«Пачобут не хоча пакідаць Беларусь без магчымасці вярнуцца» — польскія палітыкі
Польшча робіць усе намаганні для вызвалення палітвязня Анджэя Пачобута, аднак улічвае яго ўласнае бачанне сітуацыі. Пра гэта ў эфіры TVN24 заявіла кіраўніца канцылярыі прэзідэнта Польшчы Малгажата Папроцка, піша Reform.news.
Нагадаем, пасля абмену зняволенымі паміж краінамі Захаду і Расеяй былы міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі выступіў з крытыкай праз тое, што ў абмен не быў уключаны Пачобут, адрасаваўшы папрокі прадстаўнікам польскіх уладаў.
Адказваючы на пытанні аб выказваннях Каміньскага, кіраўнік канцылярыі адзначыла, што прэзідэнт Анджэй Дуда прымае блізка да сэрца справу вызвалення Пачобута. Яна падкрэсліла, што не можа ўдавацца ў дэталі нядаўняга абмену.
«Хачу запэўніць, што ўсе намаганні ў гэтай справе прыкладаюцца. У той жа час трэба памятаць, што спадар Пачобут мае сваё меркаванне ў гэтай справе і перш за ўсё не хоча з'ехаць з Беларусі без магчымасці вярнуцца туды калі-небудзь», — сказала яна.
Яна запэўніла, што «ёсць адпаведныя каналы кантакту са спадаром Пачобутам», у адказ на ўдакладняючае пытанне, ці ёсць у польскага боку сувязь з сям'ёй палітвязня і ўпэўненасць, што яго пазіцыя не змянілася. Папроцка адзначыла, што справа Пачобута доўжыцца не адзін год і ўсе ўрады Польшчы рабілі адпаведныя намаганні. Разам з тым, яна спадзяецца на поспех.
«Я разлічваю, што гэта справа ў нядоўгім часе будзе мець добры фінал», — сказала яна.
«Ёсць пытанне супрацоўніцтва з саюзнікамі. Былі пэўныя просьбы, адрасаваныя Польшчы, а пра тое, якія былі дакладныя ўмовы, якой была пазіцыя Польшчы ў перамовах з хаўруснікамі, тут мяне абавязвае дзяржаўная таямніца», — дадала яна, каментуючы крытыку Каміньскага.
Каментары