Расіяніна абвінавачваюць у спробе дэстабілізацыі падчас Алімпіяды

У выпадку прызнання вінаватым яму пагражае да 30 гадоў турмы.

24.07.2024 / 09:46

Фота: МАК

У Парыжы арыштавалі грамадзяніна Расіі па падазрэнні ў падрыхтоўцы «дзеянняў, якія могуць прывесці да дэстабілізацыі» падчас Алімпійскіх гульняў, якія адкрываюцца ў сталіцы Францыі ў гэтую пятніцу, піша Расійская служба Радыё Свабода.

40-гадовы расіянін (яго імя не называецца) быў затрыманы ў мінулую нядзелю супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення ўнутранай бяспекі МУС Францыі і змешчаны пад варту.

У аўторак яму было выстаўлена абвінавачванне ў разведвальнай дзейнасці ў інтарэсах замежнай дзяржавы з мэтай распальвання варожасці ў Францыі. У выпадку прызнання вінаватым яму пагражае да 30 гадоў турмы.

Паводле звестак Le Parisien, Галоўнае ўпраўленне ўнутранай бяспекі МУС некалькі дзён сачыла за расіянінам, а 21 ліпеня яго затрымалі. У яго кватэры прайшлі ператрусы

Са слоў крыніцы выдання, блізкага да следства, там выявілі «элементы, якія дазваляюць выказаць здагадку, што мужчына рыхтаваў прарасейскую аперацыю дэстабілізацыі ў Францыі падчас Алімпійскіх гульняў». Іншая крыніца згадвае «маштабны праект», наступствы якога маглі быць»сур'ёзнымі».

Як піша AFP, улады не паведамілі ніякіх падрабязнасцяў меркаваных «актаў дэстабілізацыі», акрамя таго, што яны не носяць тэрарыстычнага характару, і што спецыялісты па барацьбе з тэрарызмам не займаюцца гэтай справай.

Міністр унутраных спраў Францыі Жэральд Дарманен паведаміў, што да Алімпіяды не дапусцілі каля тысячы чалавек, якія падазраюцца ў магчымым умяшанні ў інтарэсах замежнай дзяржавы. Праваахоўныя органы праверылі адзін мільён валанцёраў, работнікаў і іншых асоб, прыцягнутых да правядзення Гульняў.

Экс-расіянка павінна несці сцяг Кіпра на адкрыцці Алімпіяды. Але ў яе знайшлі OnlyFans, і пачаўся скандал

Першыя праблемы беларусаў на Алімпіядзе ў Парыжы. Весляры ўжо там, а лодкі не прапусцілі 

На Алімпіяду ад Беларусі едзе мінімальная ў гісторыі колькасць удзельнікаў — 17 чалавек

Nashaniva.com