Рэдакцыя New York Times заклікала Байдэна зняць сваю кандыдатуру з выбараў
Рэдакцыйная калегія амерыканскай газеты The New York Times апублікавала заяву з загалоўкам «Каб служыць сваёй краіне, прэзідэнт Байдэн павінен пакінуць гонку».
29.06.2024 / 14:47
Журналісты выдання лічаць, што дзейны прэзідэнт «ужо не той, якім быў чатыры гады таму», і асцерагаюцца, што ён не зможа перамагчы Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах.
NYT заклікае Байдэна саступіць месца больш «пераканаўчаму» і «энергічнаму» кандыдату ад дэмакратаў, пераказваюць артыкул «Асцярожна, навіны».
«Самае вялікае грамадскае служэнне, якое цяпер можа аказаць спадар Байдэн — гэта абвясціць, што ён не будзе працягваць балатавацца на пераабранне», — заклікаюць рэпарцёры NYT.
Рэдакцыя газеты станоўча выказваецца аб палітыцы Джо Байдэна, але мінулыя тэледэбаты з Трампам лічыць правальнымі, бо на іх Байдэн паўстаў як «цень вялікага дзяржаўнага служачага» і «з цяжкасцю адказваў на правакацыі» апанента.
У артыкуле таксама гаворыцца, што Дэмпартыі ЗША занадта рызыкоўна меркаваць, што амерыканцы не звернуць увагі на ўзрост і немач Байдэна. А для перамогі дэмакратам трэба быць сумленнымі і прызнаць, што ён не можа працягваць гонку.
З нагоды выступу Трампа на тэледэбатах NYT заявіла, што ён «нахабна і шматкроць хлусіў аб сваіх дзеяннях і суперніку». «Ён апісаў планы, якія нанясуць шкоду амерыканскай эканоміцы, падарвуць грамадзянскія свабоды і сапсуюць адносіны Амерыкі з іншымі краінамі», — піша пра Трамп NYT.
У чацвер у ЗША прайшлі першыя тэледэбаты паміж Байдэнам і Трампам — асноўнымі кандыдатамі на наступных выбарах прэзідэнта ЗША.
Паводле апытання CNN (лічыцца прадэмакратычным), 67% гледачоў назвалі Трампа пераможцам на выбарах. Нягледзячы на паразу ў дэбатах, штаб Байдэна заявіў, што прэзідэнт не пакіне перадвыбарную гонку.
60-я выбары прэзідэнта ЗША запланаваны на 5 лістапада 2024 года. У лістападзе Джо Байдэну споўніцца 82 гады.
60% амерыканцаў хочуць замяніць Байдэна ў якасці кандыдата ад дэмакратаў пасля дэбатаў
Амерыканскія дэмакраты абмяркоўваюць замену Байдэна з-за правальных дэбатаў з Трампам
Трамп упэўнена перамог Байдэна на дэбатах