На развітанні з ксяндзом Завальнюком адключылі трансляцыю. Што там было?

Падчас святой імшы парафіі Святога Сымона і Святой Алены ў мінскім кафедральным касцёле 28 ліпеня, калі вернікі развітваліся са звольненым пробашчам ксяндзом Уладзіславам Завальнюком, анлайн-трансляцыя, якая заўсёды вядзецца ў храме, была адключаная. Пасля заканчэння імшы трансляцыю зноў уключылі. Што адбывалася ў гэты час, выданне Katolik.life спытала ў удзельнікаў імшы.

29.07.2024 / 22:01

Гэтую развітальную імшу цэлебраваў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк разам з новапрызначаным пробашчам парафіі Чырвонага касцёла ксяндзом Францішкам Рудзем. Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на ёй не было.

«Была звычайная імша, без сюрпрызаў. Ксёндз Уладзіслаў ніякіх заяў не рабіў. Калі імша скончылася, святары пайшлі, але мы чакалі, што пробашч выйдзе да нас, скажа развітальнае слова. І ён выйшаў, былі доўгія авацыі. Сказаў, што прымае волю іерарха, што трэба далей рабіць Божыя справы. Напрыканцы паціснуў руку новаму пробашчу», — гаворыць вернік.

Паводле яго, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк добра трымаўся, усміхаўся, пры гэтым было відаць, што ў яго прыкра на сэрцы, але ён стараўся гэтага не паказваць.

«Ключавыя пытанні не праясніліся. Ніхто не пацвердзіў, што ксёндз Уладзіслаў падаваў прашэнне аб звальненні, і сам ён казаў у прыватных размовах, што гэтага не рабіў. Ці застанецца ён у парафіі, дзе будзе служыць — на гэтыя пытанні нам не адказалі.

Абвясцілі ягонае новае прызначэнне — каардынатар беатыфікацыйнага працэсу Эдварда Вайніловіча. Але не патлумачана, ці будзе нейкі офіс, за якія сродкі рабіць гэту дзейнасць, пра пенсію, пра сродкі на жыццё нічога не сказана».

«Хвала Езусу Хрысту!» — такімі словамі святар развітаўся з парафіянамі.

Вернікі просяць біскупа, каб ён аднавіў Завальнюка на пасадзе пробашча Чырвонага касцёла

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк больш не пробашч Чырвонага касцёла

Пробашчу Чырвонага касцёла Уладзіславу Завальнюку споўнілася 75 гадоў

Без святла, вады і храма жыве ў Мінску Капелан Папы Рымскага

Nashaniva.com