Сіні Калодзеж, Чортаў Камень і Беларускі Стоўхэндж. Пяць прыродных помнікаў краіны, пра якія вы магчыма ніколі не чулі
Размова пра адметныя, але не дужа вядомыя прыродныя помнікі краіны. Прапануем наведаць самы вялікі валун Беларусі, самую буйную крыніцу, патрапіць у карставую пячору, пашпацыраваць па озавай градзе і нават пабачыць беларускі «Стоўнхэндж», піша «Будзьма».
Слабодская озавая града
Найперш рушым на Браслаўшчыну, да двух маляўнічых азёраў Поцех і Недрава. Азёры адно ад аднога адмяжоўвае Слабодская озавая града, маляўніча парослая ядлоўцам, якая ўзнікла 16 тысяч гадоў таму, калі тут раставаў ледавік.
Озы — адмысловая форма рэльефа, якая ўяўляе з сябе доўгія, вузкія, вышынёй да некалькіх дзясяткаў метраў грады водна-ледавіковага паходжання. Слабодскую озавую граду месцічы яшчэ называюць «Гарой мілосці», бо ў 30-я гады мінулага стагоддзя тут месціўся гарнізон польскага памежнага войска і на адным з самых высокіх месцаў озавай грады, сярод маляўнічых краявідаў, вайскоўцы сустракаліся з мясцовымі дзяўчатамі.
Зараз па градзе пракладзена экалагічная сцежка працягласцю чатыры з паловай кіламетры. На шляху ўсталяваныя шматлікія шыльды з цікавай інфармацыяй пра паходжанне, гісторыю прыроднага помніка ды мясцовыя флору і фаўну. А напрыканцы ўсіх аматараў прыроды чакае невялікая зона адпачынку на беразе возера Поцех. Раім у сезон выходзіць на шпацыр як мага раней, каб апынуцца там першымі.
Сахнавіцкая карставая пячора
Далей скіруемся ў напрамку вёскі Сахнавічы Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці. Тут на беразе возера Гінькава — трэцяга па глыбіні возера Беларусі, ажно 43 метры, знаходзіцца ўнікальны для нашай раўніннай мясцовасці прыродны аб’ект — пячора. Пра гэтую пячору і пра суседнюю большую, якая была засыпана апоўзнем, існуе процьма легендаў. Адна з іх апавядае пра тое, што тут былі схаваныя шляхецкія багацці пасля падзелу Рэчы Паспалітай, іншая — пра тое, што тут захоўваўся чарговы скарб Напалеона. Распавядаюць нават пра схрон вайсковага рыштунку часоў Першай і Другой сусветных войнаў.
Шукаць пячору трэба непасрэдна на беразе, у трыццаці метрах ад возера. Яна вымыта ў пяшчаніку, пласты якога, найбольш верагодна, узніклі тут прыкладна 25 тысяч гадоў таму, за кошт раставання апошняга на сучаснай тэрыторыі Беларусі ледавіка і ўтварэння трывала сцэментаваных кангламератаў. Побач з пячорай сустракаецца даволі шмат месцаў, дзе пяшчанік выходзіць на паверхню.
Унутр можна патрапіць толькі праз адзін з 3-х уваходаў, і спадручней будзе ў гарызантальным стане. У пячоры маецца адна «заля», вышынёй трохі больш за метр, шырынёй каля двух. Агульная даўжыня прыроднага помніка — каля дзесяці метраў. На сценах пячоры можна пабачыць эразійныя ўтварэнні.
Сіні Калодзеж — самая вялікая крыніца Беларусі
Далей рушым да адной з пяці крыніцаў, унесеных у спіс прыродных помнікаў рэспубліканскага значэння і да самай вялікай па плошчы крыніцы Беларусі. Знаходзіцца яна ля адселенай пасля Чарнобыльскай аварыі вёскі Кліны ў Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці. Тут кожную секунду з нетраў зямлі ўздымаецца на паверхню каля 60 літраў вады, таму гэтую крыніцу можна лічыць і самай вялікай ва Усходняй Еўропе. Спрадвеку крыніца мела назву Сіні Калодзеж, але не так даўно ўнікальны помнік прыроды перайменаваны ў Блакітную крыніцу.
