Абноўлены «Белсат» спыніць вяшчанне праз спадарожнік?

Пакуль застаецца незразумелым, праз якія каналы будзе распаўсюджвацца інфармацыя. Магчыма, што толькі праз інтэрнэт.

12.07.2024 / 16:35

Фота: belsat.eu

План па рэфармаванні «Белсата» пачынае абрастаць новымі падрабязнасцямі і інтэрпрэтацыямі. Нагадаем, польскія ўлады хочуць стварыць на месцы «Белсата» новую структуру, якая будзе працаваць адначасова на беларускай, рускай і ўкраінскай мовах. Новы праект збіраюцца запусціць 1 сакавіка 2025 года, але пэўнасці наконт таго, як ён будзе працаваць, няма.

Па словах суразмоўцы «Нашай Нівы», якая азнаёмілася з планам па рэфармаванні, вяшчанне гэтага новага славянамоўнага канала на спадарожніку прызнаецца немэтазгодным. Разам з тым плануецца знікненне канала з кабельных сетак Украіны, Літвы, Польшчы. «А дзе ён тады будзе? Там адказу няма», — адзначае суразмоўца.

На цяперашні момант «Белсат» вяшчае на тэрыторыю Беларусі са спадарожніка. Падлічыць колькасць гледачоў тэлеканала няма тэхнічнай магчымасці. Сацыялагічныя даследаванні, якія падлічылі б актуальную аўдыторыю «Белсата», у адкрытым доступе адсутнічаюць.

Апроч таго, тэлеэфір можна паглядзець на сайце «Белсата» і праз сетку каналаў у ютубе.

Тым часам супрацоўнікі «Белсата» звярнуліся да польскіх уладаў з просьбай захаваць «Белсат» і яго праекты ў рамках аднаго тэлеканала на чале з Аляксеем Дзікавіцкім.

«Мы ведаем і бачым, што зараз адбываюцца незваротныя працэсы, якія вядуць да знішчэння і ліквідацыі флагманскага польскага праекту мяккай сілы на Усходзе. Як калектыў мы не можам гэтага дапусціць. Таму мы настойліва звяртаемся да вас з просьбай прыслухацца да нашага голасу і не знішчаць Белсат!» — гаворыцца ў звароце.

Былая дырэктарка «Белсата» выдала заяву ў сувязі з абвінавачаннямі ў растратах. Патрабуе «спынення паклёпу» і прабачэнняў

Захаванне «Белсата» і змякчэнне ўмоваў правозу тавараў праз польскую мяжу — што Ціханоўская абмеркавала з Сікорскім

Дзікавіцкі адрэагаваў на абвінавачанні пракуратуры супраць былой кіраўніцы «Белсата»

«Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай у структуры TVP

Nashaniva.com