Чаму Арына Сабаленка адмовілася выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы?
Алімпійскі турнір усяго толькі другі раз за ўсю сучасную гісторыю тэнісу на Алімпіядах будзе ладзіцца на грунтавых кортах.
18.06.2024 / 14:03
Фота: Christophe Ena / AP
Галоўная прычына — клопат пра здароўе, звяртае ўвагу журналіст «Белсата» Алесь Пуціла.
«Я не буду гуляць на Алімпіядзе ў сувязі з усімі правіламі WTA (Жаночая тэнісная асацыяцыя), што прадугледжваюць удзел у абавязковых турнірах. Прыходзіцца чымсьці ахвяраваць. На жаль, я мушу выключыць менавіта Алімпійскія гульні. На гэтым этапе маёй кар’еры і асабліва з улікам усіх цяжкасцяў, што я перажыла за апошнія месяцы, мне трэба паклапаціцца пра сваё здароўе», — распавяла Сабаленка на прэс-канферэнцыі ў Берліне.
Першапачаткова, пасля заканчэння Адкрытага чэмпіянату Францыі, на Алімпіяду былі дапушчаныя 69 тэнісістак, у тым ліку Сабаленка і іншая беларуска Вікторыя Азаранка. Але ўжо сямёра з іх (з улікам Сабаленкі) абвясцілі пра немагчымасць сваёй паездкі ў Парыж з розных прычынаў.
Самае галоўнае ў тым, што алімпійскі турнір усяго толькі другі раз за ўсю сучасную гісторыю тэнісу на Алімпіядах будзе ладзіцца на грунтавых кортах.
Раней пясок для алімпійцаў падсцілаўся толькі на Гульнях-1992 у Барсэлоне. Вышэйшымі за Алімпіяду ў тэнісістаў лічацца чатыры спаборніцтвы: адкрытыя чэмпіянаты Аўстраліі, Францыі, Вялікай Брытаніі і ЗША. Галоўныя турніры чатырохгоддзя адбудуцца ў Парыжы пасля травянога «Ўімблдану». А даволі хутка па Алімпійскіх гульнях тэнісісты вымушаныя будуць выступаць ужо на гардзе, што сцелецца на «US OPEN». І гэта, на адрозненне ад пяску і травы, жорсткая, пераважна з асфальту ці бетону, аснова без спецыяльных падкладак і змякчальных пластоў. Зразумела, што з такім выклікам — гульнёй на трох розных пакрыццях за адносна кароткі перыяд — ніхто з сучасных тэнісістаў не сутыкаўся ніколі. Раней Сабаленка выступала на Алімпіядзе толькі аднойчы. Але Токіа-2020 тры гады таму стаў для яе нешчаслівым. Яна здолела перамагчы там толькі аднойчы і ў другім коле выбыла з далейшай барацьбы.
«Гэта так складана… Гэта занадта, калі мець на ўвазе расклад. І я пастанавіла паклапаціцца пра сваё здароўе. Бо на Адкрытым чэмпіянаце Францыі перажыла горшы досвед майго жыцця на корце. Я гуляла з траўмамі, але калі ў цябе яшчэ і захворванне страўніка і ўвогуле не маеш сілаў гуляць у чвэрцьфінале турніру «Вялікага шлема» — сапраўды жахлівы досвед. Але гэта так. Думаю, маё цела проста прасіла адпачынку і мне неабходна знайсці пару дзён, каб расслабіцца і ўзнавіцца пасля цяжкіх траўмаў», — зазначыла Сабаленка на прэс-канферэнцыі ў Берліне.
На Алімпіядах спартоўцы не атрымліваюць не толькі прызавых, але і рэйтынгавых балаў. А некалькі месяцаў таму WTA прыняла дзіўныя пастановы, дадаўшы ў лік абавязковых адразу некалькі турніраў.
Хаця тэнісісткі разлічвалі, што ўсё будзе больш паступова. Меркавалася, што Рым-2024 да неабходных для гадавога рэйтынгу далучыцца толькі налета, яшчэ праз год — Таронта ці Манрэаль. Але ўжо сёлета каляндар павялічыўся, па-першае, за кошт спаборніцтваў найгалоўнейшай пасля мэйджараў катэгорыі «1000» — з 9 да 10 (вернецца восеньскі супертурнір у кітайскім Ўухані). А пяць з такіх тысячнікаў падоўжаныя па часе правядзення і выходзяць за тыднёвыя межы. А вось лік турніраў з самым нізкім для прафесіяналаў статусам — «250» — скараціўся.
Такім чынам, у спісе ўдзельнікаў Алімпіяды ў Парыжы пакуль застаецца толькі адна беларуска — Вікторыя Азаранка [На Алімпіядзе ў Лондане яна выйграла золата ў міксце з Максімам Мірным і бронзу ў індывідуальным разрадзе — НН].
Сёння яна стартуе на турніры ў Берліне, дзе гуляе і Сабаленка, якая, аднак, далучыцца пазней. Бо высокі рэйтынг дазволіў ёй выступаць у сталіцы Нямеччыны пад другім нумарам і першае кола Арына прапусціць. А ў наступным згуляе з чатырнаццатай ракеткай свету Дар’яй Касаткінай.
Арына Сабаленка прапусціць Алімпіяду ў Парыжы
Арына Сабаленка пасля вылету з «Ралан Гарос» паляцела адпачываць у Грэцыю з бойфрэндам-мільянерам
Сабаленка афіцыйна перастала быць другой ракеткай свету
Арына Сабаленка перастала хаваць, з кім сустракаецца