Стала вядома, колькі людзей загінула на мяжы ў мігранцкім крызісе
Праваабаронцы чатырох краін прадставілі даклад пра тры гады мігранцкага крызісу. Па іх даных, дакладна вядома пра смерць як мінімум 125 чалавек.
13.08.2024 / 13:15
Крыніца: Straž graniczna
Даклад падрыхтавалі чатыры арганізацыі — беларуская ініцыятыва Human Constanta разам з польскім фондам Ocalenie, літоўскай групай Sienos Grupe і латвійскай ініцыятывай Gribu palīdzēt bēgļiem («Жадаю дапамагчы ўцекачам»).
Паводле іх даных, з лета 2021-га па сакавік 2024-га афіцыйна пацверджаныя смерці 116 чалавек, за час з красавіка 2024-га пацверджаныя яшчэ 9 смерцяў. Сведкі расказваюць яшчэ як мінімум пра 26 загінулых.
Больш за ўсё — 63 смерці — зафіксавана на тэрыторыі Беларусі, 39 смерцяў зафіксаваныя ў Польшчы. Таксама ёсць выпадкі гібелі мігрантаў у Літве, Латвіі і Германіі. Яшчэ ў адным выпадку краіна смерці невядомая, бо з мігрантам проста знікла сувязь — эксперты тлумачаць, што, верагодна, чалавек загінуў.
Праваабаронцы кажуць, што рэальная колькасць загінулых, хутчэй за ўсё, нашмат вышэйшая. Расказваюць пра выпадкі, калі целы загінулых не былі знойдзеныя — напрыклад, людзі патанулі ў рэках ці ў багне.
Вядомыя імёны толькі 31 загінулага мігранта — менш чым чвэрць з пацверджаных смерцяў. Сведкі расказваюць як мінімум пра чатыры пахаванні мігрантаў у лесе, таксама невядома, колькі мігрантаў пахаваныя на тэрыторыі Беларусі ў безыменных магілах.
Чаму гінуць мігранты? Адна з асноўных прычын — тое, што мігранты захрасаюць у памежнай зоне (польскія ці літоўскія памежнікі прымусова адсылаюць іх у Беларусь, адкуль яны прыйшлі, а беларускія — штурхаюць у бок ЕС і не даюць пакінуць прымежную зону). Сярод фактараў рызыкі называюць халоднае надвор'е, недахоп ежы і вады, фізічны напад з боку памежнікаў і траўмы, якія людзі атрымліваюць, калі спрабуюць пералезці праз высокі плот на мяжы. Некалькі чалавек загінулі ў аварыях, некаторыя памерлі ў бальніцах, бо падчас пераходу мяжы іх стан здароўя пагоршаў.
Аляксандр Вальфовіч: Мігранты ідуць — іх не спыніш
Ці спыніліся атакі мігрантаў на польскай мяжы пасля пагрозы закрыць яе і кітайскага папярэджання?
Улады Польшчы папросяць у саюзнікаў па НАТА падмацаванне для аховы мяжы з Беларуссю