Улады Польшчы папросяць у саюзнікаў па НАТА падмацаванне для аховы мяжы з Беларуссю
Польшча папросіць у саюзнікаў па НАТА адправіць сваіх паліцэйскіх для дапамогі ў ахове мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведаміла радыёстанцыя RMF24.
Паводле наяўнай інфармацыі, перш за ўсё Варшава чакае падтрымкі ад Грэцыі, Іспаніі і Італіі ў сувязі з тым, што менавіта гэтыя краіны маюць багаты вопыт барацьбы з нелегальнай міграцыяй.
Раней усе тры дзяржавы адмаўлялі Польшчы ў гэтым у сувязі з пазіцыяй папярэдняга польскага ўрада. Ён не аказваў своечасовую дапамогу гэтым краінам у ходзе наплыву мігрантаў з Афрыкі, тлумачыць RMF24.
Акрамя таго, польскія ўлады плануюць у найбліжэйшыя дні ўдвая павялічыць колькасць вайсковай жандармерыі на мяжы з Беларуссю. Па звестках радыёстанцыі, з 24 чэрвеня там нясуць службу каля 100 супрацоўнікаў вайсковай паліцыі.
Цяпер польска-беларускую мяжу ахоўваюць 6 тыс. вайскоўцаў, а таксама 1,5 тыс. памежнікаў і супрацоўнікаў паліцыі.
Каментары