Як апытанні ацэньваюць шансы Камалы Харыс перамагчы Дональда Трампа на выбарах у ЗША

Вядома, што падчас прэзідэнцкай гонкі ўсё можа змяніцца. Але падобна, што Камале Харыс будзе няпроста.

22.07.2024 / 01:30

Камала Харыс і Дональд Трамп. Фота: Gage Skidmore/flickr.com/CC BY-SA 2.0

Апытанні паказваюць спрэчныя вынікі. Згодна з апошнім апытаннем, якое апублікавала CBSNews, калі б выбары адбыліся сёння, то за Харыс прагаласавалі б каля 48% выбарцаў супраць 51% за Трампа (за Байдэна прагаласавалі б 47% супраць 52%).

Падобную карціну малюе і апытанне, якое апублікавала выданне Politico — Байдэн там праграе Трампу, 42% супраць 43%. А каманда Харыс магла б абыйсці Трампа на адзін-тры адсоткі ў залежнасці ад таго, хто будзе ў ёй «другім тварам» (самай перспектыўнай называюць Хілары Клінтан). Таксама толькі 33% рэспандэнтаў палічылі, што Байдэн мусіў застацца кандыдатам.

У сваю чаргу, апытанне Ipsos паказала, што, нягледзячы на тое, што Байдэн і Харыс маюць амаль аднолькавыя шансы, 69% амерыканцаў лічаць Байдэна занадта старым для таго, каб быць прэзідэнтам. Пра Трампа тое самае кажуць 49% выбарцаў.

Але, згодна з грунтоўным апытаннем The Economist/YouGov, апублікаваным некалькі дзён таму, Байдэн быў бы папулярнейшы. За яго сёння прагаласавалі б 41% людзей супраць 43% за Трампа. Пры такім жа выбары за Харыс аддалі б свой голас 39%, за Трампа пры гэтым 44%.

Падобнага меркавання прытрымліваецца і апытанне па мадэлі 538, якое публікавала ABC News. Няглядзечы на тое, што агульныя вынікі Харыс прагназуюцца трохі вышэйшымі, у штатах, якія вагаюцца, у Байдэна лепшыя шансы — 48% супраць 33%.

Агульны рэйтынг ухвалення дзейнасці Камалы Харыс цяпер 38.6%, а 50.4% па стане на 17 ліпеня ёй незадаволеныя. Праўда, на гэта можа ўплываць агульная незадаволенасць Джо Байдэнам, рэйтынгі якой троху ніжэйшыя (38.5% і 56.2%). 

Адметна, што ў гэтых выбарах у якасці незалежнага кандыдата збіраецца ўдзельнічаць Роберт Кэнэдзі малодшы — амерыканскі юрыст і сын Роберта Кенэдзі, брата колішняга прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі. Яго часта не ўлічваюць у апытаннях.

Канэдзі яднае антыпрышчэпачнікаў і прыхільнікаў канспіралогіі ды папулізму рознага кшталту. Ён можа стаць траянскім канём для любой з партый. Пакуль што ён забірае троху больш галасоў у дэмакратаў, чым у рэспубліканцаў, але ўсё можа змяніцца з часам.

Хто такая Камала Харыс — адзін з найбольш імаверных кандыдатаў у прэзідэнты ЗША ад дэмакратаў замест Байдэна

Байдэн выходзіць з прэзідэнцкай гонкі

Рашэнне зняць сваю кандыдатуру Байдэн прыняў сёння. Яно стала нечаканасцю для ягонага штаба

Nashaniva.com