У сакавіку выйшла другая кніга «Вольнераў» Валера Гапеева. Пра яе піша Зося Лугавая.
Першая кніга выходзіла летась, і па словах аўтара, ён ужо працуе над трэцяй часткай. Такая аўтарская прадуктыўнасць і выдавецкі спрыт — вельмі каштоўныя, бо раней беларускія фэнтэзі-серыі часта заставаліся незавершаныя ці выходзілі нерэгулярна: напрыклад, «Кніга здольных» Святланы Аўдзейчык ці «Ключ дарог» Ліліі Ільюшынай. Больш за ўсё спадзеваў на працяг «Казіка з Каменнай горкі» Алеся Кудрыцкага, які, як і «Вольнеры», выходзіў летась. Але ніякіх канкрэтных тэрмінаў ні аўтар, ні выдавецтва пакуль не агучвалі.
«Вольнеры» — гэта беларускае фэнтэзі на падмурку тутэйшай міфалогіі. Героі першай кнігі — менскія падлеткі Цімафей (Цім), Крысціна (Крыс) і Эдуард (Эд). Фармальна яны ўсе аднакласнікі, але Эд знаходзіцца на хатнім навучанні, бо праз хваробу ўжо некалькі год перасоўваецца на інвалідным вазку. Цім і Крыс незалежна адно ад аднаго пачынаюць бачыць істотаў з іншасвету. А пасля, крыху сцяміўшы, што да чаго, самі трапляюць туды, каб аднавіць баланс паміж Дабром і Злом. Менавіта тады, калі яны па сваёй волі прымаюць рашэнне бараніць наш свет ад Зла, яны становяцца вольнерамі.
Сюжэт даволі пакручасты. На самым пачатку Жыва, багіня жыцця і вясны, падзяліла сусвет на два: міфічныя істоты засталіся ў адным, а людзі перайшлі ў другі. Берагіня ж стварыла кубак, з якога вада лілася ў крыніцы чалавечага сусвету. Дзякуючы яму людзі маглі адрозніць праўду ад няпраўды, а дабро ад зла. І тут прыгадваецца бэстселер фэнтэзі 2010-х — кніга «Сем камянёў» Аляксея Шэіна. У ёй таксама сюжэт завязваўся вакол вады і артэфактаў (камянёў), якія трэба знайсці. Але «Вольнеры» разлічаны на старэйшую аўдыторыю, таму тут фабула складанейшая.
Зладзейка Лацынра, якая невядомым шляхам прыйшла ў іншасвет, захацела займець кубак Берагіні, каб валадарыць у свеце людзей. Слугі Лацынры скралі кубак, але па дарозе разбілі яго. Пярун абгарнуў аскепкі глінай, а крумкачы разнеслі іх па двух сусветах. Цяпер Лацынра шукае гэтыя аскепкі. Колькасць аскепкаў вызначае адсоткак злосці, абыякавасці і чалавечай абмежаванасці ў свеце.
Цягам першай кнігі баланс сілаў некалькі разоў мяняецца, і калі героі губляюць аскепак, то чалавечы сусвет змяняецца ў горшы бок. Напрыклад, у ім з’яўляецца культ спорту і здароўя, а інвалідам забаронена з’яўляцца ў грамадскіх месцах. Напрыканцы першай часткі вольнеры губляюць яшчэ адзін аскепак. Эд вырашае застацца ў іншасвеце, бо здагадваецца: у новай рэчаіснасці ён будзе максімальна ізаляваны і абмежаваны ў дзеяннях. Крыс і Цім вяртаюцца ў даволі вусцішную рэальнасць, дзе школа стала амаль казармай, школьнікі называюцца дапрызыўнікамі, а галоўны аспект у адукацыі — фізічная падрыхтоўка і патрыятычнае выхаванне.
«Пасля абеду мы мелі трыццаць хвілін вольнага часу. Потым — дапрызыўная падрыхтоўка: стральба, фізічныя практыкаванні, але найбольш часу мы вучыліся маршыраваць, хадзіць строем, рабіць павароты, аддаваць чэсць, спяваць страявую песню. Ад сямнаццатай да васямнаццатай — асабісты час. Але без дазволу пакідаць школу. Дзве з паловай гадзіны — на самападрыхтоўку. Прагляд тэлевізійных навін і яшчэ якой-небудзь праграмы. Падрыхтоўка да сну. Вячэрні туалет. Адбой…»
Гэта сумны і бедны свет:
«Дзяльба туалетнай паперы — гэта цэлы рытуал, на яго аддаецца пятнаццаць хвілін двухгадзіннага ўрока патрыятызму… Класная пры гэтым аж свеціцца. Яна не стамляецца падкрэсліваць, што дзяльба туалетнай паперы — гэта найлепшы паказчык дэмакратыі ў нашай дзяржаве: кожны на свае вочы бачыць працэс справядлівага размеркавання даброт. Дэмакратыя, такім чынам, пачынаецца з туалетнай паперы, Дакладней, са справядлівай яе дзяльбы».
Розныя версіі сусвету добра прапрацаваны, у іх верыш і часам нават адчуваеш дрыжыкі на скуры. А вось міфалагічнасць выглядае ўтрыраванай: быццам міфічныя істоты натоўпам выйшлі са старонак энцыклапедычнага слоўніка «Беларуская міфалогія» і ласкава завіталі ў цыкл Валера Гапеева. У першай частцы гэта шэшкі, злыдні, смактуны, лойма і хатнік, зазоўкі, Вужыны кароль з вужалкамі. У другой кнізе да іх далучацца Балацянік з Балацяніцай, Дабрахожы, Мара, бог сонца і вясны Ярыла, багіня смерці Паляндра.
Валера Гапеева раней крытыкавалі за патрыярхальнасць, схематычныя жаночыя персанажы, а часам і за сэксізм. Але ў апошніх кнігах аўтар і гучыць сучасна, і грунтоўней прапрацоўвае жаночыя вобразы. Пра пазіцыю аўтара ў гендарным пытанні можна, дарэчы, даведацца ў красавіцкім выпуску падкаста «Літрадыё» з Андрэем Дудко.
«…сам-насам з хлопцам дзяўчына заўсёды перайграе яго ў разумовай бітве! У нас планы, а любы план раскрыць можна. А вы непрадказальныя. Вы рашаеце ў адзін час тры праблемы пяццю спосабамі».
У другой кнізе цыкла аўтар мяняе апавядальніка. Калі ў «Прадвесці» пра прыгоды вольнераў расказваў Цім, то цяпер мы бачым падзеі вачыма Крыс. Акрамя гэтага, замест Эда да вольнераў далучаюцца яшчэ пяць аднакласнікаў: мацак Лёкса, мастак Яныч, разумнік Сяржук, прыгажуня Ніка і ціхоня Волечка. Парушыўшы безліч правілаў, падлеткі збягаюць са школы-казармы і спрабуюць знайсці дарогу да вёскі, дзе раней знаходзіўся праход у іншасвет. Знайсці яго няпроста, бо цяпер усё адбываецца не так, як папярэднія разы. Калі ж вольнеры туды трапляюць, аказваецца, што кожнаму з іх адведзеная свая роля. На ўсякім этапе выпрабаванняў хтосьці адзін мусіць застацца, каб іншыя рушылі далей. Напрыканцы Крыс застаецца адна і апошняе рашэнне ёй даводзіцца прымаць самастойна.
Сама ідэя падлеткавага фэнтэзі, якое абапіраецца на беларускую міфалогію, — файная, але калі першы том чытаўся даволі бадзёра, то другі хацелася б скараціць прынамсі на траціну. Сюжэт размываецца вялікай колькасцю зацягнутых дыялогаў. Героі шмат рэфлексуюць, прызнаюцца ва ўласных заганах, але робяць гэта так доўга і нудна, што часам проста немагчыма чытаць. Ёсць маналогі амаль на дзве старонкі. Прынцып «не расказваць, а паказваць», надзвычай актуальны менавіта для падлеткавай літаратуры, аўтар мала выкарыстоўвае. Усё гэта зніжае тэмп апавядання, тэкст губляе дынамічнасць.
«Сорамна ад аднаго ўспаміну, прашу цяпер прабачэння. А потым ты даверыўся мне цалкам са сваёй нібыта хваробай. У той вечар я забылася на свае… амбіцыі, так. Забылася, што табе са мной трэба адпавядаць маім патрабаванням. Забылася, што самой мне трэба трымацца нейкіх абавязковых правіл, каб быць… Кім? Каб адпавядаць — чаму ці каму? Куды вялі мяне мае амбіцыі, кім я хацела стаць? Адрознай ад усіх? Дык мы ўсе, я ж так выразна сёння гэта бачу, розныя — і тым цікавыя: сваёй рознасцю. Так, мая літара А — амбіцыйнасць. Прабачце, калі яшчэ мільгане ўва мне гэтая рыса: патрабаваць ад іншых таго, чаго хачу я, а не патрабуе справа. Я абяцаю выправіцца…»
У тэксце шмат цытат і адсылак да іншых аўтараў: ад класікаў беларускай літаратуры да сучасных класікаў рок-сцэны:
«У нас — у мяне і маіх сяброў — ёсць магчымасць вярнуць свет, у якім вы, мама і тата, летам бываеце ў археалагічных экспедыцыях. І спяваеце песню «Простыя словы, простыя рэчы». Той свет, — я павярнулася да класнай, — дзе, Яніна Дзмітрыеўна, Васіль Быкаў — не забаронены пісьменнік. А любімы і паважаны. І Караткевіч не забаронены, і «Каласы пад сярпом тваім» мы вывучаем у школе, а Алесь Загорскі — ваш любімы герой».
Асобна хочацца адзначыць фігуру Дабрахожага. Прыязны дзядок, што зазірае ў хату, у якой на ноч спыніліся героі, пачынае спакушаць іх вярнуцца ў чалавечы свет. Прамаўляе ён так ладна, што ажно хочацца згадзіцца. А пасля разумееш: гэта той самы морак, якім тлумяць галовы людзям тыя, хто маюць уладу ці прагнуць яе:
«Трэба ва ўсім шукаць радасць, тады і шчасце знойдзецца! Ад дабра не дабра шукаюць, а лепшае — вораг добрага. Хіба ж не так? У вас там будучыня акрэсленая, клопат пра вас вялікі, а ў іншым свеце як стане? А свет жорсткі, свет злы! Колькі расчаравання вас чакацьме, колькі непрыемнасцей наперадзе, слёз ды крыўды, расчаравання ды шкадавання сустрэнеце? А тут цярпенне ды памяркоўнасць свой плён прынясуць, трэба толькі яго дачакацца. На гэтым свет і стаіць, а не на пошуках невядома чаго…».
Што чакаць у трэцяй частцы «Вольнераў»? Мяркую, раскрыцця тэмы здрады, бо цягам апошняга падарожжа ў іншасвет Цім і Крыс пачынаюць падазраваць Эда. Сустрэўшыся з былым сябрам у фінале другой кнігі, яны амаль пераконваюцца ў адступніцтве. Але — не ўсё так проста…
«Вольнеры. Бясконцы дзень», Валер Гапееў. Выдавецтва «Янушкевіч», 2024.
Каментары