Пробашчу Чырвонага касцёла Уладзіславу Завальнюку споўнілася 75 гадоў
А ў маі адзін з найстарэйшых святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адзначаў 50-годдзе святарства.
На жаль, апошнія амаль два гады Чырвоны касцёл зачынены ў выніку загадкавага пажару, што адбыўся 26 верасня 2022 года.
Будучы святар нарадзіўся 8 ліпеня 1949 года ва Украіне, на Вінніччыне, у сяле Слабада-Мураўская, што пасля з’яднання з суседнім сялом атрымала назву Клякотына.
Пасля заканчэння сярэдняй школы паехаў у далёкую Рыгу з намерам паступіць там у каталіцкую семінарыю. Адразу паступіць у семінарыю не атрымалася, і малады чалавек застаўся ў Рызе, працуючы там будаўніком, нагадвае біяграфію catholic.by.
На шляху да святарства яму давялося пераадолець не адну перашкоду, але разам з ім заўсёды была матуля, якая падтрымлівала сына на шляху паклікання.
У 1969 годзе Уладзіслаў Завальнюк нарэшце быў прыняты ў духоўную семінарыю ў Рызе — адну з дзвюх каталіцкіх семінарый, якія на той час дзейнічалі ў Савецкім Саюзе, — пасля заканчэння якой стаў святаром. Пасвячэнне 26 мая 1974 года яму ўдзяліў кардынал Юліян Вайвадс.
Душпастарскую дзейнасць ксёндз Уладзіслаў распачаў на пасадзе пробашча грэка-каталіцкай капліцы на армянскіх могілках у Кішынёве.
Знаходзячыся ў Малдове, абслугоўваў каля 70-і парафій, пераследаваўся савецкімі ўладамі.
На пачатку 1979 года вярнуўся ў Латвію, дзе выконваў святарскія абавязкі ў горадзе Валміера. Вясною 1979 выехаў у Казахстан.
З 1980 года зноў нёс святарскае служэнне ў Латвіі. Служыў вікарыем у латгальскім мястэчку Варакляны. Быў абмежаваны савецкімі адміністрацыйнымі ўладамі ў выкананні святарскіх абавязкаў: меў права толькі спавядаць і адпраўляць імшу.
У лістападзе—снежні 1980 года быў прымусова змешчаны ў псіхіятрычны шпіталь у горадзе Даўгаўпілс.
З 1984 года і да сёння жыццё ксяндза Уладзіслава Завальнюка непарыўна звязана з Беларуссю.
Напачатку служыў у Глыбокім. Пасля 1988 года адначасова нёс святарскае служэнне ў якасці вікарыя ў касцёле на Кальварыйскіх могілках — адзінай на той час каталіцкай святыні ў Мінску.
З 1989 года разам з вернікамі змагаўся за вяртанне беларускіх каталіцкіх святынь у Мінску: касцёла святога Сымона і святой Алены, катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі, касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы.
Аднавіў і распачаў дзейнасць каталіцкіх парафій у Каралішчавічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і іншых мясцінах.
З 1990 года нязменны пробашч Чырвонага касцёла, які быў зачынены ў верасні 2022 года пасля дзіўнага пажара.
З пачатку 1990-х гадоў паслядоўна пашыраў ужыванне беларускай мовы ў Каталіцкім Касцёле на Беларусі. Завочна працягваў навучанне ў Каталіцкай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. Скончыў вышэйшыя магістарскія курсы па тэалогіі (1993).
З 1991 вядзе шырокую кнігавыдавецкую дзейнасць, выдаў некалькі кніг, у тым ліку адзін з аўтараў навукова-папулярнай кнігі «Канфесіі на Беларусі (канец XVIII — XX ст.)» (1998).
Айцец Уладзіслаў прычыніўся да развіцця культу Маці Божай Будслаўскай у агульнабеларускім маштабе, спрыяў стварэнню ў Будславе Нацыянальнага санктуарыя.
Шмат у чым дзякуючы менавіта яго намаганням міжурадавым Камітэтам па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў лістападзе 2018 года Будслаўскі фэст быў уключаны ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
За вялікія заслугі перад Касцёлам Папа Францішак прызначыў ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка Капеланам Яго Святасці, або папскім прэлатам.
Штогод ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк сам як звычайны пілігрым пешкі ідзе ў Будслаў разам з пакутнай пілігрымкай у маўчанні, на хлебе і вадзе.
Таксама ён вядомы як вядомы пчаляр, што меў пасеку на даху касцёла.
Каментары