На поўначы Беларусі знайшлі драўляны коўш узросту піраміды Хеопса
Старажытныя людзі на еўрапейскім кантыненце выкарыстоўвалі звыклыя нам у побыце рэчы, але з-за ўплыву часу толькі рэдкія з іх дайшлі да цяперашняга часу. Як сучасным беларускім археолагам удалося знайсці ўнікальны артэфакт, піша Sputnik.
09.08.2024 / 16:03
Фота: Максім Чарняўскі
Вырабы з дрэва, скуры або косці — жаданыя знаходкі для ўсіх археолагаў, таму што праліваюць святло на штодзённае жыццё старажытных людзей. На жаль, такія прадметы дрэнна захоўваюцца ў зямлі. Таму даследаванні тарфянікаў у гэтым выпадку выратаванне для навукоўцаў. Торф — ідэальны кансервант, які не прапускае паветра, а без яго немагчымы працэс раскладання арганікі.
Экспедыцыі на Крывінскі тарфянік на самай поўначы Беларусі — на мяжы Бешанковіцкага і Сенненскага раёнаў — праходзяць ужо шмат гадоў. Кожны раз навукоўцам атрымоўваецца знайсці новыя артэфакты, звязаныя з жыццём старажытных людзей.
Падвеска з бурштыну. Фота: Максім Чарняўскі
Ідэальны кансервант
У гэтым годзе даследаванні былі падзеленыя на дзве часткі: падводную і наземную. Пад вадой працавала спецыяльная навукова-даследчая група з Інстытута гісторыі НАНБ.
Па словах загадчыка аддзела археалогіі першабытнага грамадства Максіма Чарняўскага, раскопкі пад вадой трэба было весці, таму што помнік археалогіі Крывіна-3 сфармаваўся ў эпоху кліматычна максімальна нізкага ўзроўню вады, а гэта другая палова III тысячагоддзя да нашай эры.
«На гэтым помніку ідэальная захаванасць арганікі. Культурны пласт заўсёды знаходзіцца ў вадзе, а над ім яшчэ 1,5 метра торфу», — растлумачыў спецыяліст.
Пры гэтым ён удакладніў, што ў такіх умовах выдатна захоўваюцца не толькі косткі або бурштын, але і дрэва, кара і нават лубяныя вяроўкі і ніткі. Гэта робіць дадзены помнік унікальным, і паблізу падобных яму па ўмовах папросту няма.
Коўш з качкай
«Мы мала ведаем пра асноўны матэрыял, з якога рабілі большасць рэчаў у каменным веку — пра дрэва. У гэтым годзе нам трапілася шыкоўная драўляная страла разам з тупым наканечнікам. Такія былі патрэбныя, каб збіваць дробных пушных звяроў з дрэва і не псаваць ім футра», — сказаў археолаг.
Фота: Максім Чарняўскі
Чарняўскі звярнуў асаблівую ўвагу, што галоўнай знаходкай стаў драўляны коўш з ручкай, памерам прыблізна з далонь дарослага чалавека.
«Мы дапускаем, што на ручцы ў яго стылізаваная галава качкі, такую выснову робім па аналогіі з іншымі знаходкамі. Гэта ўсё матэрыялы паўночнабеларускай культуры, другая палова III тысячагоддзя да нашай эры — пачатак II тысячагоддзя», — дадаў ён.
Пры гэтым Чарняўскі акцэнтаваў увагу, што ўзровень апрацоўкі драўлянага каўша вельмі высокі, таму што ў яго тонкія сценкі і глыбокая чаша, і каб ён быў новы — то нічым бы не адрозніваўся ад працы сучасных майстроў.
«Гэта ўсё зроблена пры дапамозе крэменю, таму што тады не было металічных інструментаў. На ім амаль не відаць слядоў апрацоўкі», — канстатаваў археолаг.
Цікава, што гэты коўш можна адрэстаўраваць, нягледзячы на тое, што ён падзяліўся на некалькі частак пасля здабывання з вады, але толькі пасля кансервацыі. Тут беларускім навукоўцам дапамагаюць калегі з Эрмітажа. Увесь працэс з захаваннем тэхналогіі можа расцягнуцца на тры гады.
Крамянёвы наканечнік стралы. Фота: Максім Чарняўскі
Гліняная сякерка
Раскопкі пад вадой патрабуюць спецыяльнай падрыхтоўкі. Неабходную вучобу прайшоў навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Сяргей Ліневіч. Менавіта яму пашчасціла сёлета здабыць драўляны коўш з-пад вады падчас даследаванняў, а таксама ўнікальную гліняную сякерку.
Гліняная сякерка. Фота: Максім Чарняўскі
«Цікава, што ў адтуліне ў сякерцы захаваліся фрагменты дрэва. Хутчэй за ўсё, нам удасца вызначыць, якое менавіта выкарыстоўвалася для стварэння дзяржальна», — выказаў здагадку археолаг.
Паводле яго слоў, падобныя знаходкі ўжо сустракаліся на тэрыторыі Еўропы — падобная сякерка была знойдзена і ў Беларусі на тэрыторыі Падняпроўя.
Ліневіч расказаў, што навукоўцы лічаць такія сякеркі альбо дзіцячымі цацкамі, альбо рытуальнай зброяй. Паводле яго слоў, цяпер у археолагаў ёсць першая ідэальна і цалкам захаваная сякерка з фрагментам ручкі.
Археолагі кажуць, што знайшлі самыя старажытныя могілкі каменнага веку ў Беларусі
На Менцы раскапалі ўжо тры рады гакавых драўляных канструкцый ФОТА
Сенсацыйная знаходка на Менцы — для чаго нашы продкі выкарыстоўвалі гэту фігуру 1000 гадоў таму?