Культура5050

Сацсеткі выбухнулі пасля спрэчнага эпізоду на адкрыцці Алімпійскіх гульняў

Многія пабачылі ў ім здзек з хрысціянства, які сведчыць пра заняпад Захаду. Але гісторыя больш складаная.

Сцэна, у якой пабачылі пародыю на Таемную вячэру. Кадр з трансляцыі

Пакуль частка аўдыторыі хваліла неверагоднае шоу на адкрыцці Летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы за маштабнасць і арыгінальнасць, іншую частку гэтае відовішча шакавала.

Кансерватыўныя колы, якія сачылі за цырымоніяй, абурала акцэнтаванне на фемінізме, бодзі-пазітыве, прысутнасць трансгендараў і дрэг-квін — мужчын-артыстаў, якія з дапамогай макіяжу і касцюмаў пераўвасабляюцца ў гратэскныя жаноцкія вобразы. Дрэг-шоу сёння папулярны жанр у Францыі, а артысты — сапраўдныя зоркі сцэны. 

Але сапраўды люты гнеў выклікаў невялікі фрагмент цырымоніі адкрыцця з шоу дрэг-квін.

Артыстаў, якія выстраіліся ўздоўж подыума, многія палічылі абразлівай пародыяй на карціну Леанарда да Вінчы «Таемная вячэра», на якой намаляваная апошная вячэра Ісуса Хрыста са сваімі дванаццаццю найбліжэйшымі вучнямі, надзвычай важная для хрысціянскага вучэння.

З'яўленне язычніцкага бога Дыяніса перад імправізаванай «Тайнай вячэрай» толькі падліло алею ў агонь. Кадр трансляцыі

Алею ў агонь падліло з'яўленне на імправізаваным стале стравы з сінім старажытнагрэцкім богам вінаробства і жыццёвых сіл Дыянісам. У гэтым пабачылі высмейванне таямніцы Еўхарыстыі, якая была ўстаноўленая Хрыстом на Апошняй вячэры.

Барадатая жанчына на адкрыцці Алімпійскіх гульняў. Кадр з трансляцыі

Угневаныя карыстальнікі сацсетак у выразах не саромеліся, параўноўваючы цырымонію адкрыцця з сатанінскім шабашам і хаваючы ў адну магілу Францыю, хрысціянства і ўсю заходнюю цывілізацыю. Асабліва актыўна гэтую лінію падхапілі права-кансерватыўныя палітыкі з ЗША і Усходняй Еўропы.

«Гэта было праявай абуральнай непавагі да хрысціян», — напісаў амерыканскі мільярдэр Ілан Маск у твітары.

«Яны здольныя абрыдзіць нават цырымонію адкрыцця Алімпійскіх гульняў», — пракаментаваў фрагмент з дрэг-квін Матэвуш Маравецкі, былы польскі прэм'ер ад ПіС.

Сведчанню краху заходняга свету не прамінулі ў рэзкіх формах парадавацца беларускія і расійскія прапагандысты.

Але з такім меркаваннем не ўсе згодныя. Тэлеграм-канал «Спадчына» разважае, чаму ўспрымаць падабенства шоу з Таемнай вячэрай як абразу хрысціянства не варта.

Характэрна, што карыстальнікі сацсетак у першую чаргу звяртаюць увагу на падабенства з творам мастацтва, а не з апісаннем біблейскага сюжэта.

Параўнанне фрагмента з шоу на адкрыцці Алімпіяды з роспісам «Тайная вячэра» Леанарда да Вінчы

На думку аўтараў тэлеграм-канала, хоць кадры з Парыжа сапраўды быццам паўтараюць знакаміты твор Леанарда да Вінчы — мноства людзей у розных паставах уздоўж выцягнутага стала, сярод якіх вылучаецца цэнтральная фігура, але адрозненняў таксама нямала. Напрыклад, замест стала подыум, а артыстаў у кадры нашмат больш за 13 і яны не гуртуюцца ў групы, як апосталы на карціне, і не пераймаюць іхніх жэстаў. І, у адрозненне ад роспісу канца XV стагоддзя, на якім адлюстраваныя выключна мужчыны, тут жаночых персанажаў не менш за мужчынскіх.

