Сваякі па мячы і па кудзелі. Хто гэта?
У гістарычных артыкулах перыядычна паасобку сустракаюцца гэтыя абазначэнні, якія спачатку падаюцца чытачам незразумелымі. Але счытаць ці запомніць іхні сэнс досыць лёгка.
03.08.2024 / 15:56
Па мячы і па кудзелі адсылае да стэрэатыпных заняткаў мужчын і жанчын у традыцыйным грамадстве. Фота: Wikimedia Commons
Мабыць, у такім сумесным ужыванні азначэнняў «па мячы» і «па кудзелі» ў дачыненні да сваяцтва многія ўжо здагадаліся пра іхнюю дуалістычнасць па палавой прыкмеце — мужчынскі і жаночы пачаткі.
Так, сапраўды, сваяк па мячы — гэта сваяк па бацькавай лініі, а сваяк па кудзелі — па матчынай. Гэтыя выразы здаўна ўжываліся на Беларусі і не забытыя і сёння, прынамсі тымі, хто цікавіцца гісторыяй ці радаслоўем.
Традыцыйны занятак мужчын — бараніць сваю зямлю з мячом у руках. Князь Вітаўт на фрагменце карціны «Грунвальская бітва» Яны Матэйкі. 1878. Нацыянальны музей у Варшаве.
Шматтомны Гістарычны слоўнік беларускай мовы, які максімальна поўна адлюстроўвае склад, стан, якасць беларускай лексікі XIV — XVIII стагоддзяў, фіксуе такія гістарычныя прыклады ўжывання:
«А не станет ли и по кꙋдели кровныхъ звлаща мужъского рожаю, Тогды могꙋть быта ѡпекꙋнами и белые головы по мечу также старшые тымъ детгамъ наблизьшие а естли по мечꙋ и белыхъ головъ близъскихъ не станет, тогды и по кудели кровные белые головы тежъ старшие ѡпекатисе могуть», — у артыкуле 3 шостага раздзела Статута Вялікага Княства 1588 года, прысвечаным апякунству.
«малжонокъ ее … не маючы потомства ани жадного по мечу блиского кровного своего … малжонце своей … ойчызну … вечностю записал», — у дакуменце 1645 года, апублікаваным у томе XXXI Актаў Віленскай археаграфічнай камісіі.
Ідэнтычныя выразы, відаць, існуюць у большасці еўрапейскіх культур. Ёсць яны як у блізкіх да нас славян, палякаў (po mieczu / po kądzieli), чэхаў (po meči / po přeslici), славакаў (po meči / po praslici), так і ў далёкіх датчан (spindeside), шведаў (spinnsidan) і англічан (sword side / distaff side). Ёсць і пэўныя варыяцыя атрыбутаў, так, напрыклад, у англічан больш пашыраны варыянт «па дзідзе» (spear side).
Праўда, у заходняй традыцыі найчасцей выкарыстоўваецца іншае абазначэнне ліній, якое дасталася ў спадчыну ад Рымскай імперыі — агнаты і кагнаты. У рымскай традыцыі сваяцтва грунтавалася не столькі на крыві, колькі на падпарадкаванні па бацьку сямейства (pater familias). Шырока распаўсюджаны былі ўсынаўленні нават дарослых людзей з мэтай перадачы спадчыны ў надзейныя рукі. Тым не менш, спрашчаючы, агнаты — гэта сваякі па мужчынскай лініі, кагнаты — па жаночай.
Бургундская каралева Берта Швабская ўвайшла ў гісторыю не толькі як добрая каралева, але і як выдатная гаспадыня — скіпетр на карцінах мастакоў ёй часта замяняе кудзеля. Альберт Анкер, 1888.
Меч і кудзеля — гэта атрыбуты стэрэатыпных заняткаў мужчын і жанчын у традыцыйных грамадствах. Мужчыны з мячом у руках ваявалі, баранілі свой дом, а жанчыны пралі, сачылі за дабрабытам. Такі падзел універсальны для ўсіх еўрапейскіх культур.
Калі меч не патрабуе тлумачэнняў, то слова кудзеля з улікам нашай высокай урбанізацыі і заняпадам традыцыйнай вёскі большасці нічога не скажа. Кудзеля — гэта валакно лёну, канапель, апрацаванае для прыгатавання пражы. Кудзеля пры прадзенні прывязвалася да прасніцы, з яе пралля выцягвала патроху валакно, якое скручвалася і намотвалася ў выглядзе нітак на верацяно.
Акрамя гэтай відавочнай асацыяцыі з традыцыйнымі заняткамі, ёсць яшчэ і менш відавочная. Табу на прамое называнне палавога акта і палавых органаў прывяло да апісання іх іншымі словамі: конь барануе зямлю, таўкуць зерне ў ступе, размешваюць кашу калатоўкай, мятуць смецце мятлой, прадуць пражу і гэтак далей. Само дзеянне азначае палавы акт, а прадметы ў ім — мужчынскія і жаночыя палавыя органы. Наступным разам, як пабачыце нешта падобнае ў беларускіх прыказках ці загадках — задумайцеся, магчыма, там ёсць падвойны сэнс.
Каменныя скіфскія статуі V ст. да н. э. Злева статуя, выяўленая ў Адэскай вобласці, справа — статуя з кургана скіфскага воіна, выяўленая каля сяла Новавасілеўка Мікалаеўскай вобласці (зберагаецца ў музеі Інстытута археалогіі НАН Украіны). Калі злева меч і фалас блытаюцца паміж сабой, то справа палавыя органы быццам адмыслова зрабілі гіпертрафіраванымі, каб адрозніць ад мяча.
