Колькасць нараджэнняў у Мінску падскочыла 3 ліпеня на 175%
Чыноўнікі адрапартавалі аб нараджэнні ў Беларусі 156 дзяцей, з іх у Мінску — 55 дзяцей. Гэта значна больш, чым у папярэднім годзе.
04.07.2024 / 11:25
Паколькі дэмаграфічныя звесткі публікуюцца ў Беларусі даволі рэдка, 3 ліпеня — адна з нямногіх магчымасцяў адсачыць актуальныя звесткі. Дзяржаўныя СМІ звычайна публікуюць колькасць народжаных у гэты дзень.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2024 на Дзень Незалежнасці нарадзілася 156 дзяцей.
Гэта нашмат больш, чым у папярэднія два гады.
Колькасць народжаных у Беларусі 3 ліпеня
2024 — 156
2023 — 121
2022 — 117.
Аднак аптымізму становіцца нашмат меней, калі параўнаць агульнабеларускія лічбы з гадамі, якія папярэднічалі 2020-му.
Так у 2017 годзе паведамлялася аб нараджэнні на Дзень Незалежнасці 214 дзяцей. У 2018 і 2019 было адпаведна 181 і 189 народжаных.
Звесткі па 2020-м і 2021-м годзе адсутнічаюць.
Анамальны Мінск
За кошт чаго быў дасягнуты такі прырост? Перадусім за кошт сталіцы.
У Мінску на свет з'явілася 55 дзяцей, хоць летась было толькі 20 немаўлятаў. Прырост на 175%!
У астатніх рэгіёнах сітуацыя змянілася не так істотна. Напрыклад, на Міншчыне лічба вырасла з 23 да 26, на Гродзеншчыне лічба — з 12 да 16, на Віцебшчыне — з 9 да 12.
На Магілёўшчыне зафіксавана 15 народжаных, як і год таму.
А вось на Гомельшчыне колькасць нараджэнняў зменшылася з 22 да 16 дзяцей, на Брэстчыне — з 20 да 14 дзяцей.
Дэмаграфічная катастрофа. Узровень нараджальнасці ў Беларусі апусціўся ніжэй за ваенныя часы
У Беларусі недастаткова моладзі і зусім мала дзяцей. У чым прычыны?