Тайная вячэра па Зуме. Твор Леанарда даўно перастаў быць рэлігійным, а стаў важным элементам поп-культуры

Аўтары «Спадчыны» лічаць, што насамрэч такая бурлівая рэакцыя сацсетак на гэты момант з цырымоніі адкрыцця Алімпіяды звязаная выключна з тым, што «Тайная вячэра» — гэта ўжо даўно не твор рэлігійнага мастацтва, а твор поп-культуры, інтэрнэт-мем, растыражаваны ў мільёнах варыянтаў.

Людзі проста счытваюць знаёмы вобраз, як счытваюць знаёмы вобраз чалавечага твара на марсіянскай паверхі — але гэта ўсяго толькі гульні нашага розуму.

Тэлеграм-канал прапануе задумацца, а як бы тыя, хто абураецца падабенствам з «Тайнай вячэрай», размясцілі ўсіх гэтых артыстаў уздоўж подыума? Хутчэй за ўсё гэтак жа, як і Леанарда да Вінчы персанажаў на сваёй карціне. І вось чаму.

Да Вінчы ў сваёй карціне не кіраваўся біблейскімі догматамі і канонамі наконт рассадкі апосталаў у час Тайнай вячэры — іх проста не існуе. Леанарда не адзіны, хто маляваў гэты сюжэт, існуюць тысячы і тысячы абразоў на тую ж тэму з абсалютна рознай рассадкай і рознай формай стала — круглай, авальнай, квадратнай, прамавугольнай, П-падобнай і г.д. Мастак, як усе ягоныя калегі па цэху, эксперыментаваў з перспектывай, шукаў ідэальную кампазіцыю. 

Палова апосталаў сядзіць спінай да гледача, Хрыстос з краю — кампазіцыя яўна няўдалая. «Тайная вячэра» Джота дзі Бандонэ. 1306 год. Старая пінакатэка ў Мюнхене. Фота: Wikimedia Commons

Як рассадзіць за сталом раўназначных людзей так, каб было бачна кожнага? Ну, вядома, пасадзіць з аднаго боку стала, каб яны былі звернутыя да гледача. Паколькі персанажаў шмат, то круглы стол для гэтага не вельмі пасуе, а вось выцягнуты — ідэальна.

«Ці можна сказаць, што любы выцягнуты стол, за якім сядзяць у адзін рад людзі — гэта адсылка да Тайнай вячэры? Ну, тады стол выкладчыкаў у Вялікай зале Хогвартса і стол на прэс-канферэнцыі БелТА — гэта таксама пародыя на рэлігійнае мастацтва», — тлумачаць аўтары артыкула.

Да Вінчы не прыдумаў тут нічога новага і гэтая ж схема ідэальна падыходзіць да постараў фільмаў і серыялаў, дзе таксама стаіць задача прэзентаваць усіх персанажаў ці акцёраў.

«Тайная вячэра» Даменіка Гірландая. 1480 год. Фрэска ў трапезнай касцёла Аньісанці ў Фларэнцыі. Фота: Wikimedia Commons

Леанарда пасадзіў Хрыста і апостала ў свае ідэальныя па прапорцыях перспектыўныя сіметрычныя архітэктурныя дэкарацыі. Гэтую ж матэматыку ён прымяніў і да размяшчэння персанажаў. Галоўны персанаж з краю стала разбураў бы сіметрыю кампазіцыі, цалкам лагічна пасадзіць яго ў такой кампазіцыі па восі сіметрыі. 12 апосталаў матэматычна добра дзеляцца на 2, 3 і 4 — і ўсё гэта ёсць у карціне.

Для раўнавагі сіметрычнай кампазіцыі з кожнага боку ад Хрыста сядзяць роўна па 6 апосталаў, якія згрупаваныя ў чатыры групы па трое. Такая кампазіцыя надае манументальнасці і агульнай спакойнай ураўнаважанасці, якая перагукаецца з настроем Хрыста ў той час, як апосталы за сталом кіпяць. 

«Тайная вячэра» Леанарда да Вінчы. 1495—1498. Роспіс у касцёле Санта-Марыя-дэле-Грацые ў Мілане. Фота: Wikimedia Commons

Але кампазіцыя з цэнтральнай сіметрыяй — гэта таксама не нейкая ўнікальная рыса твора Леанарда, бо галоўная асоба па цэнтры — гэта цалкам натуральная рэч ва ўсіх сферах нашага жыцця, ад уладальніка залатога медаля на п'едэстале да старшыні суда на пасяджэнні.

Адхіленні ад гэтай нормы кажуць, што аўтар хоча паведаміць пра нейкія больш складаныя ўзаемаадносіны паміж персанажамі твора. Менавіта таму іншыя рэнесансныя мастакі часам саджалі Юду за іншы бок стала, спінай для гледача.

