Хто замест Ціханоўскай? Кныровіч: Канкрэтных прапаноў няма

Фракцыя ў Каардынацыйнай радзе «Беларусы» на чале з Аляксандрам Кныровічам, Вадзімам Пракоп’евым і Андрэем Ягоравым заявіла, што мандат Ціханоўскай скончыцца 9 жніўня 2025 года. «Лічым, што палажэнне аб бестэрміновым падаўжэнні мандата Святланы Ціханоўскай у якасці нацыянальнай лідаркі, замацаванае ў «Пратаколе аб узаемадзеянні КР, АПК і Офіса Святланы Ціханоўскай», недапушчальна і падрывае давер да ўсіх дэмакратычных сіл Беларусі ў цэлым», — гаворыцца ў заяве фракцыі.

08.08.2024 / 16:38

Распыталі эканаміста і бізнэсоўца Аляксандра Кныровіча наконт таго, каго яны бачаць за альтэрнатыву Святлане Ціханоўскай і як збіраюцца арганізаваць выбары нацыянальнага лідара ў сённяшніх рэаліях.

Аляксандр Кныровіч. Фота: «Наша Ніва»

«Наша Ніва»: Вы заявілі, што мандат Святланы Ціханоўскай як нацыянальнага лідара з 9 жніўня 2025 года будзе несапраўдным да праходжання новай працэдуры пацверджання. Як вы бачыце гэтую працэдуру?

Аляксандр Кныровіч: Мы мяркуем, што пра гэта яшчэ надта рана казаць, таму што да гэтага моманту яшчэ каля года, і яшчэ адбудзецца досыць вялікая колькасць палітычных падзей. Я б указаў на тое, што «як бы выбары» Лукашэнкі пройдуць ці ў ліпені, ці ў лютым 2025 года.

Плюс на гарызонце нас чакаюць нейкія падзеі вакол фронту ва Украіне і, магчыма, некаторае спыненне баявых дзеянняў з рэакцыяй на гэта еўрапейскіх краін. І ад таго, у якой сітуацыі мы апынемся прыблізна ў пачатку лета-2025, моцна залежыць патрэба ў самім паняцці «нацыянальны лідар», патрэба ў адзіным лідарстве.

Таму гэтая размова заўчасная, але калі дэлегаты КР не пабаяліся прайсці праз працэдуру галасавання, не пабаяліся ціску на іх і песімізму, то і на наступнай стадыі працы чалавек на пазіцыю лідара ці структура павінны прайсці праз нейкую выбарную працэдуру пацверджання сваіх паўнамоцтваў.

Але якая яна будзе, пра гэта варта казаць ужо ў наступным годзе.

«НН»: Але вы паднялі гэтую тэму менавіта цяпер. І калі згадваць выбары ў КР трэцяга склікання, то самі дэлегаты былі незадаволеныя фінальнай колькасцю тых, хто прагаласаваў, — 6 723 чалавекі. Уявім, што ў выбарах нацыянальнага лідара паўдзельнічае крыху больш, гэтага будзе дастаткова для легітымнасці?

АК: Прычына таго, чаму мы пачалі пра гэта размаўляць цяпер, — гэта падпісанне таго самага дакумента, Палажэння аб узаемадзеянні, трыма бакамі — офісам Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаным пераходным кабінетам і спікерам КР ад імя КР. Дзе нейкім чынам прынцыповае пытанне пра далейшыя паўнамоцтвы Ціханоўскай апынулася акуратна ўстаўленае паміж іншых тэхнічных пунктаў. То-бок, прынцыпова важнае для ўсёй дэмакратычнай супольнасці пытанне было маленькай часткай тэхнічнага дакумента. Менавіта таму мы цяпер пра гэта кажам. Ніякай іншай прычыны казаць пра гэта, натуральна, няма. 

Усіх пужаюць выбары. Натуральна, сённяшні мандат Ціханоўскай заснаваны на большасці, атрыманай ёй у жніўні 2020 года. І, канечне, выбары, зробленыя па кальцы з выбарамі ў КР, не могуць даць прынцыпова новага выніку (можа быць, там будзе не 6 723 чалавекі, а 67 тысяч, але гэта прынцыпова нічога не мяняе). Правядзенне такога кшталту выбараў сёння было б палітычным самагубствам. 

Але, па-першае, эфект жніўня-2020 у любым выпадку не з’яўляецца вечным. Нам прыйдзецца паглядзець праўдзе ў вочы і змераць рэальны ўзровень падтрымкі, у колькі б нам гэта ні абышлося. Чым раней мы гэта зробім, тым будзе лепш і сумленней.

Канечне ж, мы не прапаноўваем прамы паўтор выбараў у КР. Яшчэ раз падкрэслю, што, магчыма, прыйдзецца знайсці нейкія іншыя формы, пра якія пакуль рана казаць. 

«НН»: Вы кажаце пра «змераць рэальны ўзровень падтрымкі». Як гэта сёння магчыма, асабліва сярод беларусаў унутры краіны, з улікам небяспечнасці іх удзелу ў любым палітычным варушняку з рызыкай крымінальных спраў? 

