Археолагі расказалі, ці ўдалося адшукаць на дне Бярэзіны скарб Напалеона
17 чэрвеня скончыліся падводныя археалагічныя даследаванні на Бярэзіне, на месцы пераправы арміі Напалеона ў лістападзе 1812 года. Археолаг Вадзім Кошман расказаў «Мінскай праўдзе», што ўдалося знайсці на дне Бярэзіны падчас гэтай экспедыцыі.
22.06.2024 / 19:17
Экспедыцыя працавала каля вёскі Студзёнка, а праводзіў даследаванні Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сумесна з дайвінг-цэнтрам. Вадзім Кошман расказаў, якім знаходкамі ў выніку ўдалося ўзбагаціць навуку:
«Частка ад посуду, заклёпкі ад абозаў, шмат гузікаў… Апошнія ёсць вялікія і малыя. Яны шмат нам гавораць, бо маюць ідэнтыфікацыйны нумар, які дазваляе лакалізаваць палкі ў канкрэтным месцы. Іх было каля 30-40 на мундзіры. Вось гэты адносіцца да 3-га Партугальскага легіёну, на ім ёсць надпіс.
У нас ёсць гузічкі і 1-га Легіёну. Яны ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях у гэтым раёне. Вось кіцельны гузік Расійскай імперыі больш позняга часу, XIX стагоддзя. На ім пазначаны 1857 год.
Гузік, знойдзены падчас экспедыцыі. Фота: mlyn.by
А вось гэта кулі са свінцу, якімі забівалі людзей. Ёсць сярод іх і жаваная куля. Яе давалі ў зубы чалавеку, калі рабілі аперацыю. А гэта кавалачак ад ядра пасля разрыву. Яны былі пустыя ўсярэдзіне, круглыя.
Дастаткова шмат знайшлі тыповых спражак таго перыяду. Яны выкарыстоўваліся на амуніцыі, як салдацкай, так і афіцэрскай.
Знайшлі і фрагменты слоіка — ганчарнага посуду, якім, хутчэй за ўсё, карысталася мясцовае насельніцтва XVII — XVIII стагоддзяў. Гэта быў даволі вялікі посуд. Вушкі ад катла, на якія чапляўся абруч. Сценка віннай бутэлькі. У абозе знаходзілася вялікая колькасць віна і шампанскага, якое таксама выдавалася афіцэрам і салдатам — і для сугрэву, і для традыцый.
У 2012 годзе знайшлі на беразе Бярэзіны фрагмент бутэлькі з таўром і датай 1809 год».
Спражкі, знойдзеныя падчас экспедыцыі. Фота: mlyn.by
Падчас экспедыцыі таксама вяліся здымкі, на матэрыялах якіх плануюць выпусціць дакументальны фільм.
Сумесныя выезды падводнікаў і археолагаў у розныя месцы Беларусі вядуцца з 2015 года. Падчас гэтых экспедыцый былі сярод іншага знойдзеныя даспехі рыцара з ракі Віхра, старажытны човен з Нёмана, унікальныя ядры каля замка Жабер, барысаўскія байдакі (патанулыя караблі), шабля мамлюка, ваяра спецыяльнага падраздзялення, і многае іншае.
На гарадзішчы на Менцы разбіраюць фантастычнай захаванасці гіганцкія дубовыя зрубы X стагоддзя
У Валожыне рыхтаваліся да «Дажынак», а знайшлі падмурак касцёла XVII стагоддзя