«Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай у структуры TVP

Кіраўніцтва Польскай тэлевізіі анансавала вялікія змены ў працы сваіх замежных рэдакцый, у ліку якіх ёсць «Белсат» і яго рускамоўны філіял «Вот так». Якая будучыня чакае тэлеканал?

04.07.2024 / 16:58

Фота: belsat.eu

Кіраўніцтва польскай тэлекампаніі TVP World заявіла аб хуткім стварэнні «Цэнтра замежных тэлепраграм», які возьме пад кантроль усе рэдакцыі і антэны, якія транслююць навіны на замежных мовах, піша Gazeta Prawna.

Цяпер «Белсат» — самастойнае падраздзяленне ў складзе TVP, нароўні з TVP World. Пасля зменаў тэлеканал увойдзе ў структуру, якая будзе падпарадкоўвацца TVP World. Гэта значыць, стане менш аўтаномным.

«Акрамя «Белсата» і «Вот так», будзе таксама створаная ўкраінскамоўная рэдакцыя, якая пачне працу 1 сакавіка 2025 года. На кожную з рэдакцый будзе выдаткавана па 6 гадзін вяшчання штодзень», — распавёў кіраўнік TVP World Міхал Бранятоўскі.

Бранятоўскі пры гэтым падзякаваў «Белсат» за яго дасягненні ў барацьбе за незалежнасць Беларусі і адзначыў, што новыя правілы не маюць на ўвазе знікненне «Белсата».

Польскі МЗС у сваю чаргу запэўніў, што фінансаванне замежных рэдакцый, у тым ліку «Белсата», застанецца нязменным.

Нагадаем, што праблемы ў «Белсата» ўзніклі з прычыны рэформы грамадскіх СМІ ў Польшчы, у тым ліку тэлекампаніі TVP.

Сітуацыя стала вынікам змены кіраўніцтва Польскай тэлевізіі. Кадравыя перастаноўкі ініцыявала новая ўлада, што прыйшла пасля парламенцкіх выбараў. Быў таксама звольнены менеджмент Польскага радыё і Польскай агенцыі друку.

Сярод звольненых аказалася і Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая 17 год кіравала «Белсатам» на пасадзе дырэктаркі. Пры гэтым ёй нібыта спярша прапанавалі звольніцца па ўласным жаданні і «з залатым парашутам», то-бок на вельмі добрых умовах, але жанчына на гэта не пагадзілася.

Кіраўніком «Белсата» цяпер стаў Аляксей Дзікавіцкі. 

Новы кіраўнік «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі — пра перамены, цэнзуру, Шылу, рызыку звальненняў і журналістаў-палітвязняў

Польскае медыя сцвярджае, што ў «Белсата» выявілі «шматлікія парушэнні». Пра што гаворка?

У Расіі заблакуюць Белсат

Nashaniva.com