Страцілі каштоўнасць. У Верхнядзвінскім раёне знялі ахову з помнікаў прыроды
Ахоўнага статусу былі пазбаўлены гідралагічны помнік прыроды «крыніца аграгарадка Каханавічы» і батанічны помнік прыроды «гарадскі парк горада Верхнядзвінска».
21.07.2024 / 17:30
Гарадскі парк горада Верхнядзвінска. Фота: Мінпрыроды
Адпаведнае рашэнне прыняў Верхнядзвінскі райвыканкам 20 чэрвеня 2024 года.
Паводле яго абедзве асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі страцілі біялагічныя каштоўнасці, з мэтай захавання якіх яны былі абвешчаны помнікамі прыроды. Як так сталася і хто ў гэтым вінаваты — не ўдакладняецца.
Абедзве прыродныя тэрыторыі атрымалі ахоўны статус у 2011 годзе. Да гэтага рашэння ў Верхнядзвінскім раёне налічвалася 25 помнікаў прыроды.
Праўда, паводле інфармацыі Мінпрыроды, з 1 сакавіка 2016 года крыніца ў Каханавічах ператворана ў помнік прыроды рэспубліканскага значэння, які можа быць ліквідаваны толькі рашэннем ведамства, а не мясцовых уладаў.
Святы ключ у Каханавічах Верхнядзвінскага раёна. Фота: Мінпрыроды
Сярод мясцовых жыхароў крыніца вядомая пад назвай Святы ключ. Каля Святога ключа ў Каханавічах на Тройцу ладзіліся кірмашы. У пачатку XX стагоддзя побач з крыніцай размяшчаўся маёнтак Салюсіна з млынам, які належаў Храпаўніцкай. Рэшткі сядзібнага парку таксама рэкамендаваныя спецыялістамі да ўзяцца пад ахову як помнік прыроды мясцовага значэння.
Святы ключ у Каханавічах Верхнядзвінскага раёна. Фота: Мінпрыроды
Гарадскі парк у Верхнядзвінску вядомы тым, што ў ім пераважае хвоя звычайная ўзростам каля 80 гадоў, і толькі ў невялікай колькасці прысутнічаюць клён вастралісты, ясень высокі, бяроза павіслая, дуб чарэшчаты і алешына шэрая. На тэрыторыі парку выяўлены 66 відаў сасудзістых раслін.
Пад Маладзечнам адкрылі новы заказнік
Якія азёры Беларусі самыя празрыстыя?
Якую экасцежку ў Беларусі абраць для падарожжа выхаднога дня?