«Стандартны набор агрэсара». У Офісе Зяленскага пракаментавалі «мірны план» Пуціна
На думку прадстаўнікоў Офіса, Пуцін не агучыў рэальных мірных прапаноў.
Дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк адрэагаваў на прапановы па ўрэгуляванні канфлікту, якія агучыў Уладзімір Пуцін.
«Ніякіх новых «мірных прапаноў» ад Расіі не паступала. Суб'ект Пуцін агучыў толькі «стандартны набор агрэсара», які ўжо неаднаразова гучаў.
Ягоны змест даволі спецыфічны, у вышэйшай ступені абразлівы для міжнароднага права і абсалютна красамоўна гаворыць пра няздольнасць цяперашняга расійскага кіраўніцтва адэкватна ацэньваць рэаліі», — адзначыў Падаляк у X.
Прапановы Пуціна ў офісе Уладзіміра Зяленскага бачаць так:
«1. Аддайце нам свае тэрыторыі.
2. Адмоўцеся ад свайго суверэнітэту і сваёй суб'ектнасці.
3. Пакіньце сябе без абароны (ніякага сяброўства ў альянсах).
4. Здыміце (разам з краінамі Захаду) усе санкцыі цалкам і неадкладна, каб мы маглі напоўніць нашу ваенізаваную эканоміку і рабіць больш інвестыцый у інфармацыйныя правакацыі па ўсім свеце.
Самае галоўнае — пятае — давайце тэрмінова выпраўляць «не / правал Расіі» за кошт Украіны».
Па словах Падаляка, у гэтых прапановах няма жадання скончыць вайну, але ёсць жаданне не плаціць за яе самастойна і весці яе ў новых фарматах.
«Гэта ўсё поўны падман. Таму — яшчэ раз — пазбаўцеся ад ілюзій і перастаньце ўспрымаць сур'ёзна абразлівыя для здаровага сэнсу «прапановы Расіі», — рэзюмаваў Падаляк.
Пуцін на сустрэчы з кіраўніцтвам МЗС Расіі назваў умовы для пачатку мірных перамоў з Украінай: вывад УСУ з усіх анексаваных Расіяй тэрыторый, гарантыі неўступлення Украіны ў NATO і бяз'ядзернага статусу краіны.
Каментары