Дзікавіцкі адрэагаваў на абвінавачанні пракуратуры супраць былой кіраўніцы «Белсата»
Паводле звестак польскага радыё Zet, ліквідатар TVP падаў у акруговую пракуратуру Варшавы заяву аб фінансавым злоўжыванні былой дырэктаркай «Белсата». Дзейны выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» пракаментаваў гэта.
Як даведалася радыё Zet, заява ліквідатара TVP датычыць фінансавых парушэнняў, невыканання абавязкаў і злоўжывання паўнамоцтвамі.
Падазрэнні вынікалі з вынікаў аўдыту, які паказаў пераплату за IT-паслугі, праз якія TVP магла страціць каля 7 млн злотых (на сёння гэта каля 1,78 млн долараў). Паводле аўдытараў, як перадае Zet, кіраўніцтва «Белсата замаўляла IT-паслугі без тэндару і аналізу рынку ў фірмаў, якія не мелі адпаведнага досведу і нібыта былі нават створаныя спецыяльна пад канкрэтную замову.
Акрамя таго, паводле аўдытараў у пераказе Zet, пэўныя паслугі дубляваліся.
«У мяне няма ніякай інфармацыі пра нібыта злоўжыванні пры замове IT-паслугаў «Белсатам», — пракаментаваў гэта выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі. — Я ніколі не курыраваў тэхнічных пытанняў, але з рацыі пасадаў, якія займаў на тэлеканале, пра магчымыя парушэнні хутчэй ведаў бы, і, гэта відавочна, не было б на нешта падобнае маёй згоды. Перакананы, што адпаведныя дзяржаўныя органы гэта пацвердзяць».
Таксама сітуацыю пракаментавала Агнешка Рамашэўская-Гузы, сузаснавальніца і першая дырэктарка «Белсата», якая ўзначальвала канал да сакавіка 2024 года.
Яна перадала медыям заяву, у якой абурылася распаўсюдам інфармацыі пра падазрэнні ў злоўжыванні і «абсурднай» сумай 7 млн злотых, паходжання якой яна не можа зразумець. Рамашэўская-Гузы запатрабавала спыніць паклёп і публікацыі аб меркаваных злачынствах, якія без судовай праверкі вінавацяць яе ў раскраданні сродкаў «Белсата».
Яна заяўляе, што кантракты і замовы былі аплачаныя «адпаведна працэдурам, якія ўжываюцца ў TVP, а рашэнні звычайна таксама перадаваліся праз іншыя падраздзяленні кампаніі», а сродкі на IT-паслугі не ўтойваліся, а былі абвешчаныя ў бюджэце каналу, зацверджаныя праз Бюро кантролю і рэструктурызацыі і пазначаныя ў гадавых справаздачах Міністэрству замежных справаў.
Акрамя таго, Рамашэўская-Гузы нагадала пра хакерскія атакі на IT-інфраструктуру «Белсата» — сістэмы і сайты «Белсата» зламаць не ўдалося, збудаваныя для «Белсата» сістэмы аказаліся надзвычай трывалыя.
Каментары
Тае ж генэзы і скок "чэснага" судзьдзі папярэдняе партыі за мяжу