Ураган зламаў унікальнае дрэва ў Жамыслаўскім парку. Што цяпер з ім будзе?

Ліпеньскія катаклізмы нанеслі вялікую шкоду прыродным помнікам, якая дагэтуль не падлічана. Сярод аб'ектаў, якія моцна пацярпелі, аказаўся і парк пры адной з самых пазнавальных сядзіб Беларусі.

17.08.2024 / 15:14

Днямі стала вядома, што ў выніку ўраганных вятроў быў зламаны 130-гадовы ясень на тэрыторыі сядзібы Умястоўскіх у вёсцы Жамыслаўль Іўеўскага раёна. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Спадчына». 

Гэтае дрэва было ўнікальнае тым, што яно найрэдкая для Беларусі форма ясеня пенсільванскага аўкубалістага (Fraxinus pennsylvanica 'Aucubaefolia') з жоўта-плямістым лісцем, якое падобнае да лісця пярэстай аўкубы японскай, папулярнай хатняй расліны.

Зламаны 130-гадовы ясень у Жамыслаўскім парку. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Ахоўны аншлаг каля ясеню. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Яшчэ ў 1972 годзе яго ўзялі пад ахову як батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Сядзіба сфарміравалася на левай высокай тэрасе ракі Гаўі ў XIX стагоддзі. У яе будаўніцтве назіралася вяртанне да формаў класіцызму. Парк быў пабудаваны па праекце французскага садоўнікі Ямайса, які ў фарміраванні параднай часткі аддаў перавагу парадна-восеваму вырашэнню. Цэнтрам кампазіцыі з'яўляецца двухпавярховы мураваны палац з бельведэрам, пабудаваны ў 1870-1880-я гады па падабенстве з каралеўскім палацам у Лазенках. 

Ясень пенсільванскі аўкубалісты «Жамыслаўскі» да ўрагану. Фота: Мінпрыроды

Унікальны ясень быў часткай жывапіснага афармлення параднай часткі парку, якая адкрывалася перад палацам, і, мяркуючы па ягоным узросце, быў адным з тых першых дрэваў, высаджаных яшчэ французам Ямайсам.

Апошні ўладальнік Уладзіслаў Умястоўскі аддаў сядзібу пад навуковую базу з прыродазнаўчай і сельскагаспадарчай спецыялізацыяй Віленскага ўніверсітэта. У часы Першай сусветнай вайны тут быў нямецкі ваенны санаторый, пасля Другой сусветнай — упраўленне калгасу, пошта, клуб, бібліятэка. Будынак пуставаў з 2006 года.

Напаўзруйнаваны палац Умястоўскіх у Жамыслаўлі. Фота: Citydog.by

У 2012 годзе палац гарэў, агонь знішчыў частку даху. У 2015 годзе комплекс купіў бізнэсовец з Іарданіі, але знік, нічога не зрабіўшы. У 2017 сядзібу купіў беларускі бізнэсовец Міхаіл Глінскі, які паходзіць з месцаў непадалёк ад Жамыслаўля. Ён пачаў працы ў будынку, расчысціў парк побач з палацам. Але далей пакуль справы па аднаўленні сядзібы не зрушыліся.

Пасля таго, як дрэва было зламанае, было праведзена абследаванне стану батанічнага помніка прыроды, якое паказала, што прыродны аб'ект страчаны. 

Ствол паражоны стрыжнёвай гніллю. Фота: Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі

У выніку ўраганнага ветру была адламаная бакавая галіна з часткай драўніны асноўнага ствала, а ў месцы разлому, па ўсёй даўжыні ствала дрэва паражонае стрыжнёвай гніллю. Па выніках абследавання камісія вырашыла зняць ахоўны статус з дрэва, паведамляе Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі.

Знішчэнне ўраганам унікальнага дрэва выглядае выпадковасцю, але яшчэ ў 2019 годзе новы ўласнік казаў журналістам СБ, што дрэва патрабуе лячэння, але гэтага не даюць зрабіць: 

«Ён ахоўваецца дзяржавай. Паглядзіце, у якім ён стане. Дрэва гіне. Але лячыць яго не дазваляе ахова прыроды», — шкадаваў Міхаіл Глінскі.

Ясень — любімае дрэва Сцяпана Латыпава

Ураган паваліў векавыя ліпы на сядзібе Храптовічаў у Шчорсах

Страцілі каштоўнасць. У Верхнядзвінскім раёне знялі ахову з помнікаў прыроды

Сіні Калодзеж, Чортаў Камень і Беларускі Стоўхэндж. Пяць прыродных помнікаў краіны, пра якія вы магчыма ніколі не чулі

Nashaniva.com