Іншая аўтэнтычная назва вадаёма — Сіні Ключ, бо, паводле ўспамінаў месцічаў, былі часы, калі слуп крынічнай вады ўздымаўся тут вышэй за рост чалавека. Паводле назвы, можна меркаваць, што крыніца была сакральным месцам. Зараз жа крыніца больш нагадвае невялічкае возера характэрнага блакітна-смарагдавага з-за крэйдавых адкладанняў колеру, дзе збіраецца вада з падземных ключоў.
Скопішча валуноў Янава — беларускі «Стоўнхэндж»
У ваколіцах вёскі Бікульнічы Полацкага раёна Віцебскай вобласці на беразе Янаўскага возера знаходзіцца цікавы помнік — скопішча валуноў «Янава», які, меркавана, узнік тут 4-5 тыс. гадоў таму. Помнік уяўляе з сябе 3 групы гранітных і гнейсавых камянёў ружовага і чырвонага колераў, выкладзеных у форме літары «П», якая сваім адкрытым бокам скіраваная ў бок узгорка пад назвай Валатоўка. На ўзгорку, у баку ад асноўнага скопішча камянёў, за метраў дзвесце ад вады месціцца асобны камень, на якім можна разгледзець стрэлку ў кірунку той жа Валатоўкі.
Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што гэтае скопішча валуноў некалі выконвала ролю капішча, іншыя прытрымліваюцца меркавання, што гэта старажытная абсерваторыя, створаная з мэтай вызначэння даты святкавання летняга сонцастаяння ці Купалля. Апошнія даследаванні сведчаць усё ж пра тое, што ў перыяд летняга сонцастаяння сонца не сядае за Валатоўкай. Эмпірычна было вызначана, што комплекс валуноў можа паказваць на ўзыход сонца над гарой Гарадзец у дні апошняй дэкады траўня, што можа быць звязана не проста з вызначэннем даты дня летняга сонцастаяння, але і з пачаткам больш шырокага летняга святочнага перыяду, які ў народным календары прадстаўлены Сёмухай і Купаллем.
«Чортаў камень» — самы вялікі валун краіны
Самы вялікі валун Беларусі знаходзіцца ў Шумілінскім раёне Віцебскай воласці. Месціцца ён за 400 метраў на паўночны захад ад вёскі Горкі. Рэспубліканскім геалагічным помнікам прыроды гэты валун быў абвешчаны ў 1963 годзе. Прынесены на сваё сучаснае месца Вялікі ці Чортаў камень у час апошняга абледзянення 18 тысяч гадоў таму. Адмыслоўцы сцвярджаюць, што месцам утварэння валуна з’яўляецца ўзбярэжжа Фінскага заліва і Ладажскага возера.
Даўжыня помніка 11 метраў, шырыня 5,6 метра, бачная вышыня 2,8 метра. Шурф глыбінёй 3 метры, закладзены даследчыкамі, не дасягнуў падэшвы каменя. Паводле матэрыялаў Інстытута геалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дакладная вага валуна 292 тоны.
Пад уздзеяннем прыродных з’яваў Чортаў камень паступова разбураецца. Як сведчанне можна пабачыць шмат шчылінаў на ягонай паверхні. Яшчэ негатыўна паўплывала на стан прыроднага помніка тое, што ў 1970-я гады, калі пачалася меліярацыя, камень хацелі перамясціць і выбухоўкай раскалолі яго на часткі. Толькі дзякуючы ўмяшальніцтву навукоўцаў валун застаўся на сваім месцы.
Вядома, такі старажытны валун не застаўся без цікавых легендаў, карані якіх палягаюць у глыбіні стагоддзяў. Месцічы могуць распавесці, што чулі ад сваіх прабабуляў ды прадзядуляў, як Чортаў камень блытаў шляхі падарожнікаў, якія спрабавалі прайсці побач з ім кароткай сцежкай у вёску Данілава. Яшчэ пагаворваюць, што валун можа перамясціць чалавека ў іншыя вымярэнне ды часавую прастору ў далёкую мінуўшчыну. Так яно ці не, дакладна невядома, але кожны, хто збярэцца ў вандроўку да самага вялікага валуна Беларусі, мае шанец праверыць асабіста.
Каментары