Асанж заключыў здзелку з уладамі ЗША і быў вызвалены

Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж прызнаў у амерыканскім судзе віну ў разгалашэнні вайсковых сакрэтаў, пасля чаго, згодна з дасягнутымі раней з уладамі ЗША дамоўленасцямі, быў вызвалены.

26.06.2024 / 07:37

 Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж пакідае федэральны суд на Сайпане, Марыянскія астравы, у сераду, 26 чэрвеня 2024 г. Фота: AP Photo / Eugene Hoshiko

Пасяджэнне праходзіла ў Федэральным акруговым судзе на востраве Сайпан у Ціхім акіяне (тэрыторыя ЗША), куды Асанж прыбыў з Лондана, піша BBC. 

Пасля прызнання віны ў змове з мэтай атрымання і выдавання сакрэтных звестак аб нацыянальнай абароне суддзя Рамона Манглона заявіла, што будзе «справядлівым і разумным» залічыць у якасці тэрміну пакарання 62 месяцы, якія Асанж правёў у лонданскай турме строгага рэжыму «Белмарш», аспрэчваючы экстрадыцыю ў ЗША. 

Больш сурʼёзныя абвінавачванні, якія пагражалі доўгім турэмным тэрмінам, з Асанжа былі знятыя. 

«Вы зможаце выйсці з гэтай залы суда свабодным чалавекам», — сказала суддзя пасля заканчэння пасяджэння. 

Справа супраць Асанжа спыненая, амерыканскія ўлады таксама адклікалі свой запыт аб экстрадыцыі. 

Астраўная тэрыторыя для ўгоды была абраная не выпадкова — як гаварылася ў судовых дакументах, Асанж не хацеў прызнаваць віну на кантыненце, акрамя таго, востраў Сайпан знаходзіцца адносна недалёка (3200 км) ад Аўстраліі, куды цяпер адправіцца заснавальнік WikiLeaks. 

У найбліжэйшы час Асанж вылеціць у аўстралійскую сталіцу Канберу.

Джуліяна Асанжа вызвалілі з турмы ў Лондане, у якой ён адбыў пяць гадоў

Джуліян Асанж папросіць адпусціць яго з турмы на пахаванне Віўен Вествуд

Брытанія ўхваліла выдачу Асанжа ў ЗША

Nashaniva.com