Стаў вядомы прысуд за данаты менеджару фармацэўтычных кампаніяў Сяргею Шэлегу. Ён уражвае

Яму далі болей, чым многім даюць за забойства.

15.08.2024 / 07:27

Сяргей Шэлег. Фота з базы «Кіберпартызанаў»

Праваабаронцы звярнулі нашу ўвагу на тое, што стаў вядомы вынік суда над менеджарам фармацэўтычных кампаніяў 63-гадовым Сяргеем Шэлегам.

Прысуд — восем з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. Максімальны тэрмін, які яму маглі даць за «фінансаванне тэрарызму» разам з «фінансаваннем экстрэмізму» — дваццаць гадоў калоніі.

За забойства ў Беларусі мінімальны тэрмін — шэсць гадоў калоніі. А калі вы п'яны здзейсніце смяротнае ДТЗ, у якім загіне чалавек, то максімальны прысуд — сем гадоў калоніі.

Сяргей Шэлег атрымаў адзін з найбольшых тэрмінаў за данаты ў Беларусі. Больш за яго атрымаў толькі мінчук Мікалай Васілевіч — 9,5 года калоніі.

Падрабязнасці справы невядомыя, але з прыкладаў вядома, што такія тэрміны даюць за данаты на Узброеныя сілы Украіны або Полк Каліноўскага.

Сяргею Шэлегу 63 гады, і знайсці яго атрымалася ў раскладах судоў дзякуючы праекту DIT.

Шэлег нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Беларусі.

Пасля ўніверсітэта працаваў даследчыкам у Інстытуце гематалогіі ў Мінску, у 1995-м перайшоў у французскую фармакалагічную фірму Rhone-Poulenc Rorer на пасаду менеджара па продажах.

З 2002 па 2005 ён быў дырэктарам па медыцынскай частцы кампаніі Глобалфарма. Пасля перайшоў у кампанію Sanofi-Aventis (цяпер — проста Sanofi) на пасаду дырэктара. На 2022 год мужчына быў кіраўніком кірунку джэнзайм — ён спецыялізуецца на рэдкіх хваробах крыві, анкалогіях, рассеяным склерозе і імуналогіі.

У 2023 годзе Сяргей перайшоў у «Навамедыку». Гэта буйная кампанія, якая займаецца оптавым гандлем фармацэўтычнымі вырабамі, а таксама мае ўласную клініку ў Мінску.

У Сяргея ёсць 10-гадовы сын.

Сяргей захапляецца падарожжамі і аб'ездзіў шмат краін свету.

Суд над ім адбыўся 22 сакавіка 2024 года. Яго абвінавачвалі па трох артыкулах КК — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК), «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-2, страціў сілу ў маі 2021) і «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290-1 КК). Па суме пакаранняў яму маглі прысудзіць да 20 гадоў турмы, прычым мінімальны прысуд — сем гадоў турмы.

Судзіла яго суддзя Настасся Папко. Яна больш за 10 гадоў выносіць палітычныя прысуды, але асабліва актыўна — з 2020 года.

Папко прысудзіла 5 гадоў блогеру Мікалаю Дзядку, 4 гады шматдзетнай маці Вользе Залатар і ад 8 да 15 гадоў шасці фігурантам справы «Буслы ляцяць». Агулам яна асудзіла больш за 30 чалавек на больш чым сотню гадоў калоніі.

Настасся Папко. Фота: «Дзікае паляванне»

5 ліпеня 2024 года адбылася апеляцыя па справе, і прысуд уступіў у сілу.

63-гадоваму менеджару буйных фармацэўтычных кампаній прысудзілі велізарны тэрмін за данаты

Айцішніка з-пад Ліды судзяць за «здраду дзяржаве». Ён доўгі час жыў у Германіі, але вярнуўся ў Беларусь

Каго садзяць за данаты, а каму дазваляюць адкупіцца. Вось якая логіка

Nashaniva.com