«Бедныя тыя тэрарысты, у якіх узнікне такая думка». Дарашкевіч пра абвінавачванні з боку АНТ у стварэнні радыенуклідных дронаў
Актывістка Вольга Цішкевіч вярнулася ў Беларусь і расказала на АНТ, што яе былыя паплечнікі быццам бы стваралі дроны з радыенуклідамі і рыхтавалі тэракт на Астравецкай АЭС. Паводле Цішкевіч, гэтым быццам бы займаўся навуковец і медык Алег Дарашкевіч. Спыталі яго самога пра гэта.
31.07.2024 / 19:18
Алег Дарашкевіч. Фота: «Наша Ніва»
З Вольгай Цішкевіч ён добра знаёмы. Характарызуе экс-актывістку як выматанага жыццём чалавека са слабым здароўем:
«Яна дызайнерка адзення, таленавітая жанчына з цяжкім лёсам. Думаю, яна трапіла ў лапы гэтых людзей без сумлення і гонару і пад іх ціскам магла нагаварыць усё што хочаш. Гэта яўна надуманыя рэчы, якія проста не прыйдуць здароваму чалавеку ў галаву.
Тое, што мы планавалі нейкія тэракты, абсалютна не адпавядае рэчаіснасці».
Дарашкевіч мяркуе, што Вольгу зацягнулі ў пастку, і цяпер яна вымушаная ліць бруд на паплечнікаў.
Вольга Цішкевіч. Фота: скрыншот АНТ
Алег раней займаўся ліквідацыяй наступстваў аварыі на ЧАЭС і разумее, наколькі Беларусь пацярпела ад той катастрофы. Ён кажа, што ў здаровым розуме не стаў бы займацца такімі тэрактамі, бо дакладна ведае, што гэта самагубства. Тым больш што да тэхнічнага боку «тэракта» ёсць пытанні:
«Дронамі нічога не зробіш з атамнай станцыяй, там вельмі сур’ёзная абарона, і ніякія тэрарысты не дадуць ёй рады. Там усё прадумана, каб розныя вар’яты не спрабавалі зрабіць нічога гібельнага для ўсяго чалавецтва».
Алег расказвае, што некалі ён насамрэч займаўся праектам, звязаным з дронамі. У часы пандэміі такі праект мусіў бы дапамагчы дастаўляць супрацькавідныя вакцыны, і Дарашкевіч з паплечнікамі хацелі распрацаваць адпаведную платформу для гэтага.
Такія дроны, кажа навуковец, у перспектыве маглі б дастаўляць і лекі. У сусветнай практыцы выкарыстоўваюць гэтую ідэю — напрыклад, дронамі дастаўлялі вакцыны ў афрыканскіх краінах.
Цішкевіч паказала ў эфіры АНТ фота «дрона», і Алег расказвае, адкуль яно магло з’явіцца:
«У тым месцы, куды яна таксама прыходзіла, стаялі каркасы гэтых дронаў з часоў пандэміі. Напэўна, яна іх тады сфатаграфавала».
Ідэю з дронамі да практычнай рэалізацыі так і не давялі.
Цішкевіч казала пра тое, што дрон ад Дарашкевіча быццам бы мусіў распыляць вадкасць з радыенуклідамі над Украінай і Беларуссю, а потым навуковец прымяніў бы «квантавую методыку аднаўлення» гэтых земляў. Такія тэзісы выклікаюць у Алега смех:
«Гэта такая дурасць! Калі расійская армія захапіла Запарожскую АЭС, абмяркоўвалі, быццам бы там плануюць узарваць брудную бомбу. Магчыма, яна недзе гэта пачула, але тая гісторыя ніяк не звязаная з дронамі. Гэтая ідэя з дронамі — усё роўна што вычэрпваць мора піпеткай. Бедныя тыя тэрарысты, у якіх узнікне такая думка».
Пяць «інсайдаў» пра апазіцыю, якія можна даведацца з інтэрв’ю на АНТ даносчыцы Цішкевіч
Двое сяброў «Народнай грамады» пісалі даносы ў КДБ. Хто яны і як тлумачаць сітуацыю?