АК: У нас на сёння няма гатовага адказу, няма гатовага механізма, але, мяркую, што праз 8-10 месяцаў мы прапануем нешта. Але сёння хацелася б зафіксаваць, што працяг паўнамоцтваў у такой невыяўнай форме — праз адзін сказ у іншым дакуменце, які не тычыцца гэтага важнага пытання, для нас недапушчальна. Тым больш, што мы з’яўляемся часткай КР, няхай і меншасцю. Таму калі Анжаліка Мельнікава (спікерка КР. — «НН») падпісвае гэты дакумент ад нашага калектыўнага імя, мы лічым патрэбным выказаць уласнае стаўленне да гэтага.

«НН»: Хто можа быць альтэрнатыўным кандыдатам на пазіцыю нацлідара, на вашу думку?

АК: Падаецца, гэтае пытанне заўчаснае. Выкажу тут проста асабістае меркаванне, не ўзгодненае з фракцыяй. Я казаў пра гэта і на канферэнцыі «Новая Беларусь».

Нацыянальны лідар — гэта не статус, які даецца нейкімі подпісамі на нейкіх паперках. Гэтую ролю трэба пацвярджаць штодзень сваімі дзеяннямі, учынкамі. І цалкам магчыма, што нам сёння ўвогуле яна не патрэбная ва ўмовах падзення даверу да дзейнасці дэмакратычных структур.

Такая фармалізацыя і раздзіманне ўласнай значнасці ў перыяд спадання цікаўнасці хутчэй шкодзіць.

Таму я б сказаў, што на сёння нам не патрэбны агульнанацыянальны лідар. Але, магчыма, ён з’явіцца — нейкі адказны чалавек, які ўсё ж будзе адштурхоўвацца ад дэмакратычных прынцыпаў. Будзе бачыць будучыню, будзе аўтарытэтам для значнай часткі беларускага грамадства.

Канкрэтных прапановаў у выглядзе «давайце вылучым на гэтую ролю Кныровіча-Пракоп’ева-Ягорава» ў нас няма. Гэта было б крыху саманадзейна і смешна.

«НН»: Уявім, што на палітычным полі сёння з’яўляецца новы прадстаўнік ад імя ўсіх беларусаў. Гэта абнуляе ўсю раней праробленую Ціханоўскай працу з усталяваннем замежных кантактаў, наладжваннем сувязяў. Ці вы думаеце, што еўрапейскія палітыкі будуць размаўляць з любым?

АК: Гэтае пытанне нагадвае «Калі не яна, то хто?». Але давайце паглядзім на рэальнасць.

Я не хацеў бы ў кароткім інтэрв’ю даваць паўнавартасную ацэнку дзейнасці Святланы Ціханоўскай. Я лічу, што кожны дзень яна здзяйсняе асабісты чалавечы подзвіг, і яе мандат на правядзенне свабодных выбараў у Беларусі, які ёй далі ў жніўні 2020-га, я ніякім чынам не аспрэчваю. Я лічу, што гэты мандат будзе дзейнічаць доўга, і ён якраз не прывязаны да 2025-га года. 

Але калі мы з вамі паглядзім на плённасць сустрэч Святланы Ціханоўскай за чатыры гады… Санкцыі ўводзяцца супраць простых беларусаў, і дэмакратычныя сілы даведваюцца пра іх толькі ў той момант, калі беларусаў пачынаюць разварочваць на мяжы і перастаюць афармляць ім TaxFree. Санкцыі ж уводзяцца на базе дакументаў дэмакратычных сіл — там, дзе напісана, што мы патрабуем гарманізацыі санкцый супраць рэжымаў Беларусі і Расіі. А ў нас атрымліваецца гарманізацыя санкцый супраць грамадзян. 

Да плюсаў можна аднесці зусім няшмат — напрыклад, стварэнне чарговага фонду і напаўненне яго грашыма.

Канечне, ні ў каго на сёння няма большай базы кантактаў, большых магчымасцяў пазваніць умоўнаму Байдэну і паразмаўляць з ім. Але хіба кантакты з заходнімі лідарамі з’яўляюцца галоўным для пазіцыі нацыянальнага лідара?

Мне падаецца, што гэтая пазнавальнасць — яна важная, але гэта ўсё ж ускосны фактар. Куды важней, мне падаецца, нейкі давер з боку беларусаў і ўплыў на іх пункт гледжання, як мінімум, а як максімум — на іх дзеянні. Я хацеў бы, каб мы не заплюшчвалі вочы на карыснасць гэтых кантактаў: год за годам губляецца іх эфектыўнасць, як і ўзровень размовы.

«НН»: Але зноў жа, як мы змераем рэальны давер беларусаў да любога з кандыдатаў на пазіцыю лідарам звацца?

АК: Мы сапраўды ў гэта ўпіраемся. Але ў нас ёсць яшчэ ад 8 да 10 месяцаў, каб адказаць на гэта пытанне самім сабе. 

У маім выпадку, калі б мы выбіралі нацыянальнага лідара сёння, я б пакінуў гэтае месца вакантным.

Роза Турарбекава патлумачыла, чаму пайшла з Каардынацыйнай рады

Без Пазняка і Сахашчыка, з нервовымі дыскусіямі паміж Латушкам і Ягоравым. Як праходзіла канферэнцыя «Новая Беларусь»

«Калі б Захад затрымліваў лукашэнкаўскіх агентаў, мог бы быць абменны фонд». Вячорка — пра палітвязняў, кадравую цякучку ў Кабінеце, сітуацыю на мяжы і візы

Nashaniva.com