Блогерку Асю Паплаўскую не прынялі ў манашкі ў Польшчы
Блогерка і журналістка Ася (Галіна) Паплаўская некалькі гадоў служыла ў кляштары. Яна збіралася ўступіць у каталіцкую кангрэгацыю Сясцёр-еўхарыстак у польскім горадзе Прушкаў. Але марам не было наканавана збыцца.
30.06.2024 / 22:35
Ася Паплаўская. Фота: інстаграм
Пра гэта Ася напісала ў інстаграме.
«Апошнія пяць гадоў жыцця я марыла аб адным: прынесці манаскія абяцанні паслушэнства, беднасці і чысціні, змяніць белы вэлюм і кароткую сукенку на чорны вэлюм і хабіт — «паўнавартаснае» манаскае адзенне. І служыць сваімі дарамі людзям у імя Госпада. Я лічыла гады, месяцы і дні да 26 жніўня 2024 года — дня маіх першых абяцанняў. У мяне былі цяжкія дні, але я ні разу не засумнявалася ў сваім пакліканні да сясцёр эўхарыстак.
Ды дзе там.
У пачатку чэрвеня мне паведамілі, што я не магу прынесці абяцанні ў Кангрэгацыі… Прычыну назваць не магу. Скажу толькі, што на працягу пяці гадоў майго знаходжання ў манастыры тое, што стала «перашкодай», такім не было. Але… Дапушчэнне Божае.
Я прыехала ў Польшчу 2 гады таму без грошай і без свецкіх рэчаў. Ехала ў навіцыят у манаскім адзенні будучы ўпэўненай, што мая такая нетыповая для мяне дарога вызначана Госпадам і што няма іншага шляху.
У 36 гадоў мне трэба пачынаць жыццё спачатку. У Польшчы без жылля, без працы, без плана на жыццё».
Ася дадала, што не шкадуе пра гэты досвед і пражыла цудоўныя пяць гадоў.
«Гады ў манастыры паказалі мне вельмі канкрэтна: я не адна. Я ніколі не адна. Са мной Гасподзь. І вы — мае людзі».