Васкрасенскі запрасіў кіраўніка МЗС Польшчы прыехаць у наваполацкую калонію і забраць Пачобута
«Усе, хто сочаць за маёй палітычнай дзейнасцю, ведаюць, што я адказваю за кожнае слова».
14.08.2024 / 00:14
Беларускія прапагандысты працягваюць абмяркоўваць сітуацыю з палітзняволеным журналістам Анджэем Пачобутам. Юрый Васкрасенскі зрабіў гучную прапанову ў эфіры ў Рыгора Азаронка:
«Прапанова адкрытая. Міністр замежных спраў [Польшчы] Сікорскі можа сесці на машыну, прыехаць і забраць Пачобута. Я гатовы сустрэць Сікорскага на мяжы. Усе, хто сочаць за маёй палітычнай дзейнасцю, ведаюць, што я адказваю за кожнае слова. Разам заедзем у наваполацкую калонію, забярэм Пачобута — і паглядзім, як ён адкрые дадатковы пункт [пропуска на мяжы]. Ніякай перашкоды з нашага боку няма. Прыязджай — і забірай».
Анджэй Пачобут падчас судовага пасяджэння, на якім яму прысудзілі 8 гадоў зняволення. Фота: sb.by
Складана патлумачыць, якую ролю Васкрасенскі выконвае цяпер. У 2020-м яму, былому зборшчыку подпісаў за Віктара Бабарыку, Лукашэнка даручаў заняцца вызваленнем палітвязняў, але справа заглухла амаль адразу ж. На нейкі час яму далі статус «канструктыўнага апазіцыянера», але і з гэтага нічога не выйшла. Ролю нефармальнага перамоўшчыка з Захадам Васкрасенскі таксама не пацягнуў.
«Гэта не нязломнасць, гэта адэкватнасць». Сябры Анджэя Пачобута пра тое, чаму ён не здаецца
«Пачобут не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці вярнуцца» — польскія палітыкі
Васкрасенскі абзвоньвае родных палітзвязняў і агітуе, каб палітвязні пісалі прашэнні аб памілаванні