63-гадоваму менеджару буйных фармацэўтычных кампаній прысудзілі велізарны тэрмін за данаты
Сяргею Шэлегу магло пагражаць да 20 гадоў калоніі.
Сяргею Шэлегу 63 гады, і знайсці яго атрымалася ў раскладах судоў дзякуючы праекту DIT.
Шэлег нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у Беларусі.
Пасля ўніверсітэта працаваў даследчыкам у Інстытуце гематалогіі ў Мінску, у 1995-м перайшоў у французскую фармакалагічную фірму Rhone-Poulenc Rorer на пасаду менеджара па продажах.
З 2002 па 2005 ён быў дырэктарам па медыцынскай частцы кампаніі Глобалфарма. Пасля перайшоў у кампанію Sanofi-Aventis (цяпер — проста Sanofi) на пасаду дырэктара. На 2022 год мужчына быў кіраўніком кірунку джэнзайм — ён спецыялізуецца на рэдкіх хваробах крыві, анкалогіях, рассеяным склерозе і імуналогіі.
У 2023 годзе Сяргей перайшоў у «Навамедыку». Гэта буйная кампанія, якая займаецца оптавым гандлем фармацэўтычнымі вырабамі, а таксама мае ўласную клініку ў Мінску.
У Сяргея ёсць 10-гадовы сын. З жонкай яны ў разводзе. Сяргей захапляецца падарожжамі і аб'ездзіў шмат краін свету.
Суд над ім адбыўся 22 сакавіка 2024 года. Яго абвінавачвалі па трох артыкулах КК — «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК), «фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» (арт. 361-2, страціў сілу ў маі 2021) і «фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці» (ч. 2 арт. 290-1 КК). Па суме пакаранняў яму маглі прысудзіць да 20 гадоў турмы, прычым мінімальны прысуд — сем гадоў турмы.
Судзіла яго суддзя Настасся Папко. Яна больш за 10 гадоў выносіць палітычныя прысуды, але асабліва актыўна — з 2020 года.
Папко прысудзіла 5 гадоў блогеру Мікалаю Дзядку, 4 гады шматдзетнай маці Вользе Залатар і ад 8 да 15 гадоў шасці фігурантам справы «Буслы ляцяць». Агулам яна асудзіла больш за 30 чалавек на больш чым сотню гадоў калоніі.
5 ліпеня 2024 года адбылася апеляцыя па справе, і прысуд уступіў у сілу.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары