшая сяброўка Ксюша: «…яна active agressive і настойвае, што я мушу думаць пра іншае, грамадзянскае, а іначай якая ж я без гэтага патрыётка. Яна ў горадзе, яна ў тэме. А я, выходзіць, здрадніца?»
Вельмі асабістае пераплятаецца і блытаецца з тым, што адбываецца навокал Соні. Іх амаль немагчыма раздзяліць, ды і ніколі яно не адзяляецца, калі табе 15. Пры гэтым Соня вельмі трапна фармулюе і фіксуе назіранні за сабой: «Назаўтра прыязджае мама, і ўсё робіцца звычайным. Калі не лезці ў сеціва, не нюхаць заўчорашняе адзенне і, не разбіраючы, засунуць заплечнік далей у шафу, то можа падацца, быццам нічога і не было: ані мітынгу, ані Пашы, ані ўсяго паміж намі — і мне ўсё прымроілася».
Мне здаецца, у аўтаркі атрымалася зрабіць самае галоўнае: гучаць натуральна. Вядома, важна і цікава пачуць меркаванне чытацкай аўдыторыі, якой у першую чаргу адрасаваная кніга. Але як даволі спрактыкаваная чытачка, я ані разу не адчула штучнасці і сапраўды паверыла тэксту. Ён можа стаць важным чытаннем для тых мільёнаў людзей, чыё жыццё змянілася ў выніку падзей 4-гадовай даўніны.
Саша Гук, «Соня, стой». Выдавецтва «Гутэнберг-паблішэр», 2024 год. Малюнкі mus4getes.
«Ці помніш ты». Гэтая кніга можа пераадкрыць для вас беларускі свет
Героі — падлеткі з Мінска, якія бароняць свет ад Зла