Трамп назваў свайго кандыдата ў віцэ-прэзідэнты
Разам з Дональдам Трампам мае балатавацца сенатар ад штата Агаё Джэймс Вэнс.
15.07.2024 / 22:27
Джэймс Дэвід Вэнс. Фота: Wikimedia Commons
Пра вызначэнне кандыдатуры Джэймса Дэвіда Вэнса патэнцыйным віцэ-прэзідэнтам ЗША Трамп абвясціў у сваёй сацсетцы Truth Social падчас нацыянальнага з'езда Рэспубліканскай партыі ў Мілуокі.
«Пасля доўгіх роздумаў, беручы пад увагу каласальныя таленты многіх іншых, я вырашыў, што найбольш прыдатным чалавекам на пасаду віцэ-прэзідэнта Злучаных Штатаў з'яўляецца сенатар Джэймс Дэвід Вэнс са штата Агаё», — напісаў Дональд Трамп.
39-гадовы Джэймс Дэвід Вэнс у свой час служыў у марской пяхоце (падчас вайны ў Іраку, якая пачалася ў 2003 годзе, ён працаваў у прэс-службе), скончыў Універсітэт штата Агаё і Ельскую школу права. У Сенат ён абраўся ў студзені 2023 года.
Вядомасць Вэнсу прынесла яго кніга «Элегія хілбілі», якая выйшла ў 2016 годзе, у якой ён апісаў сваё даволі беднае дзяцінства і культуру «хілбілі» (што можна перакласці як «дзеравеншчына»). Кнігу хвалілі за дакладнае апісанне «глыбіннай Амерыкі», якое тлумачыць пераход белага працоўнага класа, які традыцыйна галасаваў за дэмакратаў, да Рэспубліканскай партыі — і поспех Дональда Трампа.
Вэнс вядомы сваёй крытыкай адміністрацыі Байдэна. Ён не раз крытычна выказваўся адносна амерыканскіх вайсковых паставак Кіеву і настойваў на замацаванні нейтралітэту Украіны.
Пасля замаху на Трампа акцыі яго кампаніі ўзляцелі на 77%
Трамп расказаў, што цудам яго выратавала ад кулі
Трамп папрасіў сваю экс-суперніцу наведаць з'езд Рэспубліканскай партыі
Як адразу пасля замаху на Трампа сацсеткі запоўнілі тэорыі змовы і пры чым тут Ілан Маск