Калі казаць пра меч, то гэта старажытны фалічны сімвал. Увогуле фалічнымі сімваламі станавіліся любыя цвёрдыя выцягнутыя рэчы — ад верацяна да абеліска. Што ж казаць пра меч, які яшчэ і неад’емны атрыбут мужчыны-воіна. Якія-небудзь скіфскія мячы-акінакі з ныркападобнымі і сэрцападобнымі перакрыжаваннямі ўвогуле максімальна набліжаныя да фалічнай формы, а на скіфскіх статуях іх нярэдка паказвалі адразу над фаласамі воінаў (часам гіпертрафіраваным, каб не блыталі з мячом).
Цікава, што па-беларуску футарал, у які ўкладаецца меч, называецца похвай. У лацінскай мове похва (ножны) называлася словам «vagina», якое ў сярэдневякоўі стала эўфемізмам для абазначэння жаночага палавога органа — тады таксама не любілі называць рэчы сваімі словамі. Лацінскае слова вагіна ўрэшце замацавалася як нейтральнае навуковае абазначэнне палавога органа, а беларускае слова похва — гэта яго літаральны пераклад.
Пралля з верацяном і кудзеляй. Пол Піл, 1881.
З кудзеляй больш складана. Навык прадзення і ткацтва тысячагоддзямі перадаваўся ад жанчын да іх дочак і ўнучак, і пра іхняе культурнае значэнне можна напісаць не адзін том. Як піша культуролаг і этнолаг Вольга Лабачэўская ў сваёй кнізе «Беларускі народны тэкстыль», прадзенне ў старажытнасці было часткай жаночай ініцыяцыі, якая суправаджалася магічнымі рытуальнымі практыкамі.
Разам з навучаннем рамяству пачыналася падрыхтоўка да шлюбу. Выключна жаночы характар прадзення прадугледжваў і наяўнасць мужчынскага пачатку. Праз метафары і сімвалічнае ўзаемадзеянне жаноцкага і мужчынскага, адбывалася паспявання дзяўчыны і яе падрыхтоўка да сэксуальнага жыцця і нараджэння дзяцей.
Гэтай мэце служылі, напрыклад, загадкі пра прылады апрацоўкі льну, прадзенне і ткацтва, пра кудзелю, ніткі, клубкі. У гэтай добра запамінальнай, алегарычнай форме перадавалі веды пра тэхнікі сэксуальных узаемаадносін партнёраў. З прычыны адкрытага эратызму гэты жанр фальклору мала апублікаваны і даследаваны фалькларыстамі.
Пралля з вёскі Морач Нясвіжскага раёна. Фота з экспедыцыі 1965 года ў калекцыі Расійскага этнаграфічнага музея.
У загадках працэс вырабу тканіны апісваўся як акт спалучэння жаноцкага і мужчынскага пачатку:
- «Падняў надалок, усунуў кадок, а выняў як трапку» (адгадка — лён; Стаўбцоўскі раён),
- «Бабскае рамяство кругом абрасло» («прасніца і кудзеля», Мядзельскі раён), «Бабскае рамясло кругом абрасло, усярэдзіне дзірачка / дырка» («шпулька ад калаўрота», Мядзельскі раён; «матавіла», Глускі раён),
- «Ехаў пан багаты ў горад касматы. Туды ехаў весела, адтуль — галоўку звесіў» («чаўнок» — Барысаўскі раён).
Пралля з вёскі Ліпкі Астравецкага раёна. Фота з экспедыцыі 1965 года ў калекцыі Расійскага этнаграфічнага музея.
Большасць загадак пра кросны апісваюць палавы акт:
- «Пузам тру, нагой пру, а дзе дзірку бачу — туды тарпачу» (Круглянскі раён),
- «Дыбы, дыбайце, жылы, уставайце, голы свішча — дзірку ішча» (Ваўкавыскі раён),
- «Табы — тыбалы, жылы ўставалі. Голы свішча, дзюры сабе ішча» (Свіслацкі раён),
- «Пупам трэ, нагамі прэ, дэ розявіцца, там уткнэ» (Кобрынскі раён),
- «Нагамі прэ, трыбухам трэ, а рукамі засовывае».
Як бачна, кудзеля на прасніцы апісвалася як нешта, што «кругом абрасло». У гэтай нескладанай метафары пазнаецца жаночая похва. Фалічным сімвалам жа можа служыць верацяно, на якое намотвалася валакно, выцягнутае з кудзелі.
Азначэнні «па мячы» і «па кудзелі» адсылаюць да полу бацькоў, праз якіх праходзіць лінія сваяцтва, не толькі праз асацыяцыі са стэрэатыпнымі гендарнымі ролямі і заняткамі, але таксама і праз метафарычнае апісанне палавых органаў бацькоў.
Гэтыя лаканічныя і яркія вобразы, якія нясуць у сабе вялікі культурны пласт, адназначна ўзбагацяць беларускую мову, а таму варта не саромецца іх ужываць, нават калі іншыя пакуль могуць не да канца разумець іхняга значэння — растлумачыць іх даволі проста.
Сацсеткі выбухнулі пасля спрэчнага эпізоду на адкрыцці Алімпійскіх гульняў
Уваход у метро ў глушы. Гісторыя аднаго з самых незвычайных здымкаў Мінска
Калізей, кроў і попел Везувія. Якім атрымаўся новы серыял пра Рымскую імперыю з Энтані Хопкінсам