Апублікавалі тэкст меркаванай дамовы, якую склалі ў 2022 падчас расійска-ўкраінскіх перамоў
The New York Times апублікаваў праект мірнай дамовы паміж Расіяй і Украінай, які стаў вынікам перамоў паміж бакамі з лютага да красавіка 2022 года, але ў выніку так і не быў падпісаны.
15.06.2024 / 15:56
Падчас адной з сустрэч украінскай і расійскай дэлегацый у Стамбуле. Сакавік 2022 года. Фота: Turkish Presidency via AP
Журналісты сцвярджаюць, што атрымалі дакументы ад украінскіх, расійскіх і еўрапейскіх крыніц. Усе дакументы апублікаваныя цалкам на рускай і англійскай мовах, іх сапраўднасць пацвердзілі выданню ўдзельнікі перамоў.
NYT прыводзіць версіі праектаў дамоў ад 17 сакавіка і 15 красавіка 2022 года, а таксама сумеснае «камюніке», узгодненае на перамовах у Стамбуле 29 сакавіка.
У дакументах гаворыцца, што Украіна не можа ўступаць у НАТА і іншыя вайсковыя альянсы. Таксама Украіна не павінна ваяваць на баку аднаго з гарантаў яе бяспекі — Вялікабрытаніі, Кітая, ЗША, Францыі і Расіі (у дужках таксама пазначаны Беларусь і Турцыя).
Украіне не дазвалялася праводзіць вайсковыя вучэнні з любой з гэтых краін. Краіны-гаранты абавязаліся не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Украіны і не ўводзіць на тэрыторыю краіны войскі.
Згодна з дакументам, Украіна і Расія павінны былі адмяніць усе ўзаемныя санкцыі. Пры гэтым дзеянне дамовы не распаўсюджваецца на тэрыторыю Крыма. Масква таксама хацела, каб Кіеў прызнаў Крым часткай Расіі, але Украіна адмовілася выконваць гэтую ўмову.
Яшчэ адзін артыкул пагаднення меў на ўвазе, што рускай мове ва Украіне павінен быць нададзены статус дзяржаўнай. Гэты пункт таксама не быў узгоднены Украінай.
У дадатку да дамовы пазначаная максімальная колькасць асабовага складу і ўзбраенняў, якая можа быць ва Украіны ў яе меркаваным нейтральным статусе — 85 тысяч па расійскай версіі і 250 тысяч па ўкраінскай.
Галоўная выснова, якую робіць газета — дасягненне паразумення на такіх умовах не было магчымым і вясной 2022 года, таму для яго зрыву не давялося прыкладаць нейкіх асаблівых намаганняў.
«Стандартны набор агрэсара». У Офісе Зяленскага пракаментавалі «мірны план» Пуціна
Удзел у Саміце міру пацвердзілі каля 90 краін і міжнародных арганізацый