Ці можна лічыць Суд ААН пародыяй на Тайную вячэру, калі рассадка суддзяў вельмі нагадвае рассадку персанажаў на знакамітым творы мастацтва?

«І вось атрымліваецца, што два галоўныя прыёмы, якія звязваюць цырымонію адкрыцця Летніх Алімпійскіх гульняў і «Тайную вячэру» — гэта прыёмы інтуітыўнай пабудовы кампазіцыі, якую можна, калі захочаш, адшукаць дзе заўгодна», — лічыць «Спадчына».

Аўтары артыкула перакананыя, што «Тайная вячэра» Леанарда да Вінчы — гэта твор поп-культуры, раскручаны візуальны вобраз, які засвойваецца з маленства з рэпрадукцый, прынтоў, кніг і фільмаў пра ўтоеныя загадкі, з, нарэшце, пародый і перайманняў.

І не кожнае перайманне ёсць пародыя. Нават часам камічны эфект, які ўзнікае пры пазнаванні знаёмага вобраза ў незнаёмай інтэрпрэтацыі, найчасцей не з’яўляецца высмейваннем арыгінала. Наадварот, так могуць высмейвацца персанажы вытворнага твора, маўляў, паглядзіце кім гэтыя людзі ўяўляюць сябе. Адсылкі да значных твораў могуць узнікаць несвядома, бо засвойваецца толькі сам вобраз, шаблон, часта без бэкграўнда і зыходных сэнсаў.

Персанажы серыяла Battlestar Galactica пераймаюць твор Леанарда. Постар да серыяла

«Тайная вячэра», як піша «Спадчына», проста лідар у гэтым плане: замест Хрыста і апосталаў можна пабачыць палітыкаў, персанажаў любімых серыялаў і фільмаў, Мікі Мауса і іншых персанажаў студыі «Дысней», Сімпсанаў, клана Сапрана, Дарта Сідыуса са штурмавікамі, палкоўніка Сандэрса і іншых маскотаў кампаній і г.д. «Сапраўды тысячааблічны твор».

І гэтыя адсылкі па-іншаму называюцца амажам, што з французскай перакладаецца як даніна павагі.

Персанажы серыяла «Клан Сапрана» пазіруюць, пераймаючы твор Леанарда. Постар да серыяла

«Спадчына» разважае: нават калі ў Парыжы і мелася на ўвазе нейкая адсылка, то не да біблейскага сюжэта, а да твора поп-культуры, пазбаўленага першапачатковага рэлігійнага сэнсу.

Дарт Сідыус, або імператар Шыў Палпатын і ягоныя штурмавікі. Фан-арт

«Задумайцеся як-небудзь пра тое, што ў нашым хрысціянскім свеце неверагодная колькасць выяў антычных бостваў, праўда, яны таксама пазбаўленыя свайго першапачатковага рэлігійнага сэнсу, але набылі іншыя сэнсы — гістарычны, культурны, метафарычны, эстэтычны».

«Ды божа, антычныя Алімпійскія гульні самі па сабе глыбока рэлігійная язычніцкая традыцыя — і што ад таго першапачатковага сэнсу засталося?»

Каментары50

  • NS
    27.07.2024
    [Рэд. выдалена]
  • Спадар
    27.07.2024
    А растлумачце мне, а нахалеру гэта рабіць? Правакацыя на тэму, якая для многіх важная. Непавага для чыйіхсьці каштоўнасцяў. Навошта?

    Можа важней тое, што аб'ядноўвае?
  • Интересно, а
    27.07.2024
    Хоть один из тех кто говорит про "Закат Запада" прочитал собственно это произведение? Мне кажется нет, потому что в том, что тут показано и есть подлинный Запад.

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Усе навіны →
Усе навіны

Зборная Беларусі прайграла Паўночнай Ірландыі і згубіла шанец заняць першае месца1

Выбірайце пупочныя апельсіны — яны смачнейшыя!5

Зорка амерыканскага серыяла рашыла не вяртацца ў ЗША пры Трампе6

Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну3

Зяленскі: З Трампам вайна скончыцца хутчэй4

Пратэстоўцы ў Абхазіі запатрабавалі адстаўкі прэзідэнта. Той адмовіўся3

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА8

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?22

Калі Канапацкая стала цалкам падкантрольная Лукашэнку?

Галоўнае
Усе навіны →