У Чыкага адкрываецца перадвыбарчы з'езд Дэмакратычнай партыі

На ім віцэ-прэзідэнт Камала Харыс афіцыйна прыме намінацыю кандыдатам у прэзідэнты. А таксама фактычна прэзентуе свайго мужа, які можа стаць першым у гісторыі «першым джэнтльменам ЗША».

19.08.2024 / 15:32

Камала Харыс цалуе свайго мужа Дуга Эмхафа, які носіць тытул другога джэнтльмена ЗША. Фота: Alex Brandon / AP

У Чыкага адкрываецца перадвыбарчы з'езд Дэмакратычнай партыі, на якім віцэ-прэзідэнт Камала Харыс афіцыйна прыме намінацыю кандыдатам у прэзідэнты — праз месяц пасля таго, як прэзідэнт Джо Байдэн, які выступіў катастрафічна на дэбатах з Дональдам Трампам, абвясціў пра выхад з гонкі, піша Радыё Свабода.

Уваход Харыс у кампанію імкліва аб'яднаў партыю і выклікаў велізарны прыліў энтузіязму — замест кандыдата, якога пераважная большасць выбаршчыкаў лічылі занадта старым для новага тэрміну, дэмакраты ідуць на выбары з вельмі маладым у параўнанні з Трампам палітыкам (яна маладзейшая за Трампа на 18 гадоў), якая можа стаць першай жанчынай-прэзідэнтам ЗША, да таго ж афраамерыканскага і азіяцка-амерыканскага паходжання.

Фармальна, дэлегаты партыі ўжо прагаласавалі за Харыс віртуальна ў пачатку жніўня, так што мэта з'езду — прадставіць яе краіне як кандыдата ад дэмакратаў.

Байдэн у якасці кандыдата павінен быў бы выступаць на закрыцці з'езду ў чацвер, але цяпер яго прамову перанеслі на першы, найменш прыкметны дзень (магчыма, каб дыстанцаваць Харыс ад непапулярнага прэзідэнта). Зрэшты, дэлегатаў на ўваходзе сустракае цытата з прамовы Байдэна аб выхадзе з гонкі «Гісторыя ў вашых руках».

У панядзелак таксама выступіць былая дзяржсакратарка і кандыдат у прэзідэнты Хілары Клінтан.

У аўторак — выступ Абамы, і не толькі былога прэзідэнта, але, па паведамленнях СМІ, і яго жонкі Мішэль — адной з самых папулярных фігур у амерыканскай палітыцы (якой яна заўсёды цуралася, што не перашкаджала многім марыць пра яе як прэзідэніа).

Таксама выступіць «другі джэнтльмен» ЗША, муж Харыс Дуг Эмхаф.

У сераду на з'ездзе выступяць былы прэзідэнт Біл Клінтан і экс-спікер Нэнсі Пэлосі, якія аднымі з першых падтрымалі кандыдатуру Харыс (Абамы заявілі аб падтрымцы толькі праз некалькі дзён). І ў сераду прыме намінацыю ў якасці кандыдата ў віцэ-прэзідэнты Цім Уолз, з'яўленне якога ў вялікай палітыцы выклікала вялікі энтузіязм у дэмакратаў.

У чацвер намінацыю прыме сама Харыс.

За чатыры тыдні яна змяніла кампанію, рэзка падняўшыся ў апытаннях і прыцягваючы, у прыватнасці, моладзь і нябелых выбаршчыкаў. Яе тон, энергічны і радасны, кантрастуе з адчуваннем ад кампаніі Байдэна, які будаваў яе на страху перад вяртаннем Трампа.

З'езду дэмакратаў з Харыс і Уолзам прадказваюць шчаслівую атмасферу, успамінаючы танцы пад «Макарэну» на Канвенцыі ў Чыкага ў 1996 годзе перад перавыбраннем Біла Клінтана.

Аднак, магчыма, дэмакратам прыйдзецца ўспомніць іх з'езд у Чыкага ў 1968 годзе.

Тады, на хвалі масавых пратэстаў супраць вайны ў В'етнаме, прэзідэнт Ліндан Джонсан адмовіўся ісці на перавыбранне, і «адкрыты» з'езд, на якім адзін аднаму супрацьстаялі розныя фракцыі партыі, праходзіў у абстаноўцы антываенных маніфестацый і беспарадкаў у горадзе. Віцэ-прэзідэнт Хамфры, які атрымаў намінацыю, прайграў выбары Ніксану.

Зараз у Чыкага плануюць пратэсты прапалесціскія групы, якія незадаволеныя падтрымкай Ізраіля адміністрацыяй Байдэна і палічылі, што Харыс працягне гэтую лінію. Сярод амаль 5 тысяч дэлегатаў з'езду ёсць некалькі дзясяткаў, абраных на праймерыз «ні за каго» — як частка прапалесцінскіх пратэстаў.

Харыс перамагае. За яе ў сярэднім 48%, за Трампа — 46%

Трамп і Харыс правядуць дэбаты на тэлеканале ABC

Байдэн расказаў, якая для яго цяпер найважнейшая задача

Кандыдат у віцэ-прэзідэнты ЗША жорстка раскрытыкаваў Трампа

Камала Харыс вызначылася са сваёй кандыдатурай на віцэ-прэзідэнта ЗША

Nashaniva.com