У Валожыне рыхтаваліся да «Дажынак», а знайшлі падмурак касцёла XVII стагоддзя
У Валожыне падчас раскопак выявілі элемент будынка касцёла XVII стагоддзя. Пра гэта расказаў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргей Ліневіч.
Раскопкі ў гістарычным цэнтры Валожына праходзяць у рамках падрыхтоўкі горада да «Дажынак». Паводле закона, любыя будаўнічыя работы разам з аб'ектамі гісторыка-культурнай спадчыны павінны суправаджацца археалагічнымі даследаваннямі, піша БелТА.
У прыватнасці, паблізу касцёла па праекце добраўпарадкавання цэнтра Валожына будаўнікі павінны абсталяваць паркоўку.
«Тое, што было выяўлена пры правядзенні земляных работ, можна лічыць вялікім поспехам для археолагаў. Вядома, што ў гэтым месцы некалі стаяў касцёл, пабудаваны прыкладна ў апошняй чвэрці XVII стагоддзя. Ён быў драўляным і згарэў у 1814 годзе. Ніякіх больш падрабязных звестак пра аб'ект не захавалася», — расказаў Ліневіч.
Археолаг адзначыў, што ў адным з раскопаў знайшлі падмурак пабудовы, якая датуецца XVII стагоддзем.
«Недалёка быў зафіксаваны вельмі магутны падмурак вялікага будынка. Папярэдне можна сказаць, што першы будынак — гэта плябань (дом, у якім жылі ксёндз і прыслуга), а другі — касцёл. Цяпер спрабуем вызначыць іх межы», — расказаў Ліневіч.
Гісторыкі знаходзяцца на сувязі з мясцовымі ўладамі, каб знайсці рашэнне і скарэктаваць далейшае ўпарадкаванне з улікам каштоўных знаходак.
«Акрамя элементаў будынкаў, на месцы раскопак было выяўлена мноства артэфактаў. На месцы меркаванай плябані знойдзеныя фрагменты посуду, шклянога і керамічнага, аконнага шкла, у куце падмурка — захаваная печка, пакрытая кафлямі паліванымі зялёнага колеру. Характэрна, што перэдні бок печы, павернуты да ўваходу, быў паліваны, а тыльны — тэракотавы без глазуры», — адзначыў гісторык.
Цяпер археолагі праводзяць расчыстку падмурка. На паверхню ўжо выйшлі некалькі фрагментаў мармуровай пліткі.
«Спрабуем зразумець: гэта элементы касцёла ці знаходка больш позняга перыяду. Работы ў самым разгары, але зразумела адно — гісторыя Валожына адкрылася яшчэ на два стагоддзі таму, бо асноўныя гістарычныя пабудовы ў цэнтры датуюцца XIX стагоддзем», — дадаў Сяргей Ліневіч.
Прадстаўнікі мясцовага музея пастаянна прыходзяць да месца раскопак, спадзеючыся, што ўжо ў хуткім часе экспазіцыя папоўніцца новымі экспанатамі. Не выключана, што ў гасцей горада з'явіцца магчымасць убачыць фрагменты старога горада пад шклом, бо частка падмурка, хутчэй за ўсё, у будучыні будзе экспанавацца.
На гарадзішчы на Менцы разбіраюць фантастычнай захаванасці гіганцкія дубовыя зрубы X стагоддзя
Інстытут гісторыі праводзіць падводныя археалагічныя даследаванні на Бярэзіне. Шукаюць скарб Напалеона
«Такога ўзросту знаходак, якія знайшлі на Менцы, на тэрыторыі Усходняй Еўропы больш няма» — дырэктар Інстытута гісторыі
Старажытныя людзі на тэрыторыі Беларусі жылі больш за 400 тысяч гадоў таму
Каментары